Сяргей Фадзін, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 26 г.Гродна, прапануе цікавую PR-акцыю, каб папулярызаваць сярод вучняў прадмет «Фізіка».
PR-акцыя – гэта акцыя, якая праводзіцца для стварэння станоўчага іміджу і прыцягнення ўвагі. Як паказвае практыка, многія навучэнцы лічаць фізіку складаным і незразумелым прадметам і для таго, каб павысіць пазнавальны інтарэс школьнікаў да яго, была абрана менавіта такая форма правядзення мерапрыемства. Акрамя таго, PR-акцыя мае высокі медыяпатэнцыял. Пошук і праца з інфармацыяй, уплыў на пэўныя слаі грамадства, а таксама лабіраванне некаторых сваіх, інтарэсаў, як раз і складае аснову дзейнасці PR.
PR-інфармацыя можа распаўсюджвацца рознымі спосабамі. Такім чынам, у вучняў з'яўляецца магчымасць папрацаваць з рознымі відамі медыя: рэкламай, сацыяльнымі сеткамі, газетай, ньюс-рэлізам, медыя-планам і інш. І прымяніць на практыцы веды аб структуры і спецыфіцы кожнага асобнага віду.
Кароткае апісанне ўроку: Вучням прапаноўваецца некалькі тыпаў заданняў, якія ацэньваюцца рознай колькасцю балаў. Кожны тып задання можна выканаць толькі адзін раз. PR-акцыя доўжыцца некалькі дзён. Да канца акцыі навучэнцы павінны набраць пэўную (жаданую) колькасць балаў і «абмяняць» іх на адзнаку.
Медыякампетэнцыі вучняў:
- ведаюць, як абʼядноўваць інфармацыю з розных крыніц належным чынам, каб прадставіць яе аўдыторыі.
- разумеюць прычыны абмежавання выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вырашэнні пэўных задач
- умеюць свядома ствараць медыйны вобраз у залежнасці ад кантэксту
- умеюць выкарыстаць патэнцыял сацыяльных сетак у сваіх мэтах
- здольныя кіраваць ІТ-інфраструктурай; маюць адпаведныя тэхнічныя навыкі, якія дазваляюць выбіраць для канкрэтных задач канкрэтныя інструменты і тэхналогіі
- здольныя ствараць інфармацыйныя і рэкламныя тэксты
- разбіраюцца ў асаблівасцях медыяжанраў
- здольныя стварыць комплекс рознага мэдыякантэнту на зададзеную тэму
- могуць апісаць і пракаментаваць навакольнае асяроддзе і працэсы, што ў ім адбываюцца
Удзельнікі: навучэнцы 9-11 класаў
Ход мерапрыемства: Настаўнік збірае вучняў і абвяшчае аб пачатку PR-акцыі. Знаёміць з правіламі і заданнямі.
У канцы PR-акцыі настаўнік зноў збірае вучняў. Навучэнцы прэзентуюць свае працы, галасуюць за самае цікавае / складанае / папулярнае заданне, падводзяць вынікі і выбіраюць наступны прадмет, які, на іх думку, мае патрэбу ў PR-кампаніі.
Сцэнар мерапрыемства і прыклады заданняў да яго можна спампаваць тут.