Як рабілі рэформу адукацыі ў Славаччыне. Частка 3

Лукаш Заяц: Грамадскія арганізацыі хочуць супрацоўнічаць з міністэрствам адукацыі, але не падпарадкоўвацца яму
 
Лукаш Заяц (Lukáš Zajac) – каардынатар праграмы “Навучанне ў глабальным кантэксце” (“World-Class Teaching”), працуе ў няўрадавай арганізацыі “Чалавек у небяспецы” (“Človek v ohrození”).

Dobrovoľník Lukáš Zajac na Islande

Фота youthmediateam.blog.sme.sk

Галоўнае ў адукацыі – каштоўнасці

Можна назваць асноўныя прычыны, чаму рэформа адукацыі ў Славаччыне ідзе не так хутка, як хацелася б. Па-першае, міністэрства адукацыі не здольнае на змены; па-другое, настаўнікі – пасіўная сацыяльная група; па-трэцяе, грамадства не ўсведамляе, наколькі важная адукацыя для перспектыў краіны; па-чацвертае, няўрадавыя арганізацыі маюць няшмат магчымасцяў нешта змяніць.

Чыноўнікі глядзяць не на якасць рэформы, не на якасць ведаў і не на каштоўнасці, якія выхоўвае школа, а толькі на колькасныя паказчыкі: колькі гадзін вызначаецца на выкладанне таго ці іншага прадмета. Іх не цікавіць, чаму выпускнік можа пяць разоў памяняць працу, але на кожнай пасадзе займацца карупцыяй.

Грамадскія арганізацыі спрабуюць дапамагаць настаўнікам метадычна. Арганізацыя “Чалавек у небяспецы” выдала 25 метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. Няўрадавыя структуры не могуць уплываць на змест, але ў межах школьнай праграмы даюць настаўніку інструменты для выхавання. Прыкладам, у тэме вывучэння гісторыі Алімпійскіх гульняў распрацавалі гатовы сцэнар заняткаў, дзе настаўнік можа правесці дыскусію, паказаць вучням, як спорт выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах.

Грамадскія арганізацыі зацікаўлены супрацоўнічаць з міністэрствам адукацыі, аднак імкнуцца не залежаць ад дзяржавы, каб не згубіць каштоўнасны грунт. Яны адмыслова не атрымліваюць акрэдытацыю для сваіх праграм, не даюць “крэдытаў” (кваліфікацыйных балаў) настаўнікам, ладзяць трэнінгі і семінары пераважна ў суботу-нядзелю. Гэта спосаб, каб да іх прыходзілі толькі матываваныя настаўнікі, а не тыя, якім трэба фармальная паперка аб павышэнні кваліфікацыі.

Аднак часам міністэрства само звяртаецца да няўрадавых арганізацый па дапамогу. Прыкладам, калі Славаччына ўступіла ў Еўразвяз, ёй трэба было распрацаваць Нацыянальную стратэгію для глабальнай адукацыі. Прынятая стратэгія – плён цалкам недзяржаўнай працы грамадскіх арганізацый Človek v ohrození і PONTIS.

Пэтэр Драль: Калі не можам змяніць міністэрства адукацыі, будзем яго выхоўваць!

Пэтэр Драль (Peter Dráľ), эксперт у грамадзянскай адукацыі, працуе ў Фондзе Мілана Шымэчкі.

 

Фота nadaciamilanasimecku.sk

Канцэпцыя малых справаў або рэформа знізу

У Ральфа Дарэндорфа ёсць выраз: палітычную сістэму можна змяніць за 6 месяцаў, эканамічную – за 6 год, а для зменаў у свядомасці людзей патрабуецца 60 год.

Фонд Мілана Шымэчкі (названы ў гонар славацкага дысідэнта, паплечніка Вацлава Гаўла), створаны ў 90-х гадах, якраз займаецца працай з людзьмі. Ідэя Фонду – рэформа знізу. Адна з мэтаў Фонду – рэфармаванне сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з “канцэпцыяй малых справаў”.

Шматлікія грамадскія дзеячы пасля рэвалюцыі паспелі папрацаваць у міністэрскіх структурах, але сышлі адтуль, бо не маглі нічога карыснага зрабіць, рэалізаваць свае ідэі. Для міністэрства школа важная як будынак, грошы, расклады, а не як дзеці. Міністэрства прызвычаілася кіраваць чалавечай масай, а не асобамі, яго задавальняе “ура-сістэма”: давайце рабіць усё, што сёння прыдумалі! Менавіта таму вялікія грошы, якімі распараджаецца міністэрства адукацыі, разыходзяцца рознымі шляхамі, а не ідуць на саму адукацыю. У грамадскіх арганізацый мала спадзеваў, што змены прыйдуць зверху. Пазіцыя Фонду: калі мы не можам змяніць міністэрства адукацыі, будзем яго выхоўваць.

Фонд Шымэчкі разам з паплечнікамі вырашыў не крытыкаваць дзеянні міністэрства, а зрабіць сярод людзей шырокае апытанне. Яны пыталіся не пра тое, што падабаецца, а што не, але якой славацкая адукацыя павінна быць. Цяпер Фонд публікуе артыкулы пра тое, якую школу хоча мець грамадства, і дасылае лісты ў Мінстэрства. Такую палітыку Вацлаў Гавэл назваў “сілай бяссільных”, і яна спрацоўвае. Міністэрства адукацыі пабойваецца Фонду: чыноўнікі бачаць, што людзі яго паважаюць, і вымушаны з гэтым лічыцца. Міністэрства думае, што за Фондам стаіць нехта моцны, таму дазволіла рабіць усё, што той захоча, толькі просіць, каб крытыку спачатку паказвалі міністэрству, а потым ужо распаўсюджвалі.

Для настаўнікаў, якія думаюць самі

Фонд Шымэчкі распрацаваў шмат праграм у дапамогу настаўнікам, і яшчэ не было, каб настаўнікі не зацікавіліся нейкай праграмай Фонду. Але застаецца шмат настаўнікаў, якія хочуць не адукацыі, а рэцэптаў. Асноўнае іх пытанне – што нам трэба рабіць? Гэта людзі міністэрства адукацыі.

Да праграм няўрадавых арганізацый далучаюцца настаўнікі, якія думаюць. Іх цікавіць вельмі розныя рэчы: як зразумець вучня, як арганізаваць працэс навучання, як працаваць з бацькамі… У Славаччыне 3000 школ, і ў кожнай школе ёсць людзі, з якім можна працаваць. Час мяняецца і змены адчуваюцца. Калі ў 90-х гадах асноўнай мэтай было інфармаваць людзей, то цяпер – навучыць практычным навыкам. Змяніўся і спосаб: мэта праграмаў не даць веды, а практычна навучыць выкарыстоўваць іх.

У гісторыі Цэнтральнай Еўропы не людзі перасякаюць межы, а межы перасякаюць людзей

Існуе канцэпцыя малой гісторыі – гісторыі аднаго чалавека. У нашым рэгіёне чалавек мог жыць на адным месцы, але ў некалькіх дзяржавах, чые межы перасоўваліся.

Фонд Шымэчкі збірае гісторыі людзей, якія выкарыстоўваюцца ў грамадзянскай адукацыі, займаецца абаронай правоў этнічных меншасцяў.

Гісторыя Цэнтральнай Еўропы – спрэчная. З 1939 г. у Славаччыне існаваў марыянеткавы рэжым, які падтрымліваў Халакост, прычым на чале рэжыму быў царкоўны іерарх. Фонд мае мэтай не карэктаваць гісторыю, але сабраць успаміны. І гэта ўсё суадносіцца з адукацыяй. Усе запісы выкарыстоўваюцца ў практыкаваннях для дзяцей. Дзеці глядзяць і слухаюць жывую гісторыю, ім задаюць пытанні… Крытычнае пераасэнсоўванне сваёй гісторыі, пазбаўленне ад табу, адкрытае абмеркаванне – аснова адукацыі свабодных грамадзян.

Да сённяшняга дня фонд працуе з цыганамі, спрыяе вырашэнню іхных праблем у межах праграмы “Памяць, разнастайнасць, інклюзія”. У Славаччыне афіцыйна 90 тыс. цыганоў, але прызнаюць сябе цыганамі да паўмільёна людзей.

Грамадскія арганізацыі ў Славаччыне маюць аўтарытэт, бо гавораць аб праблемах адкрыта. Таму ўсе партыі хочуць мець прадстаўнікоў Фонду Шымэчкі ў сваіх перадвыбарчых камандах.

Nastaunik.info, Браціслава

Гл. таксама:
1. Зузана Зімэнава: Рэформа – перадусім дэцэнтралізацыя  
2. Марцін Крыж: Пра падводныя камяні, памылкі і перспектывы рэформы адукацыі

4. Рэформа адукацыі ў Славаччыне: высновы для Беларусі