Электронныя дзённікі. Спроба №2

Паліна Пляшко
28.12.2016

Навіна, што праз некалькі гадоў сістэмай электронных дзённікаў i журналаў плануецца ахапіць да 70% беларускіх устаноў адукацыі, выклікала ў байнэце даволі бурнае абмеркаванне.

На бок тых, хто супраць увядзення дзённікаў, сталі не толькі бацькі, якія не хочуць плаціць за такую адукацыйную паслугу і дзеці якіх вымушаны карыстацца двума дзённікамі, але і настаўнікі, якія з-за дадатковай нагрузкі не жадаюць ні траціць на гэта свой асабісты час, ні аплачваць трафік са сваёй кішэні. “Не трэба тануць з галавой у сучасных тэхналогіях, а трэба рабіць усё ў меру, бо хто хоча вучыцца, той будзе вучыцца і без электронных дзённікаў!"— прыкладна такія думкі выказвалі беларускія бацькі і настаўнікі ў каментарах з аднаго боку. “Ура! Сучасны свет прыходзіць у школьную сістэму адукацыі!” — выказваліся іншыя.

Гадоў чатыры-пяць таму ў маёй школе ў Слоніме таксама была распачата спроба ўвядзення электронных дзённікаў. Магчымасць валодання такім дзённікам залежала ад выбару бацькоў вучня. Каля паловы бацькоў маіх аднакласнікаў згадзіліся тады на карыстанне электроннымі дзённікамі. Яны былі бясплатнымі. Праўда, тыя дзённікі, на жаль, не прыжыліся. 

Ці трэба зараз беларусам ламаць коп’і наконт таго, уводзіць ці не ўводзіць электронныя дзённікі? Можа, лепей было б звярнуць увагу на досвед іншых краін?! 

Віёла, мая польская сяброўка, якая вучыцца ў Беластоцкім універсітэце, кажа, што ў іх краіне існуюць як папяровыя, так і электронныя дзённікі і гэта залежыць ад таго, наколькі школа адпавядае сучасным патрабаванням. Але большасць навучальных устаноў у Польшчы ўжо перайшлі на выкарыстанне электронных дзённікаў, зазначае Віёла. Яна лічыць сябе традыцыяналісткай, і для яе зручней карыстацца папяровым дзённікам, таму што можна праверыць свае ацэнкі адразу пасля кантрольнай ці самастойнай работы і не трэба запамінаць паролі для ўваходу ў сістэму. А часам бывае так, што няма інтэрнэту або электрычнасці дома і немагчыма праверыць свае адзнакі, заўважае сяброўка. З другога боку, папяровы дзённік можна сапсаваць, разліць на яго каву і г.д., а электронныя знішчыць немагчыма. Паводле слоў Віёлы, такая функцыя існуе ў Польшчы ўжо каля 10 гадоў, але сур'ёзна польскія школьнікі пачалі карыстацца дзённікамі дзесьці пяць гадоў таму. Паслуга такая платная.

Як расказвае Кутай, студэнт з Турцыі, папяровых дзённікаў яны не маюць ужо пяць-шэсць гадоў. Калі вучань хоча сам запісаць свае адзнакі альбо дамашнюю працу, ён запісвае гэта ў свой уласны нататнік. Са слоў Кутая, у іх існуе спецыяльны сайт, дзе выстаўляюцца ўсе адзнакі, а таксама ёсць расклад урокаў, акадэмічны каляндар, іншая інфармацыя ад настаўнікаў. І ўсё гэта бясплатна. 

Іспанец Мануэль канстатуе, што ўжо некалькі гадоў як школы, так і ўніверсітэты выкарыстоўваюць бясплатныя электронныя базы дадзеных, у тым ліку электронныя падручнікі.

Рэджэйн з Францыі распавядае, што ў пачатковых класах у дзённіках яны пісалі толькі дамашняе заданне, адзнакі ў іх не выстаўляліся. А ў сярэдняй школе, як і ў ВНУ, ім прапаноўваюць асабісты акаўнт на адмысловым сайце, дзе выстаўляюцца адзнакі, размяшчаюцца дакументы адміністрацыі і іншая інфармацыя. Таксама на гэтым сайце кожны можа задаваць пытанні сваім настаўнікам, і ўсё гэта не патрабуе аніякай аплаты. Такая сістэма ў Францыі існуе крыху менш за 10 гадоў. 

…Калі большасць развітых краін выкарыстоўваюць электронныя дзённікі і журналы на працягу ўжо некалькіх гадоў, то ў нас яшчэ ўсё спрачаюцца на гэты конт, а не ўстараняюць праблемы, якія перашкаджаюць ўкараненню гэтага новаўвядзення і тармозяць увесь працэс.

Галоўнае ў школе — гэта вучні. І дзеці заўсёды будуць перадавым пакаленнем у параўнанні са сваімі бацькамі і нават настаўнікамі. А школа без новаўвядзенняў, без сучасных камп’ютараў і Wi-Fi падаецца ім нуднай і архаічнай.