Іна Шымко, г. Глыбокае
Што галоўнае на ўроку гісторыі? Для мяне вельмі важна, калі вучні выказваюцца, у вачах бачна думка і разважанне. Нядаўна мы вельмі актыўна вывучалі тэму “Паўсядзеннае жыццё чалавека” ў 6 класе. Зыходзячы з уласнай практыкі ведаю - гэта тэма заўжды была цікавай для вучняў, ды і для мяне таксама. Паколькі ўсе аспекты абмеркаваць на ўроку проста немагчыма, мы з маімі шасцікласнікамі вырашылі ўзяць адзін кірунак - МОДА. Практычна ўсе хацелі рыхтаваць паведамленні, шукаць цікавыя факты пра моду і мы падзяліліся на групы – паведамленне пра жаночае адзенне, мужчынскае адзенне, адзенне багатых і бедных, проста нешта цікавае з гісторыі моды сярэдневечча. Але, проста расказаць пра гэта нам падалося мала, таму мы правялі міні-даследаванне і сфармулявалі гіпотэзу: сярэдневяковы касцюм- гэта медыятэкст, які дае інфармацыю:
-аб сацыяльным статусе чалавека;
-аб палітычнай сітуацыі;
-аб эканамічным развіцці;
Антон Ласенка. «Сватаўство Уладзіміра да Рагнеды»
Выказваліся, спрачаліся, але з дапамогай настаўніка, якому таксама прыйшлося падрыхтавацца, каб з дапамогай праблемных, наводзячых пытанняў “руліць” працэсам, прыйшлі да наступных высноў:
1. Адзенне сапраўды адлюстроўвывала сацыяльны статус чалавека
-чым вышэй галаўны ўбор, тым больш знатная дама, што азначае, што феадалы ўзвышаліся над народам;
- доўгія рукавы ў адзенні для багатых (з такімі рукавамі не будзеш займацца фізічнай справай);
- доўгія насы абутку (чым даўжэйшы нос абутку, тым больш высокі статус чалавека);
- пальчаткі- сімвал улады;
- яркае адзенне толькі для багатых, для бедных – толькі руды і шэры колер – колеры, на якіх не заўважны бруд;
2. Адзенне можа расказаць аб палітычных і эканамічных падзеях:
- шоўк і аксаміт з’явіліся ў выніку крыжовых паходаў. Гэта прадметы раскошы.
- футра, як упрыгожванне на адзенні, з’явілася дзякуючы гандлёвым зносінам з краінамі Паўночнай Еўропы;
- каляровае адзенне - у выніку Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.
Такіх паралеляў можна прыводзіць шмат. Падобным чынам можна працаваць і з карцінамі, і з архітэктурнымі помнікамі. А каб мае вучні не расслабляліся, я папрасіла дома падумаць над пытаннем “Ці можа фасон жаночай сукенкі залежыць ад формы ўлады ў краіне?” А вы як думаеце?
Літаратура ў дапамогу:
Ганна Барвенава. Гатычны касцюм Вялікага Княства Літоўскага канца ХІІІ — пачатку ХVI ст.
В.М. Бялявіна, Л.В. Ракава МУЖЧЫНСКІ КАСЦЮМ НА БЕЛАРУСІ