Сем адрозненняў Украіны

Тамара Мацкевіч
25.11.2016

Нядаўна, вярнуўшыся з Украіны, дзе настаўнікі сямі краін (Арменіі, Беларусі, Германіі, Малдовы, Расіі, Украіны і Швейцарыі) распрацоўвалі практыкаванні для фармавання медыяграматнасці, я пакінула замалёўку на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Скажу адразу, што я не прыдумала ні слова ў тым дыялогу. І гэта можа пацвердзіць Ганна Навіцкая – настаўніца роднай мовы з Нікалаева, бо размова была з ёй. Што ж змянілася насамрэч ва Украіне пасля Майдану? – запыталіся ў мяне мае фэйсбукаўскія сябры. А вось адразу і не патлумачыш! Таму і напісаўся гэты допіс, як спроба самой разабрацца. Што?

Па сабе ведаю, што мы жывем у палоне стэрэатыпаў пра сваіх суседзяў, таму пачну з таго, што мы яшчэ ў аэрапорце Мінск-2 сустрэліся з расійскаю часткаю нашай працоўнай групы, бо грамадзяне дзяржаваў, з якім Пуцін вядзе вайну, звычайна лётаюць праз Мінск, а не наўпрост. З прычыны паліткарэктнасці мы – беларусы – не пачыналі першымі гаворку пра ўзброены канфлікт ва Украіне. Але вельмі хутка расейцы самі сказалі, чый Крым і што яны думаюць пра агрэсіўную палітыку сваёй дзяржавы. Тут разбурыўся мой стэрэатып. Аказваецца, у Расіі шмат людзей, якія думаюць, як і я. Што і там ёсць людзі, не заражаныя бацылай імперыялізму і шавінізму, яны не маюць сумневаў, што вайну развязвае іх дзяржава на чужой тэрыторыі. А калі пасля прылёту ў Кіеў яны беспраблемна прайшлі пашпартны кантроль і ў першым жа абменніку памянялі расійскія рублі на грыўні (што абвяргае прапагандысцкія стэрэатыпы, якія пануюць у Расіі), у некаторых навярнуліся слёзы. За што гінуць людзі? – было першае пытанне выкладчыцы універсітэта з Масквы.

Таксіст, якога расіянка выклікала праз Uber, зрабіў нам міні-экскурсію па Кіеве і, як належыць, сварыўся ўсю дарогу на сваю ўладу не менш, чым расіяне на сваю. На нашае пытанне пра прыватны сектар у цэнтры горада, які, у адрозненне ад Мінска і Масквы, не зносяць, таксіст з гумарам адказаў, што гэта “новыя бедныя”. Мы ўдакладнілі, ці маюць яны дачыненне да ўлады – таксіст сказаў, што не. Уладныя будуюцца далей ад горада. Ага, значыць зямлю у людзей не адбіраюць!

Адрозненне № 1. Законы працуюць, і яны на баку простага чалавека, ўласніка.

За тры дні працы над практыкаваннямі часу гаварыць пра палітыку надта не было. Але часам узнікалі непаразуменні, і даводзілася тлумачыць. Напрыклад, украінцы упэўненыя, што калі сайт належыць дзяржаве, то яму можна давяраць, і прапанавалі гэта ўнесці ў практыкаванне як крытэр надзейнасці крыніцы інфармацыі. “О-ёй! У нас наадварот!” – запярэчылі беларусы і расейцы. “Не можа быць! На дзяржаўныя ж органы можна падаць у суд за хлусню!” – здзіўляліся астатнія краіны.

Адрозненне № 2. Ва Украіне ёсць незалежны суд. Прынамсі не залежны ад дзяржавы.

Падчас перапынкаў на каву ўкраінцы абмяркоўвалі сваю Вярхоўную Раду і тое, што ўсіх дэпутатаў прымусілі абнародаваць свае даходы. Здзівіла, што настаўнікі ведаюць прозвішчы і справы амаль усіх народных выбраннікаў. Праўда, самае частае слова, якое яны ўжывалі пры абмеркаванні дэпутатаў, было “падлюка”.

Я прыкінула, што ведаю хіба тры прозвішчы сваіх “падлюк”, і то толькі таму, што зусім надяўна былі чарговыя “выбары”, дзе мяне як афіцыйную назіральніцу не дапусцілі хоць вокам глянуць на падлік галасоў.

А яшчэ ўвечары можна было паглядзець на розных украінскіх каналах, што абмяркоўвалі ў Вярхоўнай Радзе. Людзі у шматлікіх ток-шоў адкрыта гаварылі аб праблемах і дзеяннях улады, рабілі прагнозы каго і чаму больш не абярэ народ. Я натрапіла на канал 1+1, дзе “95-ты квартал” з гумарам паказваў паседжанні дэпутатаў, іх спрэчкі. Было смешна і цікава.

Адрозненне № 3. Выбары ва Украіне ёсць.

Адрозненне № 4. Крытыкаваць уладу не забараняецца. Рэпрэсій за крытыку няма.

Адрозненне № 5. Ва Украіне няма манаполіі на правільную думку. Няма і дзяржаўнаых СМІ. Зусім! Ніводнага канала!

Украінцы вельмі добра адгукаюцца пра свайго міністра асветы Лілію Грыневіч. Яна чалавек слова і справы. Яна ўзяла на сябе адказнасць за правядзенне рэформы адукацыі, ужо распрацавана “Канцэпцыя Новай украінскай школы”, дзе прапісаныя і кампетэнцыі вучня, і змены ў змесце і методыках, і аўтаномія школ. Настаўнікі чакаюць рэформу, з якой звязваюць надзеі. Рэформа рыхтуецца на ўзор Польшчы, якая паказала найлепшыя тэмпы росту вучнёўскіх дасягненняў. Аднак кожны настаўнік можа прыняць удзел у абмеркаванні і ўнесці свае прапановы.  Нават “пасябраваць” і паспрачацца з мінстрам, (а не з прэс-сакратаром) у фэйсбуку.

Адрозненне №6. Ва Украіне ёсць падзел уладаў. Гэта значыць, ніякія “падлюкі” і дэпутаты не могуць умяшацца ў справы  міністэрства асветы.

Парашэнку ў галаву б не прыйшло зацвярджаць новы падручнік, як і мінстру гэты падручнік несці у адміністрацыю прэзідэнта.  

Увечары мы гулялі па Храшчаціку, слухалі вулічных музыкаў на рускай, украінскай і англійскай мовах. Я сама бачыла, як хлопцам, які спявалі песні Цоя і Макарэвіча, давалі грошы, а не па твары. Ніякай пабытовай русафобіі ў Кіеве няма, ва ўсякім разе і слядоў яе не бачыла. Са мной гаварылі і па-руску, і па-украінску аднолькава добразычліва. Расійская калега сказала, што ў Кіеве адпачывае душой ад агрэсіўнай Масквы, а я радавалася вольнаму паветру, весялосці і мнагалюднасці на вуліцах, адкрытым людзям, якія пазбавіліся комплексу малога народу, малодшага брата. Яны будуюць сваю краіну, сваю адукацыю, а з падлюкамі і злодзеямі – разбяруцца. Пасля Майдану стварылі  Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро. Абы не перашкаджалі.

Адрозненне №7. Пераважна рускамоўны ў побыце Кіеў не ставіць пад сумнеў, што дзеці павінны вучыцца на ўкраінскай мове.

Заўважыла я і падабенствы. Проста іх пералічу.

1. Як украінцы, так і мы прызвычаіліся, што ўлада – гэта чужыя людзі. Але ў іх улада ўжо свая (сукін сын, але свой сукін сын! Народ яго выбраў, народ і адкліча). Аднак яны дагэтуль па інерцыі ставяцца да ўлады як да чужой, нібыта Парашэнку можна параўнаць з марыянетачнымі Януковічам ці Лукашэнкам. Гэта нам урок. Калі будзем мець свю ўладу, трэба неяк гэта ўсвядоміць хутчэй.  І навучыцца бачыць змены да лепшага.

2. Як мы, так і ўкраінцы бачым адзін аднаго праз прызму расійскіх медыя. Таму маем скажонае ўяўленне пра тое, што адбываецца, што і ў які бок мяняецца. Украінскія каналы да нас у кабельныя сеткі не пускаюць. У нас сваіх грамадскіх і праўдзівых тэлеканалаў пакуль няма (калі не лічыць спадарожнікавых з-за мяжы). Таму пры асабістых сустрэчах стаіць трэск – стэрэатыпы, адмыслова закладзеныя нам усходнім суседам, ламаюцца з абодвух бакоў.

3. Хоць мы з украінцамі часам і любім паскардзіцца на жыццё, паныць, аднак мы – еўрапейцы, людзі заходняй цывілізацыі. Гэта вельмі адчуваецца ў стаўленні да працы, да зямлі, да ўлады, да свабоды, да суседзяў… Усходняя дэспатыя, з яе чинопочитанием і свядомасцю захопнікаў-качэўнікаў,  супярэчыць нашай унутранай прыродзе. Расійскім калегам з іх замбаваным прапагандай грамадствам нашмат цяжэй выжыць, трымаючыся дэмакратычных каштоўнасцяў.          

Але як адказаць на асноўнае пытанне, зададзенае мне ў Фэйсбуку? Што змянілася ў жыцці простага чалавека?

Ведаеце, у паняцце “якасць жыцця” ўваходзіць шмат складнікаў. Як беларусы, так і ўкраінцы – шматкроць траўмаваная нацыя. Савецкі перыяд жыцця з ягоным дэфіцытам ежы, адзення, туалетнай паперы (калі не лічыць тыя грошы такой паперай) прывучыў нас думаць толькі пра матэрыяльны складнік. Мы ўжо шмат год як накормленыя, адзетыя, але цягнем савецкай звычкай у хату запас на чорны дзень. Не можам ахвяраваць на добрую справу, бо баімся застацца без грошай.

Сёння псіхолагі, сацыёлагі і філосафы вызначаюць новыя выклікі, ад якіх залежыць якасць жыцця. Гэта выклік нявызначанасці, выклік складанасці і выклік разнастайнасці. Прыкладам, калі не вызначана, што можна рабіць, а што - не, што праўда, а што хлусня, што можна казаць уголас, а што небяспечна, – жыць не камфортна. Расце трывога, страх, незадаволенасць, агрэсія, а разам з імі і рызыка хваробаў.

Дык вось простаму ўкраінцу сёння не трэба хавацца і баяцца казаць, што думаеш, не трэба падстройвацца пад ідэалогію ці палітыку дзяржавы, не трэба пастаянна знаходзіцца ў стрэсе, калі не ведаеш, куды заўтра падзьме вецер перамен, што прыйдзе ў галаву начальству. Няма страху, што не працягнуць кантракт за палітычныя погляды, што схопяць на вуліцы за рускую (украінскую) мову,  адбяруць уласнасць, “аптымізуюць” школу, прымусяць фальсіфікаваць выбары, нашлюць праверку, ці выклічуць у кабінет дырэктара, дзе прышчавы хлопец з КДБ пачне цябе шантажаваць, каб стукаў на суседа ці сябра.  Можна са мной не пагаджацца, але, нягледзячы на тое, што ва Украіне вайна, там просты чалавек адчувае сябе ў большай бяспецы, больш абароненым, больш упэўненым у сабе і будучыні. І гэта наўпрост звязана з пералічанымі вышэй адрозненнямі, якія на першы погляд простаму чалавеку нічога не даюць. Як казаў Уінстан Чэрчыль, дэмакратыя, гэта калі табе ў сем раніцы звоняць у дзверы, а ты думаш: а, малочнік! Не дарма апошні Майдан назвалі Рэвалюцыяй Годнасці. Просты чалавек там не жыве у фальшы, страху, нявызначанасці. Ён стаў Чалавекам.

Як ва Украіне, так і ў Беларусі просты чалавек не задаволены. Але мы незадаволеныя тым, што невядома колькі чакаць, каб нешта змянілася да лепшага, а яны незадаволеныя, што мяняецца павольна. Відаць, гэта і ёсць галоўнае адрозненне.