Віктар Марціновіч: Чым абараніцца ад гжэлі?

Віктар Марціновіч, budzma.by

Дзве навіны, добрая і дрэнная.

Добрая: у беларускія школы вяртаюць прадмет “Сусветная мастацкая культура”, так што карыстальнікі беларускага сегменту “УКантакціка” будуць ведаць пра тое, што слова “гатычна” азначае не толькі “іранічны каментар, што якбэ намякае на змрочнасць, суворасць, містычнасць…”.

Дрэнная: у працэсе вяртання прадмет прайшоў праз “істотнае паляпшэнне” і цяпер будзе мець назву «Айчынная і сусветная мастацкая культура». Здавалася б, людзі што шануюць радзіму, могуць пачынаць спяваць “Цячэ вада ў ярок” і танчыць упрысядкі. Бо зараз пяцікласнікаў пачнуць вучыць готыцы на прыкладах беларускіх мураванак. Ну, прынамсі, так можна зразумець са змянення назвы прадмета. Але, як гэта часцяком здараецца ў нас, добрае — гэта самае дрэннае і ёсць.

У сеціва трапілі цікавыя падрабязнасці пра чарнавік навучальнай праграмы  “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры”, якая будзе афіцыйна апублікаваная ў жніўні. Дык вось, з гэтых падрабязнасцяў вынікае, што пад “сусветнай культурай” там маецца на ўвазе смешны для школьнага вуха кампазітар Крыстоф Вілібальд Глюк, а пад “айчыннай культурай” — гжэль і прочае прыўкрасноцце.

Можна напісаць асобны артыкул пра тое, як беларусаў з ясляў робяць рускімі, і я абавязкова аднойчы гэта зраблю. Першым у спісе будзе стаяць мульцік “Маша і мядзведзь”. Але зараз важней пагаварыць пра гэты прадмет, пагаварыць як мага гучней, каб афіцыйна апублікаваная праграма істотна адрознівалася ад таго, што цяпер абурана абмяркоўваецца спецыялістамі ў якасці “чарнавіка”. На гэта, прынамсі, можна паўплываць.

Я магу зразумець, што здарылася з праграмай “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры” для пяцікласнікаў. Гэта можна абазначыць як дэфіцыт плённых кантактаў паміж ведамствамі. У Мінадукацыі, выглядае, сядзяць людзі, якім бракуе захаплення нацыянальным мастацтвам, а Мінкульту не хапіла аргументаў, каб запэўніць, што Беларусь славутая не толькі аднайменнымі трактарамі. Паспрабую ім дапамагчы.

Чым нам замяніць гжэль? У першую чаргу выцінанкай, прыгажосць якой несупастаўляльная у сваёй вытанчанасці з размаляванымі у блакітнае гусарамі. Па-другое, кавальствам — і асобны прывабны нарыс для школьнікаў мог тычыцца ўніяцкіх каваных крыжоў і ўніяцтва як такога. А як можна забыцца пра вышыўку? Пра яе тыпы, пра рэгіянальныя адметнасці? Як малы беларус, якому параць мозг гжэллю, можа не ведаць пра ткацкія мануфактуры, пра “цвяток радзімы васілька” — яскравую прыкмету таго, што і Багдановіч мог памыліцца? Нарэшце, саломапляценне, нашы славутыя “павукі”, іх магія, іх сакральнае значэнне — мне здаецца, чытаючы пра гэта, школьнікі павінныя адчуць сабе крыху персанажамі “Гары Потэра”. Вось яшчэ трохі, і можна будзе зрабіць чарадзейную палачку з саломінкі і пачаць валіцца з Волан-дэ-Мортам! А саламяныя “лаўцы сноў”! А прымхі і забабоны, што іх атачаюць!

Тэму беларускай архітэктуры не хачу нават чапаць: у кожным з раздзелаў праграмы — раманскім, гатычным, рэнесансным, барочным і г. д.  — павінны быць бліскучы прыклад стылю, падстава для гонару! Ранняя готыка Сынкавічаў і Мала-Мажэйкава і “палымяная готыка” св. Ганны! Раскошны рэнесансны палац Радзівілаў у Вільні! Барока Фарнага касцёла! Ці вы будзеце наўздагон рускім падручнікам сцвярджаць, што барока выдумаў Галіцын?

А хіба ў нас няма скульптуры? Хіба вучням не трэба ведаць пра Укрыжаванне з Галубічаў, пра драўлянае барока і Казіміра Круповіча, пра мемарыяльную пластыку, якую рабілі тут найлепшыя італьянскія майстры?

Дык якая гжэль, даражэнькія? Якая гжэль?

У дзевяностыя, калі вернісаж мастакоў у Мінску яшчэ не пачалі ссоўваць у бок Музея Айчыннай вайны, у тым парку, дзе цяпер месціцца Ратуша, гандлявалі рознай турыстычнай гідотай, ад алейных пейзажыкаў “пад Шышкіна”, да савецкіх танкавых шлемаў і рамянёў з савецкімі зоркамі. Я, дарэчы, там таксама стаяў, спрабаваў прадаць уласна намаляваны заходзік “пад Куінджы” — вельмі патрэбныя былі грошы на джынсы “Мавін”. Дык вось, раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў прадстаўлены на гэтым “таўчку” пазнавальным інтэрнацыянальным вырабам, што меў назву matrioshka: рэдкім фінам, абыякавым італьянцам і ўсюдыісным немцам спрабавалі ўцюхаць драўляных Ельцына, Леніна і Маркса, якія ўкладаліся адзін у аднаго. Турысты прыдзірліва аглядалі матрошкі і, падумаўшы, адкладалі іх убок. Яны крывілі насы, ім незразумела было, чаму яны павінныя браць у “Вайсрусландзе” тое, што ўжо бачылі на Арбаце. Так у свядомасці еўрапейцаў на стыхійным, а таму самым трывалым узроўні замацоўвалася думка, што Мінск — гэта такі працяг Масквы, дзе тыя ж матрошкі, што мяжуюць з хахламой. Іншаземцы шукалі там, сярод будзёнавак і танкавых шлемаў, нечага іншага, адметнага, выключна “вайсрускага”. Драўляных зуброў, саламяных коней, каваных крыжоў, старой радзівілаўскай кафлі. Каб нехта з нас меў бабулінага павука і здольны быў расказаць пра ягоны сэнс! Каб хтосьці здагадаўся, што прадаваць трэба не матрошкі, а выцінанкі! Але мы былі непісьменныя, нам самім трэба было расказваць пра нашую беларускую культуру, расказваць са школы, з пятага класа!

Мой word-працэсар, OpenOffice з беларускай арфаграфіяй, дагэтуль падкрэслівае слова “выцінанка”: тыя, хто пісаў праверачны алгарытм, не чулі пра такое!

Таму я вельмі спадзяюся, што Мінадукацыі мадэрнізуе школьную праграму “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры” і ўлічыць тыя каштоўнасці, пра якія мае ведаць любы малады беларус. Гэта ў інтарэсах дзяржавы, у інтарэсах нашай агульнай будучыні.

У адваротным выпадку ў жніўні, пасля публікацыі афіцыйнага “чыставіка”, давядзецца пісаць асабісты ліст міністру.