«Ацэнка, якая дапамагае вучыцца»: вэбінар

Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні ГА «Таварыства беларускай школы», каардынатар дыстанцыйных курсаў «Актыўная ацэнка» і партала nastaunik.eu і Алена Радзевіч, начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», ментар дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы на Shostka EdCamp падзяліліся са слухачамі вэбінара «Актыўная ацэнка – гэта ацэнка, якая дапамагае вучыцца» беларускім досведам выкарыстання актыўнай ацэнкі (Formative assessment, або АА).
 
У вэбінары эксперткі распавялі пра актуальнасць і гісторыю актыўнай ацэнкі, пазнаёмілі слухачоў і элементамі АА і стратэгіямі яе ўкаранення. «Актыўная ацэнка – гэта не беларускае ноу-хау. Упершыню пра яе пачулі ад брытанскіх даследчыкаў Пола Блэка і Дзілана Уільяма ў 1998 годзе. Паводле Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, «Актыўная ацэнка – гэта рэгулярная і інтэрактыўная ацэнка прагрэса вучня і яго разумення вучэбнага матэрыялу дзеля далейшай карэкцыі і вызначэння эфектыўных метадаў яго навучання».
 
Тамара Мацкевіч і Алена Радзевіч у вэбінары даказалі, што выкарыстанне настаўнікам на ўроках менавіта сістэмы актыўнай ацэнкі найбольш істотна ўплывае на якасць адукацыі. Растлумачылі, чым АА адрозніваецца ад звычайнай ацэнкі ў балах і якія фактары ўплываюць на дасягненні вучняў. Падрабязна спыніліся на кожным элеменце актыўнай ацэнкі: пастаноўцы мэтаў, вызначэнні крытэраў дасягнення мэты, граматным задаванні ключавых пытанняў, забяспечванню зваротнай сувязі, узаемаацэнцы і самаацэнцы, а таксама ўзаемадзеянню з бацькамі. Эксперткі прывялі меркаванні настаўнікаў, якія карыстаюцца АА, і паказалі пазітыўны вынік і вопыт прымянення сістэмы ў класе.
 
Дарэчы, калі вы ўжо выкарыстоўваеце актыўную ацэнку ў сваёй працы, – адзначаецеся на інтэрактыўнай мапе. Давайце разам яе створым і паглядзім, у якім рэгіёне АА выкарыстоўваецца больш за ўсіх!