Дзённік студэнткі

Паліна Пляшко
26.09.2016

Паступленне ў Польшчу было маёй блакітнай марай і асноўнай мэтай, пачынаючы яшчэ з дзясятага класа. З таго часу я і пачала рыхтавацца да паступлення — больш за год вучыла польскую мову з рэпетытарам і самастойна.
Чаму Польшча? Бо, па-першае, меркавала я, тут можна атрымаць дыплом, які будзе дзейсны ва ўсіх краінах Еўропы. Па-другое, гэта новыя людзі, новая мова і культура, а гэта мяне заўсёды прываблівала і цікавіла. Па-трэцяе, кошт навучання ў польскай ВНУ не адрозніваўся ад кошту навучання па такой жа спецыяльнасці ў беларускай сталіцы.

А выбрала я менавіта Беласток. Чаму? Бо, прачытаўшы шмат артыкулаў пра гэты горад, даведалася, што ён з'яўляецца хоць і не самым вялікім, але самым лепшым польскім горадам з-за сваёй якасці жыцця, магчымасці працаўладкавання, развітасці інфраструктуры і нават чысціні паветра і азелянення тэрыторыі. І потым, прыехаўшы ў Беласток, я ўпэўнілася ў тым, чаму гэты горад называюць "зялёнымі лёгкімі Польшчы". І па-другое, ён размешчаны вельмі блізка ад мяжы Беларусі з Польшчай. Адлегласць ад Слоніма да Беластока на 100 км меншая, чым да Мінска. 
У Беластоку знаходзяцца тры дзяржаўныя ўніверсітэты — Беластоцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт і Беластоцкі тэхнічны ўніверсітэт. Нядоўга шукаючы свой факультэт, англійскую філалогію з нямецкаю моваю (гэтая спецыяльнасць адкрылася ва ўніверсітэце толькі сёлета), я вызначылася са сваёй будучай навучальнай установай — Беластоцкім дзяржаўным ўніверсітэтам. Дарэчы, паводле дадзеных за 2015 год, ён займае 48-е месца сярод 83 дзяржаўных універсітэтаў Польшчы. 
Кажучы па праўдзе, паступаць туды было даволі складана. На афіцыйным сайце ўніверсітэта я не знайшла інфармацыі наконт тэрміну падачы дакументаў. Напісала на электронную пошту ўстановы. Адказалі мне на пытанне на наступны дзень, але даволі сцісла. Паведамілі, што трэба прывезці арыгіналы атэстату, апастыль, медыцынскую даведку і ўсё гэта ў перакладзе на польскую мову.

Усе патрэбныя дакументы (апастыль і пераклады) я рабіла ў Мінску, літаральна на другі дзень пасля атрымання школьнага атэстата.

Спачатку даведалася, што на дакументах, выдадзеных установамі адукацыі, апастыль ставяць ў Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на вуліцы Казлова, 28 (больш дакладную інфармацыю можна знайсці на сайце міністэрства). За прастаўленне апастыля спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 0,5 базавай велічыні за кожны дакумент. Рэквізіты выплаты дзяржаўнай пошліны за прастаўленне апастыля можна атрымаць пры падачы дакументаў і аплаціць у банку, які знаходзіцца побач.
Для таго, каб зрабіць апастыль спатрэбілася каля паўгадзіны часу, але прыйшлося папабегаць па кабінетах. Пры гэтым трэба звяртаць увагу на запаўненне дакументаў — могуць быць недакладнасці (напрыклад, у назве маёй навучальнай установы замест гімназіі ўказалі сярэднюю школу).
Пераклад дакументаў на польскую мову ў сталічным бюро перакладаў заняў тры дні і каштаваў каля 1,7 мільёнаў старых рублёў. 
+ Адзін лайфхак ад мяне. Калі з універсітэта прыслалі пісьмо наконт таго, што трэба ў жніўні дакументы падаць асабіста, я схамянулася, што для гэтага патрэбна віза і што рабіць яе трэба як найхутчэй. У візавым цэнтры, куды звярнулася, мне не падказалі, што для здачы экзаменаў у Польшчы ці проста дзеля таго, каб завезці дакументы, можна зрабіць бясплатную трохмесячную візу (пра такія правілы я даведалася ўжо ў консульстве). Мне ж прыйшлося атрымаць толькі аднаразовую візу “на закупы”, за якую прыйшлося заплаціць немалую суму.
Менавіта тады, калі я паступала, мяняўся рэктар універсітэта. Можа, з-за гэтага на сабе адчула шмат непаразуменняў, у тым ліку датычных да таго, ці трэба рэгістрацыя на сайце IRK (Internetowa Rejestracja Kandydatów) — у пісьмах адны запэўнівалі, што такая рэгістрацыя неабходная, іншыя пісалі, што рэгістравацца не трэба, адны пісалі, што сертыфікат на веданне мовы пры паступленні абавязковы, іншыя — што не.  
Усе спрэчныя пытанні былі вырашаны пасля таго, як я завезла ў прыёмную камісію ўніверсітэта неабходныя дакументы. Там, на месцы, напісала заяву на вучобу, папрасіўшы ў заяве знізіць плату за навучанне як замежніку), і прайшла рэгістрацыю менавіта для замежнікаў, заплаціўшы 70 еўра. Сертыфіката аб веданні польскай мовы я не мела, таму пацікавілася наконт яго. Мне прапанавалі прайсці месячныя платныя курсы польскай мовы.

Роўна праз тыдзень па пошце я атрымала чаканы ліст з універсітэта, у якім афіцыйна паведамлялася, што я з'яўляюся студэнткай Універсітэта ў Беластоку. У лісце таксама ўказвалася пра зніжку платы за навучанне як для іншаземцаў, што мяне не магло не ўзрадаваць.

Таксама ў пісьме было запрашэнне на платныя курсы польскай мовы і культуры, пасля праходжання якіх можна атрымаць сертыфікат ведання мовы на ўзроўні В1, неабходны для паступлення ва ўсе польскія ВНУ.  

У трэцім лісце была просьба да консула выдаць мне студэнцкую візу. 

Здаецца, усе бар’еры былі пройдзеныя. Аднак на шляху да маёй мары паўстала яшчэ адна перашкода. Справа ў тым, што моўныя курсы пачыналіся з 5 верасня, навучанне — з 1 кастрычніка. Дык вось, для выдачы студэнцкай візы патрабаваўся дакумент з інфармацыяй пра аплату навучання за першы семестр. Мне ж ва ўніверсітэце паведамілі, што аплачваць вучобу трэба будзе ў кастрычніку, пасля афармлення ўсіх папер і заключэння дамовы. Нестыкоўку ў гэтым прыйшлося ўстараняць падчас асабістага прыёму ў консула. Пасля абяцання, што копію дакументаў аб аплаце абавязкова прышлю праз патрэбны час, дакументы на студэнцкую візу (бясплатную) у мяне прынялі. Ні больш, ні менш — праз 10 рабочых дзён — яна была гатова. Яе адкрылі роўна на год. Пасля паспяховай здачы сесіі яе патрэбна будзе зноў наступным летам прадаўжаць.      

Прыйшлося зноў напісаць ва ўніверсітэт і паведаміць пра дату свайго прыезду на курсы, каб зарэзерваваць месца ў інтэрнаце (усім замежным студэнтам, як высветлілася, інтэрнат даюць).  

…Вывад, які я зрабіла для сябе: не трэба баяцца магчымых цяжкасцей, шукаць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, а таксама не баяцца пісаць у абраную ВНУ — ні адзін мой ліст з пытаннямі не застаўся без адказу.

Пасля ўсіх пертурбацый з паступленнем за мяжу прыйшло ўсведамленне, што я гэта зрабіла (!), ну і, вядома, што трэба павіншаваць сябе з гэтым…