Мы прызвычаіліся вывучаць адукацыйны досвед самых паспяховых краінаў, у той час як не вельмі паспяховы досвед Славаччыны варты нават большай увагі беларусаў. Бо мы не застрахаваныя ад памылак, якія зрабілі славакі. Больш за тое, існуе вялікая верагоднасць, што нам прыйдзецца ісці менавіта іхным шляхам.
Славаччына невялікая, удвая меншая за Беларусь па колькасці насельніцтва. Людзі маюць шмат агульнага з беларусамі – спакойныя, неамбітныя, з досведам жыцця ў імперскай дзяржаве, якая знішчала культуру і мову карэннага насельніцтва, а потым у савецкай сістэме, якая прывучыла народ да сацыяльнай і эканамічнай пасіўнасці. Можна знайсці паралелі і ў найноўшай гісторыі, калі ў 90-х гадах пасля ўзнаўлення незалежнасці як у Беларусі, так і ў Славаччыне прыйшлі да ўлады постсавецкія лідары-папулісты, якія пазіцыянавалі сябе як гаранты “парадку” і “стабільнасці”. І хоць Славаччыне пашанцавала больш – камуніст Уладзімір Мэч’яр правіў нядоўга, наступствы гэтай “стабільнасці” адчуваюцца дагэтуль.
У 1989 годзе славакі атрымалі свабоду і рэальную незалежнасць. Гэты год яны называюць рэвалюцыяй, а ўсе падзеі і рэформы падраздзяляюцца на “да рэвалюцыі” і “пасля”. Прычым у слове “рэвалюцыя” ніякай адмоўнай канатацыі не прасочваецца.
Пра рэформу адукацыі ўсе эксперты распавядаюць адкрыта, не хаваюць хібаў, шчыра прызнаюць памылкі і гатовыя дзяліцца ўсім напрацаваным.
Nastaunuk.info сабраў меркаванні людзей, якія бралі ўдзел у распрацоўцы канцэпцый і законаў пасля 1989 г., а таксама экспертаў, трэнераў і настаўнікаў, якія працуюць у дзяржаўных, недзяржаўных і камерцыйных арганізацыях, звязаных з адукацыяй.
Зузана Зімэнава: Рэформа – перадусім дэцэнтралізацыя
Аналітык і рэдактар парталу Nové školstvo (Новая адукацыя), прысвечанага рэформе адукацыі. Працавала настаўніцай, намесніцай дырэктара царкоўнай школы з дзвюхмоўным навучаннем, з 1999 года кансультант Міністэрства адукацыі, парламенту, розных дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, суаўтар канцэпцыяў развіцця адукацыі 2003 і 2011 г.
Фота etrend.sk
Рэвалюцыя 1989 г.: частковае разняволенне школы
Калі ў 1989 годзе ў Славаччыне пачалася рэформа адукацыі, яе першым крокам быў дазвол на інавацыйную дзейнасць. Узніклі школы, якія прытрымліваліся розных канцэпцый: праграмы Мантэсоры, вальдорфскай педагогікі, білінгвальныя школы.
Другім крокам была дэцэнтралізацыя адукацыі. Узнікла рэальнае мясцовае самакіраванне: мясцовыя ўлады сапраўды выбіраліся, а не прызначаліся зверху, і распараджаліся мясцовым бюджэтам. Усё, што тычыцца школьных будынкаў і фінансаў, перайшло ў рукі органаў самакіравання. Узніклі таксама прыватныя і царкоўныя школы. Але змест адукацыі, навучальныя планы – засталіся ў сферы адказнасці Міністэрства адукацыі.
Пачало развівацца самакіраванне на ўзроўні школ – школьныя рады. Гэта быў станоўчы крок: грамадства займела ўплыў на школу. У школьную раду (Správna rada školy) уваходзяць настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі мясцовай ўлады (самакіравання). Рада мае дарадчую функцыю ў пытанні фінансаў, адзіная яе кампетэнцыя – права абіраць дырэктара і звальняць яго. Мясцовыя органы самакіравання толькі зацвярджаюць яе рашэнне.
У школах могуць стварацца таксама бацькоўскія і вучнёўскія рады, але яны не маюць афіцыйных паўнамоцтваў. Ад гэтых радаў ідзе шмат скаргаў, што іх рашэнні ігнаруюцца. Пакуль няма належнай супрацы паміж бацькамі і настаўнікамі, настаўнікамі і вучнямі.
Бацькі ў Славаччыне могуць выбіраць школу. Але школы фінансуюцца недастаткова і таму яны зацікаўлены, каб дзеці былі з добрых сем’яў, дзе бацькі працуюць. Дзяцей з праблемных сем’яў школа можа адправіць на спецыяльнае навучанне (у спецшколу). Калі б дзяржава фінансавала школы дастаткова, то частка праблем бы адпала.
Ткаім чынам, у выніку рэформы ў адукацыі з’явілася больш свабоды:
1) Магчымасць эксперыментаваць
2) Магчымасць ствараць прыватныя і царкоўныя школы
3) Права школьнай рады самастойна абіраць дырэктара
4) Права бацькоў выбіраць школу
Гэта былі станоўчыя крокі. Але пры рэфармаванні больш звярталі ўвагу на фармальны бок, а не на тое, як змяніць атмасферу ў школе, як наладзіць супрацу настаўнікаў.
Сапраўдная рэформа патрабуе яснай мэты, часу і сродкаў
Міністэрства адукацыі не прыслухоўвалася да спецыялістаў. З 1989 да 2008 г. былі распрацаваныя тры канцэпцыі рэформы адукацыі, але ніводную не ажыццявілі. Бо не вызначаныя былі мэты рэформы: міністэрства не ведала, ці больш кантраляваць, ці паляпшаць дачыненні і агульную атмасферу ў школе… Не было сфармулявана як мэта рэформы тое, што ў цэнтр увагі трэба паставіць вучня. Каб вучань меў добрыя веды, неабходна мець да яго індывідуальны падыход. Але для гэтага трэба адпаведная метадычная падрыхтоўка настаўніка, прычым не толькі разавыя курсы, а доўгатэрміновая падтрымка настаўніка, дапамога яму.
Чатыры гады – з 2004 па 2008 – у прэсе ішла дыскусія, ці школам трэба даць больш паўнамоцтваў у вызначэнні зместу адукацыі (да 30%). Але настаўнікаў і да такой змены не рыхтавалі. Не было арганізавана ніводнага курсу нават для тых, хто меў бы вучыць настаўнікаў самастойна выпрацоўваць змест навучання. Дзяржава не хацела губляць сваю манаполію.
Нарэшце ў 2008 г. быў прыняты даволі прагрэсіўны закон (Štátny pedagogický ústav), які даваў школе магчымасць вызначаць, чаму вучыць і самастойна складаць праграмы. У канцы чэрвеня 2008 г. дзяржава прыняла рамкавую праграму, а кожная школа да верасня павінна была стварыць сваю ўласную праграму і пачаць працаваць адпаведна ёй. Але ж ніхто не ведаў, як гэта рабіць.
Манапалізм не дае развівацца
Да таго ж Міністэрства адукацыі не пакідала настаўнікам/школам права выбару падручнікаў. Як у гэтай сітуацыі ствараць арыгінальную праграму ці праграмны кампанент? Таму настаўнікі падумалі, што трэба напісаць чарговую фармальную паперу і здаць на кантроль.
Так настаўнікаў настроілі супраць нармальнай рэформы. Міністэрства не ўлічыла, што здольныя падрыхтаваныя людзі не растуць на дрэвах – іх трэба рыхтаваць і трэба ствараць ім прастору для самарэалізацыі.
Трэба адзначыць, што альтэрнатыўныя праграмы і падручнікі не з’явіліся і дагэтуль. Таму настаўнікі зноў выступілі супраць непрадуманай рэформы і нават аб’ядналіся ў новы прафсаюз (Калегія настаўнікаў), які *налічвае каля 3 тысяч чалавек.
У 2014 г. усё паспрабавалі вярнуць назад, спасылаючыся на тое, што, маўляў, самі настаўнікі не хочуць свабоды. Аднак калі міністр адукацыі паспрабаваў забраць частку свабоды – права выбіраць кіраўніка школы – пачаліся пратэсты, і настаўнікі ды бацькі адстаялі свае паўнамоцтвы.
Адмоўна паўплывала на стан школы тое, што Міністэрства адукацыі манапольна трымала ў сваіх руках навучальны працэс і сістэму павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Метадычная падрыхтоўка настаўнікаў вельмі важная – без яе немагчыма казаць пра якасць адукацыі. Калі ж настаўнікі ідуць на курсы толькі дзеля “крэдытаў” (кваліфікацыйных балаў), яны запісваюцца не на патрэбныя для працы, а на лягчэйшыя праграмы, якія даюць шмат балаў і ўплываюць на атрыманне катэгорыі і заробак.
Менавіта дэцэнтралізацыя – галоўны складнік рэформы адукацыі. Калі міністэрства не дзеліцца сваімі функцыямі ды паўнамоцтвамі са школамі і педагогамі, то рэформа не дасць выніку.
Nastaunik.info. Браціслава
Гл. таксама:
2. Марцін Крыж: Пра падводныя камяні, памылкі і перспектывы рэформы адукацыі
3. Грамадскія арганізацыі: Калі не можам змяніць міністэрства адукацыі, будзем яго выхоўваць
4. Рэформа адукацыі ў Славаччыне: высновы для Беларусі