Пётра Садоўскі «Дзве душы: "Русский мир" і Беларускі свет у слове», Частка ІV

Напярэдадні Новага году мы завяршаем публікацыю цыклу артыкулаў "Дзве душы: "Русский мир" і Беларускі свет у слове" Пётры Садоўскага - вядомага беларускага мовазнаўцы, палітыка і дыпламата. У апошняй частцы цыклу аўтар шукае адказ на пытанне, якія выпрабаванні праходзіць нацыя на шляху фарміравання і адраджэння.

Чытаць Частку I>>

Чытаць Частку II>>

Чытаць Частку III>>

Дзве душы: «Русский мир» і Беларускі свет у слове

Частка ІV. У пошуку бадзёрых метафар

Назіраўшы за тым, як за апошнія гадоў 20, калі дзяржаўная культурная палітыка застаецца скіраванай на русіфікацыю, нашы журналісты, пісьменьнікі, публічныя асобы, што карыстаюцца беларускай мовай, усё часцей бяруць напракат метафары, крылатыя выразы, прымаўкі, параўнанні – ўвесь асацыятыўны свет – з расейскай мовы, я паспрабаваў скласці для сябе нешта накшталт параўнальнага спісу расейска-беларускіх асацыяцый. Пра гэта я ўжо пісаў неаднойчы ў нататках, прысвечаных культуры маўлення і беларускаму культурна-антрапалагічнаму “коду”. Частку з іх можна лёгка знайсці ў маім ЖЖ (sadouski.livejournal.com) за мінулыя гады.

Калі пачалася расейская агрэсія супраць Украіны, аналітыкі ўсё часцей загаварылі пра тое, што яна стала каталізатарам для канчатковага дафармаваньння сучаснай украінскай нацыі. У свой час і еўрапейскія інтэлектуалы (Э. Рэнан, Х. Артэга і Гасэт, П. Слотэрдайк) адзначалі, што для канчатковага сталення нацыі неабходныя сумесныя крывавыя ахвяры, якія б сталі сімвалам вечнага адзінства. На «Моўных сустрэчах» летась мы спрабавалі ў інтэрактыўным пошуку знайсці беларускі адпаведнік расейскаму “Дело прочно, когда под ним струится кровь”. Гаварылі пра бітву пад Воршай, Каліноўскага, БНР, Слуцкі збройны чын, Саюз беларускай моладзі, Міхася Чарняўскага ды ягоных юных змагарных землякоў, легендарную «Майстроўню», камуністычны і лукашэнкаўскі пераслед нашых сучаснікаў, але ёмкіх ды кароткіх афарызмаў не знайшлі. Прыдалося нешта блізкае з Купалавага «Званара»: “Эх, бо ведае свет, што вялікіх дум цвет адно толькі на зломе ўзрастае”. Ад заломаў, пакутаў ды прыспанага народу Я. Купала прыйшоў да ідэі “злому”, і ў 1918 годзе да цыклу «Ваярскія матывы», дзе не гаварылася пра “крывавыя мукі”, як у “ваяцкім маршы” Макара Краўцова «Наперад шчыльнымі радамі», але прагучала цвёрдая надзея, што мы прыйдзем да сваёй Беларусі:

Будзь здарова, бацька. маці,

Мы пайшлі ўжо ваяваці.

Паваюем, пагаруем,

На Радзіме запануем,

Запануем, як і людзі,

Вораг ў хату лезць не будзе...

Сьвішча куля ё–ха-ха

Каля вуха дзецюка...

Некалі, калі яшчэ быў жывы прафесар Фёдар Янкоўскі, высілкамі ягонай кафедры былі выдадзеныя асобнай брашурай Купалавы “аптымістычныя афарызмы”. Варта ўзгадаць і шматлікія патрыятычныя рытмічныя песні і ваярскія маршы Вайцюшкевіча, Мельнікава, Бартосіка, Касі Камоцкай, Вольскага і іншых, што апошнім часам выйшлі малым друкам і на дысках. На заключэнне – фантастычнае параўнаньне.

Скажы “Шыбалет”! – “Сібалет” [1]

У 2008 г. у «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніжка «Мой Шыбалет». Я – аўтар гэтай кніжкі. Чаму я ўзгадваю пра гэта? Мне здаецца, што калі б цяпер здарыўся ўсясветны патоп і з друкаванага пра нас і расейцаў нічога не засталося акрамя прымавак ды прыбабунек, то нас можна было б параўноўваць з старазапаветнымі ефраімітамі, а расейцаў – з геліядытамі. Пра іх напісана ў Старым запавеце ў Кнізе суддзяў (12:5). Першых было мала, працавалі яны, як мурашкі, свае пясчаныя дзялкі ператваралі ў зялёныя аазісы. Другіх было шмат, яны захоплівалі ўсё новыя землі, ім усё было цесна. Працаваць на зямлі яны не надта любілі ды і не ўмелі. Вось прыйшлі яны на зямлю ефраімітаў, пасевы здратавалі, каналы вычарпалі, частку народу забілі, частку забралі ў палон. Шмат хто з ефраімітаў уцёк у лес. Паставілі геліядыты пасты на Ярдане ды пачалі ефраімітаў, як ваўкоў, загонам гнаць з лесу да ракі. Выходзяць бедалагі з кустоў, знешне ад пераможцаў мала чым адрозніваюцца. Пытаецца геліядыт на “блок-посце” чалавека з лесу: “Ты хто – ефраіміт ці геліядыт”. Той адказвае: “Я – Ваш. Геліядыт я, спадар вартавы...”. Вартавы чухае патыліцу: сумняецца, ці сапраўды гэты праўду кажа. Але тут устаўляе свае тры грошы надта адукаваны палонны ефраіміт, што пайшоў прыслужваць геліядытам: “А Вы, гаспадзін начальнік блок-паста, прыкажыце яму между протчым, каб праізнёс слова “Шыбалет”. У нашам языке няма звука “ш”! “. Вартавы так і зрабіў. А чалавек з лесу сапраўды не змог вымавіць гук [ш] і сказаў: “Сібалет”. Так на берагах Ярдана палегла 42 тысячы ефраімцаў. Яны, як тыя ліцвіны, што і паміраючы дзекаюць, пад пагрозай смерці не змаглі выйсці з свайго “ефраімскага свету”.

[1] Старажытнагабрэйскае слова (shibboleth) абазначае “колас”, “галінка”, “крыніца”. Склад пад націскам у слове – другі. Лагічна было б пісаць па-беларуску “шыболет”. Аднак я вырашыў не парушаць традыцыю перадачы гэтага слова, закладзеную, на маё знаццё, ва ўсходнеславянскай філалогіі Аляксандрам Пушкіным, які, з шкадаваньнем гаворачы пра звычкі расейцаў, пісаў у 10-м раздзеле «Яўгенія Анегіна»: “Авось, о Шиболет народный, / Тебе б я оду посвятил...” Тут паэтычны рэфлекс Пушкіна, пэўна, ідзе ад Байрана, які пісаў пра свайго Дон Джуана: “Juan, who did not understand a word of English, / Save their shibboleth “god damn! (бел. Жуан, які не разумеў ніводнага слова па-ангельску, за выключэннем іхнага шыболету “god damn!”). Паводле іншай версіі, Пушкін меў на ўвазе князя Вяземскага, які раней за яго пісаў пра расейскае “Авось!”

 

Пётра САДОЎСКІ