Блог Тамары Мацкевіч
У адным даследаванні прачытала пра сувязь каштоўнасцяў, якія дамінуюць у грамадстве, з яго эканамічным станам і перспектывамі развіцця.
Паводле тэорыі мадэрнізацыі Інглхарта пэўны эканамічны ўзровень развіцця прыводзіць да з'яўлення пакалення людзей, якія ужо не баяцца за сваё выжыванне. У гэтым пакаленні адбываецца зрух каштоўнасных установак ад матэрыялістычных і канфармісцкіх у бок самавыяўлення, індывідуалізму, даверу і талерантнасці. Гэтыя каштоўнасці ствараюць новае асяроддзе, якое яшчэ больш спрыяе эканамічнаму росту і ў той жа час сацыяльнай згуртаванасці і дэмакратызацыі.
Малюнак 1. Зрух каштоўнасцяў за апошнія 30 год. Крыніца малюнка: https://studme.org/
Такім чынам, навукоўцы робяць высновы, што пазітыўныя змены адбываюцца ў тых грамадствах, дзе каштоўнасці грамадзян змяшчаюцца ад каштоўнасцяў выжывання ў бок каштоўнасцяў самавыяўлення. Імкненне да свабоды і дэмакратыі з'яўляецца агульначалавечым, але яно ўласціва толькі тым грамадствам, у якіх ужо задаволены першасныя патрэбы.
Беларусы, здаецца, даўно не галадаюць і забыліся пра дэфіцыт савецкіх часоў. (Усё ж такі аўтарытарызм нашмат прыемнейшы за таталітарызм!) Здаецца, мы павінны рухацца ў слушным кірунку, што і паказвае зрух каштоўнасцяў на графіку.
Але і без графікаў працадаўцы добра ведаюць, што большага дасягае той, каму рабіць сваю справу цікава, а не той, хто імкнецца зарабіць больш грошай. У выніку той, хто робіць справу дзеля задавальнення, і атрымлівае больш грошай за яе. Менавіта каштоўнасці самавыяўлення павінны прывесці нас да лепшых матэрыяльных даброт.
Аднак не так усё проста. Каштоўнасці мяняюцца з пакаленнямі. Бывае цяжка размаўляць з даволі заможнымі людзьмі, якія не могуць “пераключыць тумблер” і робяць выгляд, што дагэтуль выжываюць. А яшчэ цікава назіраць за айцішнікамі. Яны маюць магчымасць знайсці добрааплатную працу, падарожнічаць па свеце, але пакуль не ўмеюць быць шчаслівымі. У кадыроўшчыкі-тэстыроўшчыкі ідуць цяпер усе. Самае сумнае, што матэрыяльным выгодам і нятворчай працы праграміста аддаюць перавагу тыя, хто нарадзіўся з талентам доктара, інжынера, мастака ці настаўніка, каму наканавана прыродай працаваць з людзьмі ці тэхнікай, а не са знакавай сістэмай.(Дарэчы, нідзе ў свеце такога перакосу заробкаў няма, бо адказнасць і ўзровень кваліфікацыі доктара ці канструктара мастоў немагчыма параўнаць з праграмерскім.) З часам разумныя людзі ўсведамляюць, што вечна аўтсорсіць у ПВТ і марнаваць жыццё на гульні-танчыкі, мабільныя аплікацыі для продажу піццы ў Чыкага ці віртуальныя сэрвісы для сеткі фітнэс-клубаў для амерыканскіх таўстуноў – сумнеўнае задавальненне. А шчасце прыносіць, калі ты робіш нешта больш патрэбнае і карыснае для свайго асяроддзя, свайго грамадства. Калі атрымліваеш павагу і прызнанне. Але ўсвядоміць гэта здолелі толькі адзінкі. Менавіта яны спрабуюць заснаваць школкі для беларускіх дзетак, дапамагчы хворым ці экалогіі... Але каб пайсці на год-другі ў школу, выкладаць матэматыку і весці гурток камп’ютарнага дызайну, як масава робяць амерыканцы, - пакуль не гатовыя! Зрабіць у вольны час агульнабеларускую платформу для бясплатных вэбінараў ці МООС (масавага адкрытага анлайн навучання) – таксама пакуль не дараслі. Нічога. Дарастуць. Каштоўнасці ж развіваюцца, і каштоўнасці выжывання – гэты саўковы “гонар жабрака”, які не дае рабіць добрыя справы, - некалі знікне.
Але ёсць адна сацыяльная група, для якой каштоўнасці самавыяўлення – натуральны стан. Гэта настаўнікі. Большасць настаўнікаў працуе ў школе не дзеля славы і грошай. У іх праца – гэта сапраўдны драйв, які яны адчуваюць, калі ствараюць будучыню. Гэта дзякуючы ім ( ну і бацькам – тым, хто корміць-апранае) у моладзі матэрыяльныя каштоўнасці паступова саступаюць сваё месца іншым, больш перспектыўным для развіцця і для дабрабыту. Цяпер трэба падумаць, каб нашым дзецям не падрэзаць крылы, каб яны самарэалізаваліся тут і цяпер. Каб ім было цікава жыць.
Што мы можам зрабіць?
- Калі вы настаўнік ці дырэктар школы – станьце шчытом паміж вучнямі і ўсякімі начальнікамі, ідэолагамі, аматарамі алімпіяд, конкурсаў і запоўненых трыбун. Хай дзецям будзе камфортна ў школе, хай яны не баяцца атрымаць кепскую адзнаку, не баяцца памыліцца, адчуюць смак творчасці і працы ў камандзе. Дзеці, вырасшы без страху, будуць мець тыя каштоўнасці, якія прывядуць нас усіх да дабрабыту.
- Не бойцеся самі. А каб не баяцца, трэба мець моцную прафесійную пазіцыю. Таму развівайцеся. Чытайце літаратуру, вучыце ангельскую мову, далучайцеся да прафесійных суполак у сацсетках, дзе гуртуюцца такія ж моцныя людзі. Прафесія корміць. Паглядзіце, колькі засноўваецца альтэрнатыўных школ і адукацыйных асяродкаў, ствараецца анлайн-платформ і курсаў! І ўсім трэба прафесійныя кадры.
- Вызначыцеся і займіце грамадзянскую пазіцыю. Гэта сапраўды важна. Грамадзянін-настаўнік можа паказаць прыклад вучню, што можна і трэба жыць з паднятай галавой, быць карысным, значыць, быць шчаслівым. Паглядзіце на Ганну Севярынец. Нават міністр адукацыі не асмеліцца пазбавіць працы гэту настаўніцу рускай мовы і літаратуры, якая на на ўсю краіну заявіла, што нам трэба вывучаць беларускую і сусветную літаратуру, а не марнаваць час на рускую. Бо толькі наша літаратура можа адказаць на пытанні, якія з’яўляюцца ў нас. Руская літаратура адказвае на пытанні рускіх людзей. Наш міністр-камуніст не мае моцнай пазіцыі, робіць тое, што загадаюць. Ён хаваецца ад людзей, ад журналістаў, не здольны на ўчынкі, бо ведае, што яго ідэалогію раздзяляе толькі 1 % беларусаў. Не ён, а Ганна Севярынец сёння задае кірунак развіцця адукацыі Беларусі і паказвае прыклад калегам.
Малюнак 2. 65% беларусаў вызначаюць сябе як цэнтрысты і правацэнтрысты. Крайне левыя (камуніcтычныя) погляды маюць толькі 1,1% беларусаў. Крыніца: http://www.worldvaluessurvey.org/WVSOnline.jsp
Навукоўцы сцвярджаюць, што свет, у тым ліку і Беларусь, рухаецца да дэмакратыі, а значыць да дабрабыту. Аднак вельмі павольна. Можа таму, што нашы кіраўнікі занялі маргінальную пазіцыю і выбралі іншы кірунак, не той, які выбірае большасць беларусаў.
Малюнак 3. 85,3 % беларусаў лічаць, што дэмакратыя - добрая сістэма кіравання для Беларусі. Крыніца: http://www.worldvaluessurvey.org/WVSOnline.jsp
Малюнак 4. Толькі 15,9 % беларусаў лічаць, што добра мець ва ўладзе моцнага лідара. Крыніца: http://www.worldvaluessurvey.org/WVSOnline.jsp
Аўтары даследаванняў пішуць: краіны з аўтарытарным рэжымам маюць шанец праз 15-20 гадоў стаць больш дэмакратычнымі і адпаведна больш заможнымі. Засталося няшмат пачакаць, ну і папрацаваць дзеля самавызначэння і самавыяўлення. І тады ўсе зажывем больш свабодна. І зробім свой выбар. А свабода і дэмакратыя абавязкова прывядуць да матэрыяльнага дабрабыту.