Запішыце кірыліцай назвы станцый мінскага метро, прыведзеныя лацінскімі літарамі, – чытаем заданне да практыкавання, змешчанага ў школьным падручніку «Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання».
Далей ідуць уласна «назвы станцый мінскага метро лацінскімі літарамі»: Niamiga, Park Čaliyskincaŭ, Plošča Pieramogi, Yshod, Maskoŭskaja, Frunzenskaja, Malinaŭka, Grušaŭka, Kastryčnickaja. Выканаем заданне: Няміґа, Парк Чаліыскінцаў, Плошча Перамоґі, Ысгод, Маскоўская, Фрунзэнская, Малінаўка, Ґрушаўка, Кастрычніцкая.
Нешта не так? Добра, спраўдзім, як жа насамрэч выглядаюць назвы станцый у лацінкавай графіцы. Балазе, на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь ёсць схема ліній Мінскага метрапалітэна:
Дарагія аўтары, рэцэнзенты і выдаўцы школьнага падручніка тыражом у 123 550 экзэмпляраў (2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае)! Спампуйце і выдрукуйце сабе гэтую схему, а то ж заблукаеце, шукаючы Ысгод. І практыкуйцеся калі-нікалі ў правільным напісанні:
Няміга – Niamiha, Прак Чалюскінцаў – Park Čaliuskincaŭ, Плошча Перамогі – Plošča Pieramohi, Усход – Uschod, Маскоўская – Maskoŭskaja, Фрунзенская – Frunzienskaja, Малінаўка – Malinaŭka, Грушаўка – Hrušaŭka, Кастрычніцкая – Kastryčnickaja.
Дарагія дзесяцікласнікі ды іх бацькі! Ведайце, што не заўсёды падручнікі, за якія вы плаціце і паводле якіх вучыцеся, вартыя вашага даверу і павагі.