Марцін Крыж: Пра падводныя камяні, памылкі і перспектывы рэформы адукацыі
Марцін Крыж (Martin Kríž) – славацкі эксперт у рэформе адукацыі. З 1995 года працаваў як настаўнік, змяніў 5 школ: дзве базавыя, дзве гімназіі, адну спецыяльную прафесійную школу. Чатыры гады працаваў у Нацыянальным педагагічным інстытуце, які распрацоўвае рэформы і законы. З 2005 г. супрацоўнічае са школамі як дарадца, вядзе праграмы, трэнінгі. Сфера інтарэсаў: змест адукацыі, грамадзянскае выхаванне.
фота ucimeprezivot.sk
Асноўныя моманты, якія паказваюць, што посткамуністычная рэформа завершаная, гэта:
- плюралізм школ;
- аўтаномія школ і настаўнікаў у выбары зместу і методык;
- арыентацыя на каштоўнасны складнік адукацыі.
Але ў славакаў няма ўпэўненасці, што гэты працэс закончаны.
Плюралізм: магчымасць існавання прыватных і царкоўных школ нароўні з дзяржаўнымі
Плюралізм і выбар школ існуе. Грошы з бюджэту ў Славаччыны ідуць за кожным вучнем. Таму з фінансавага гледзішча адкрыць прыватную школу стала не так складана, але недзяржаўных школ не ўзнікла адразу шмат. Працэс заняў 3 гады. На гэтую тэму не было грамадскай дыскусіі: яны ўзніклі, і людзі прызвычаіліся, што яны ёсць. Прыватныя і царкоўныя школы павінны прытрымлівацца дзяржаўнага зместу адукацыі, яны могуць мяняць толькі методыкі.
Аўтаномія школ і свабода настаўнікаў
Паводле закону, славацкая дзяржава толькі задае арыенцір, чаму вучыць – рамкавую праграму, а кожная школа можа стварыць праграму самастойна. Але насамрэч гэтыя праграмы існуюць толькі на паперы.
Вялікая праблема ў неэфектыўнай сістэме павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. У кожныя 7 год славацкі настаўнік павінен прайсці перакваліфікацыю і набраць пэўную колькасць “крэдытаў” (кваліфікацыйных балаў). І хаця існуе каля 170 акрэдытаваных (прызнаных дзяржаваю) праграм і курсаў, манаполію на навучанне настаўнікаў трымае адна ўстанова – Метадычна-педагагічны цэнтр, які фінансуецца дзяржавай і прысвойвае кваліфікацыйныя катэгорыі. Настаўнік не можа з выдзеленых дзяржаваю сродкаў аплаціць сваё навучанне, калі захоча атрымаць “крэдыт” у іншым месцы – напрыклад, у педагагічным універсітэце ці грамадскай адукацыйнай арганізацыі. Толькі за свае грошы. У няроўных умовах няма канкурэнцыі. Метадычна-педагагічны цэнтр як манапаліст не мае матываў рабіць якасныя метадычныя распрацоўкі.
Выснова – недастаткова даць свабоду. Трэба стварыць канкурэнтную атмасферу, якая прымушае адукацыю развівацца.
Славакі вырашылі, што школа можа сама выбіраць сабе профіль. Аўтаномія школ у выбары кірункаў навучання вырашае шмат праблемаў, але ёсць і мінусы: вучні атрымліваюць атэстаты, аднолькавыя адзнакі ў якіх не адпавядаюць аднолькавым ведам. Але з гэтым можна справіцца.
Другая праблема – у якім-небудзь мястэчку бывае ўсяго адна школа, і дзеці не маюць выбару профілю. Калі ж вучань мяняе школу, то не заўсёды зможа знайсці іншую з падобнымі праграмай і кірункам. Вырашэнне гэтай праблемы патрабуе фінансаў. Новая школа зможа падцягнуць вучня, калі будзе мець грошы. Дэмакратыя патрабуе фінансавай падтрымкі.
Сёння існуюць школы, якія прытрымліваюцца розных педагагічных канцэпцый, у настаўніка з’явілася свабода ў выбары зместу і методык – гэта пазітыўныя змены. Аднак без належнай падтрымкі, без наладжанага супрацоўніцтва ў школах і паміж імі шмат настаўнікаў сутыкаюцца з прафесійным выгараннем, яны не заўважаюць пазітыўных зменаў. Часта такія дэматываваныя настаўнікі чакаюць толькі пенсіі, нікому не кажуць пра свае праблемы, пра іхны стан могуць ведаць толькі бацькі дзяцей ці вельмі блізкія людзі. Ахвотныя актыўныя настаўнікі ёсць, але калі іх не падтрымаць, то яны далучацца да тых, якія згарэлі, стаміліся псіхалагічна. Інспекцыя, якая кантралюе школы, можа знайсці памылку ў паперах. Яе не цікавіць, што гэты настаўнік можа добра вучыць. Гэта вельмі дэматывуе.
Што робім, каб настаўнік не выгараў псіхалагічна? Рыхтуем праграмы, якія не толькі навучаюць настаўнікаў, але і падтрымліваюць іх. Бывае дастаткова арганізаваць форум для настаўнікаў, дзе школы могуць падзяліцца досведам, абмяняцца матэрыяламі.
Арыентацыя на каштоўнасны складнік адукацыі: якіх людзей мы выхоўваем
Самы галоўны вынік адукацыі – людзі, якіх мы выхоўваем. Якія каштоўнасці падзяляюць, якія маюць якасці выпускнікі? Ці яны ўмеюць толькі выконваць інструкцыі настаўніка – ці крытычна мысляць, асэнсоўваюць, прымаюць усвядомленыя рашэнні? Ці ўспрымаюць яны свабоду і ці нясуць за яе адказнасць? Тут Славаччына знаходзіцца толькі ў самым пачатку сапраўдных рэформаў.
Рэформа будзе паспяховай, калі настаўнікі ўсвядомяць мэты адукацыі. Каля 15 год цягнуцца дыскусіі, што змяніць, каб выпускнікі школаў былі не толькі адукаванымі, але і паспяховымі ў сучасным свеце, што немагчыма без актыўнай каштоўнаснай пазіцыі.
Эксперты прыйшлі да трох асноўных думак, як палепшыць адукацыю: трэба менш даваць завучваць на памяць, трэба даць школам свабоду ў выбары канцэпцый і профіляў навучання, трэба ўводзіць у школы інфармацыйныя тэхналогіі.
Але калі меней вучыць на памяць, то чаго трэба болей?
Першы кірунак – гуманістычны: навучанне праз гульню, забавы, экскурсіі, камунікацыю. Такі падыход настаўнікі найбольш выкарыстоўваюць, але і найбольш крытыкуюць. Не ўсе настаўнікі ўмеюць з гэтымі метадамі працаваць, каб адначасова даць дастаткова кагнітыўных ведаў.
Другі кірунак – акадэмічны: менш матэрыялу, але большы акцэнт на развіццё крытычнага мыслення, выкананне творчых заданняў, даследаванняў, праектаў.
Трэці – развіццё практычных уменняў. Але тут таксама ўзнікаюць дыскусіі: чалавек можа лягчэй сябе рэалізаваць у працы, але ці будзе яму хапаць культурнага развіцця?
Да канца так і не вызначана: калі адысці ад схаластычнага навучання, то чым яго замяніць?
На ўвядзенне ў школы інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання ў Славаччыне былі затрачаны вялікія грошы, але настаўнікі выкарыстоўваюць толькі 80% магчымасцяў тэхнікі. Вучні ведаюць ІКТ лепш, чым настаўнікі.
У гэты момант не існуе адзінага меркавання пра перавагу таго ці іншага кірунку.
* * *
Сёння патрэба не ў новых папяровых законах, а ў тым, каб запрацавалі тыя, якія ўжо фармальна дзейнічаюць. Рэформа ідзе нялёгка. Апошнія тры гады вядуцца размовы, што трэба вярнуць усё назад. Але настаўнікі і дзеці ўжо прызвычаіліся да большай свабоды і не пагодзяцца працаваць па-старому.
Зрэшты, у 2016 годзе да ўлады можа прыйсці новая партыя і ўсё памяняецца.
Што я параіў бы беларускім настаўнікам
Немагчыма параўнаць, наколькі свабодны настаўнік у Славаччыны і ў Беларусі. Славацкіх настаўнікаў не прымушаюць фальсіфікаваць выбары або рабіць рамонт школы.
Напэўна, і ў Беларусі, і ў Славаччыне патрэбная большая свабода для настаўнікаў, школ, прызнанне дзяржаваю статусу і ролі грамадскіх арганізацый. Самае галоўнае – атмасфера супрацоўніцтва, а не стварэнне ворагаў. Каб усе, хто маюць поспехі, не хавалі іх, а дзяліліся, каб не баяліся адкрыта прызнаваць праблемы. Толькі тады рэформа будзе ісці паспяхова.
Nastaunik.info, Браціслава
Гл. таксама:
1. Зузана Зімэнава: Рэформа – перадусім дэцэнтралізацыя
3. Грамадскія арганізацыі: Калі не можам змяніць міністэрства адукацыі, будзем яго выхоўваць
4. Рэформа адукацыі ў Славаччыне: высновы для Беларусі