У калабарацыі з перадавой навукай: беларускі настаўнік пра ўдзел у навуковай школе ў CERN

“Вельмі добры настаўнік і цікавы чалавек” — лаканічна ахарактарызаваў майго сённяшняга суразмоўцу Мікалай Іванавіч Запрудскі. Думаю, што імя настаўніка фізікі, магістра педагагічных навук з Адэльскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Анатоля Аляксандравіча Аўсейчыка многім вядома, асабліва ўдзельнікам метадычнага летніка ў Альхоўцы, які ладзіцца кожнае лета ўжо амаль 30 гадоў запар. Шмат гадоў Анатоль Аляксандравіч разам са сваімі вучнямі займаецца навуковымі даследаваннямі.

Анатоль Аўсейчык — цікаўны па сваёй натуры чалавек. Нядаўна прага да ўсяго новага дапамагла яму трапіць на адронны калайдар і павучыцца ў Навуковай школе для настаўнікаў фізікі ў СЕRN (Еўрапейская арганізацыя ядзерных даследаванняў у Жэневе), таму сёння ў нашай размове мы закранаем не толькі пытанне вучнёўскіх даследаванняў, але і пагаворым пра ўздзеянне вялікай навукі на школьнага настаўніка.

“Адразу хачу заўважыць, што ў Жэневе я быў не адзіны беларускі настаўнік. У мяне была выдатная кампанія. Побач аказаліся не проста калегі, але і сябры, паплечнікі — настаўнікі фізікі Аляксандр Плятнёў з Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Аляксандр Якубоўскі з Жодзінскай жаночай гімназіі. Увогуле, дарога ў СЕRN адкрыта практычна кожнаму настаўніку фізікі (няважна, дзе ён працуе — у гарадскім ліцэі або невялікай сельскай школе нашай краіны), толькі нельга сядзець на адным месцы і чакаць, што вас туды паклічуць: дзверы адкрываюць таму, хто ў іх стукаецца!” — пачаў нашу гаворку з матывацыі для калег Анатоль Аляксандравіч.

Ад сябе хачу дадаць: і таму, хто развіваецца ў сваёй прафесіі, марыць пра новыя вяршыні. Дарэчы, кумірам Анатоля Аляксандравіча з’яўляецца Томас Эдзісан, на рахунку якога даволі маштабны арсенал вынаходніцтваў. Эдзісан — сусветна вядомы амерыканскі вынаходнік і прадпрымальнік, атрымаў толькі ў ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах свету. Ён удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, распрацаваў адзін з першых камерцыйна паспяховых варыянтаў электрычнай лямпы напальвання. Ён жа стварыў фанограф.

А самай значнай падзеяй у сваім жыцці настаўнік фізікі Адэльскай сярэдняй школы лічыць той момант, калі ён трапіў у метадычны летнік у Альхоўцы. Па сённяшні дзень Анатоль Аляксандравіч з’яўляецца актыўным яго ўдзельнікам і памочнікам М.І. Запрудскага. “24 гады майго прыезду ў Альхоўку паўздзейнічалі на мяне як у прафесійным плане, так і жыццёвым. Нават у Жэневу я трапіў у тым ліку і таму, што столькі гадоў вучуся і працую ў нашым метадычным летніку, мне ёсць што расказаць пра сябе і сваіх калег”, — адзначыў педагог.

Каб стаць удзельнікам навуковай школы ў CERN, трэба прайсці праз конкурс рэзюмэ. Арганізатараў найперш цікавіць ваша прафесійная актыўнасць, але калі вы, напрыклад, падрыхтавалі вучня да міжнароднай алімпіяды, то на месца ў навуковай школе можаце не прэтэндаваць. Калі гаварыць пра асобу Анатоля Аляксандравіча, то ён ужо некалькі гадоў праводзіць заняткі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Спачатку чытаў лекцыі і праводзіў заняткі па камп’ютарнай падтрымцы выкладання фізікі, а зараз расказвае аб сваім вопыце па кіраўніцтве даследчай дзейнасцю навучэнцаў, аб падрыхтоўцы і правядзенні турніраў юных фізікаў ад раённага да рэспубліканскага маштабу. Яшчэ Анатоль Аляксандравіч уваходзіць у рэспубліканскую творчую групу настаўнікаў фізікі пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

“Некалі я займаўся алімпіядным рухам, але вясковым дзецям гэты від інтэлектуальных спаборніцтваў даецца няпроста, бо на алімпіядзе яны застаюцца адны. Даследчая дзейнасць патрабуе працы настаўніка і вучня ў тандэме, што зніжае эмацыянальную нагрузку на дзіця. Такая навуковая калабарацыя прынесла плён. Мае вучні заваёўвалі дыпломы як на абласных навукова-практычных канферэнцыях, так і на конкурсах рэспубліканскага ўзроўню. Ваша газета некалькі гадоў назад пісала пра гальванічны элемент, які быў створаны на аснове бульбянога пюрэ. Аўтарамі ідэі былі я і мой вучань — Марцін Марцішка. Усё гэта і паспрыяла таму, што маё рэзюмэ аказалася выйгрышным”, — падзяліўся Анатоль Аляксандравіч.

Уражанняў з CERN настаўнік Адэльскай сярэдняй школы прывёз шмат - адных толькі фотаздымкаў 2000. “Найперш хачу адзначыць, што CERN — перадавая сучаснай навукі. Мы наведалі практычна ўсе яго кропкі, дэтэктары, Цэнтр касмічнай сувязі з МКС. Размаўлялі з Сэмюэлем Цінгам, кітайскім амерыканскім фізікам-ядзершчыкам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы 1976 года, які атрымаў яе “за асноватворны ўклад па адкрыцці цяжкай элементарнай часціцы новага тыпу”. Яркія ўражанні засталіся ад лекцый, якія чыталі навукоўцы з Дубны і расійскія вучоныя, якія жывуць і працуюць у CERN. Праводзілі эксперыменты, лабараторныя работы, самі рабілі дэтэктары (па-за межамі калайдара, канечне)”, — расказаў настаўнік.

Вялікі адронны калайдар — самы магутны паскаральнік зараджаных часціц на сустрэчных пучках, які прызначаны для разгону пратонаў і цяжкіх іонаў (іонаў свінцу) і вывучэння прадуктаў іх сутыкненняў. Гэта самая буйная эксперыментальная ўстаноўка ў свеце. У будаўніцтве і даследаваннях удзельнічалі і ўдзельнічаюць больш за 10 тысяч навукоўцаў і інжынераў больш чым са 100 краін. Вялікім ён названы з-за сваіх памераў: даўжыня асноўнага кальца паскаральніка складае амаль 27 кіламетраў. Адронным — таму што паскарае адроны (цяжкія часціцы, якія складаюцца з кваркаў).

А калайдарам (англ. соllіdе — сутыкацца) — з-за таго, што пучкі часціц паскараюцца ў процілеглых напрамках і сутыкаюцца ў спецыяльных кропках. Для даследавання вынікаў гэтых сутыкненняў у чатырох кропках скрыжавання пучкоў устаноўлены дэтэктары. Дэтэктар АTLАS прызначаны для пошуку новых невядомых часціц, якія могуць падказаць навукоўцам шляхі да новай фізікі, адметнай ад стандартнай мадэлі. Дэтэктар СMS — для атрымання базона Хігса і даследавання цёмнай матэрыі.

Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў сумесна з Еўрапейскай арганізацыяй ядзерных даследаванняў (CERN) ужо 10 гадоў арганізуе навуковыя школы для настаўнікаў фізікі з краін — удзельніц АІЯД у Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў у Швейцарыі. Праграмы праводзяцца на базе найбуйнейшых сусветных навуковых цэнтраў — Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў і Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (СЕRN). Іх мэта —скарачэнне адлегласці паміж школай і фундаментальнай навукай, а таксама распаўсюджванне сучасных навуковых ведаў сярод шырокай аўдыторыі.

У гэтым годзе школа праходзіла з 4 па 11 лістапада. Праграма школы ўключала лекцыі, наведванні эксперыментальных установак, сустрэчы з фізікамі ў рабочай і нефармальнай атмасферы, экскурсіі. Лекцыі і экскурсіі праводзілі супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў, Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў і іншых навуковых арганізацый, чые супрацоўнікі працуюць у CERN.

Удзельнікі апошняй навуковай школы сфармулявалі 10 прычын для ўдзелу ў конкурсным адборы і неабходнасці паехаць у CERN:

  1. Якім бы выдатным настаўнікам фізікі вы ні былі, у цэнтры вашу кваліфікацыю падымуць у разы і сфарміруюць цэласнае ўяўленне аб сучаснай фізіцы часціц.
  2. Вам пакажуць сучасныя эксперыментальныя ўстаноўкі і раскажуць пра прынцып іх дзеяння. Апусцяць на 90 метраў пад зямлю і прымусяць па-дзіцячы дзівіцца сіле магнітнага поля, якое перакрыўляе ў прасторы вісячы на жалезнай трубе ланцужок сашчэпак.
  3. Унікальныя лектары, вялікія навукоўцы адкажуць на ўсе пытанні, колькі б вы іх ні задавалі, а на апошняй вячэры раздадуць свае візітоўкі з абяцаннем прыехаць на Дні фізікі, калі вы будзеце іх праводзіць у сваім горадзе.
  4. Вам дапамогуць падабраць сучасныя, рэальныя задачы для рашэння з вучнямі.
  5. Правядуць з вамі захапляльную лабараторную работу па стварэнні камеры Вільсана і назіранні трэкаў часціц, якую вы абавязкова захочаце паўтарыць са сваімі вучнямі.
  6. Адвядуць вас у найпрыгажэйшы музей “Мікракосм”, дзе пакінуць ненадоўга вохкаць і ахаць, разглядаючы першы паскаральнік памерам з далонь.
  7. Дадуць у рукі заданні найцікавейшага і няпростага квеста — і вы будзеце насіцца па Жэневе нават пад праліўным дажджом у пошуках адказаў на пытанні па гісторыі старога горада. Або не будзеце і спыніцеся ў парку, каб згуляць з мясцовымі шахматыстамі ці выпіць кубак духмянай кавы, сузіраючы правільныя геаметрычныя формы парку і разважаючы над матэматычнымі задачамі, якія можна было б тут рашаць.
  8. Матывуюць на вячэрнія інтэлектуальныя і вясёлыя гульні з калегамі, якія стануць для вас сябрамі.
  9. Пазнаёмяць вас з іншымі праграмамі АІЯД і CERN, у якіх могуць прыняць удзел не толькі настаўнікі, але і школьнікі.
  10. Дадуць вам магчымасць паглядзець не толькі Швейцарыю, але і Францыю, запросяць на званую вячэру, каб вы не толькі маглі атрымаць асалоду ад смаку фан дзю, але і ў нефармальнай атмасферы задаць лектарам усе пытанні, якія саромеліся агучыць на лекцыях.

Пад усімі гэтымі пунктамі падпісаўся і Анатоль Аляксандравіч, заўважыўшы, што разам са сваімі беларускімі калегамі-сябрамі яны не проста прайшлі квест, а зрабілі гэта першымі!

Акрамя таго, па ініцыятыве адэльскага настаўніка, для расійскіх калег, якія таксама прыехалі за навуковымі ўражаннямі ў CERN, была праведзена міні-канферэнцыя па новых тэхналогіях, якія актыўна ўкараняюцца ў беларускіх школах — актыўнай ацэнцы, медыяадукацыі, перавернутым класе. Многія расійскія настаўнікі нават не чулі пра іх існаванне, таму некаторыя выказалі жаданне прыехаць у Беларусь за перадавым вопытам. Запрашаў іх Анатоль Аляксандравіч і ў Альхоўку.

А пасля прыезду на радзіму А.А. Аўсейчык не перастае дзяліцца ўбачаным і пачутым у CERN са сваімі калегамі і вучнямі. Нават правёў адкрытую лекцыю з прэзентацыяй, тым самым скараціў адлегласць паміж школай і фундаментальнай навукай. Думаю, што такая адкрытасць дазволіць педагогу запаліць вочы не аднаго вучня.

Дэтэктар АLІСЕ — для даследаванняў матэрыі пасля вялікага выбуху і пошуку кваркглюоннай плазмы, а дэтэктар LHСb даследуе прычыну прэваліравання матэрыі над антыматэрыяй. Каб уявіць маштабы, дастаткова сказаць, што на дзвюх самых вялікіх устаноўках — АTLАS і СMS — задзейнічаны прыкладна па дзве тысячы чалавек. У АTLАS гэта дзве тысячы чалавек з 35 інстытутаў! А кошт кожнай з іх перавышае паўмільярда долараў.

З апошніх дасягненняў навукова-даследчай калабарацыі педагога і вучня 10 класа Уладзіслава Тамшэля — дыплом ІІІ ступені на Гродзенскім абласным конкурсе навукова-практычных работ школьнікаў “Крыштальная альфа”. “Мы прадстаўлялі работу “Даследаванне тэмпературнай залежнасці хуткасці распаўсюджвання гукавых хваль у газе праз іх візуалізацыю з дапамогай трубы Рубенса”. Да нас ніхто гэтую тэмпературную залежнасць не шукаў. Мы выкарысталі сучасны датчык тэмпературы і адпаведныя камп’ютарныя праграмы. У выніку прыгожа паказалі, што хуткасць гуку мяняецца (узрастае), і гэта пры будове газаправода трэба ўлічваць”, — патлумачыў настаўнік. Дарэчы, даследаванне было адзначана на абласным (дыпломам І ступені) і рэспубліканскім (дыпломам асаблівага ўзору) этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

А на маё пытанне “Як падбіраеце тэмы для школьнага даследавання, якія б адпавядалі ўзросту вучня і яго захапленням?” Анатоль Аляксандавіч адказаў хутка і проста: “У нас жа ёсць інтэрнэт!”. Пасля працягнуў: “А ў інтэрнэце ёсць YouTube, дзе можна знайсці шмат фізічных доследаў. Фізічныя доследы можна апісваць з пункту гледжання фізікі і шукаць ім практычнае прымяненне. Восьмая крыніца. Канечне, трэба вельмі многа часу прасядзець у інтэрнэце, шмат чаго перагледзець, прааналізаваць, прымераць да свайго вучня. У мяня на цяперашні момант у запасе 4 новыя даследаванні”, — падзяліўся А.А. Аўсейчык.

Вольга ДУБОЎСКАЯ

Арыгінал - тут.

Фотарэпартаж А. Аўсейчыка, А. Плятнёва і А. Якубоўскага прападарожжа на Вялікі адронны калайдар - тут.