1. Навошта ствараць медыятэкст нежурналісту?
Нават калі вы думаеце, што вы не будзеце ніколі гэта рабіць, вы памыляецеся. Рана ці позна вам прыдзецца скласці і размясціць на сайце сваё рэзюмэ, каб атрымаць добрую працу, напісаць абвестку, распаўсюдзіць яе праз сацыяльныя сеткі, зняць і запампаваць на youtube ролік для сваіх сяброў...
Школа - якраз тое месца, дзе можна і трэба гэтаму навучыцца.
Ну і яшчэ адзін аспект.
Каб зразумець, як уздзейнічае на свядомасць і паводзіны чалавека медыятэкст, створаны з пэўнай мэтай, трэба паспрабаваць яго стварыць самаму. Напрыклад, калі вы створыце ролік з сацыяльнай рэкламай па ўсіх правілах, то вас рэкламшчыкі наўрад ці падчэпяць на свой кручок: вы будзеце ведаць і распазнаваць усе шляхі маніпуляцый, якія яны ўжываюць.
Вучні і настаўнікі СШ №26 г Гродна знялі фільм жахаў, каб паказаць як з дапамогай музыкі, колераў і асвятлення можна ўплываць на нашы эмоцыі пры праглядзе.
Тое самае можна сказаць і пра любы іншы аспект медыяпісьменнасці. Напрыклад, найлепшы спосаб зразумець ролю медыя ў грамадстве – зрабіць школьную газету, якая будзе выконваць ролю чацьвёртай улады: падымаць важныя пытанні, быць незалежнай ад адміністрацыі школы, рабіцца самімі вучнямі, прытрымлівацца правілаў журналісцкай этыкі.
2. Як стварыць медыятэкст?
Медыятэкст ці медыяпаведамленне - гэта паведамленне любога віду і жанру, перададзенае з дапамогай візуальных або аўдыясродкаў і створанае для масавага распаўсюду. Гэта можа быць рэкламнае паведамленне ці ролік, артыкул для Вікіпедыі, запіс у блогу, фотакалаж ці інфаграфіка. Мы прапануем толькі некалькі рэкамендацый.
- Падумайце пра мэту вашага паведамлення і адкажыце для сябе на 3 пытанні: Што я хачу сказаць? Каму? і Навошта? (Магчыма, мэтай вашага паслання будзе інфармаванне, прыцягненне ўвагі да важнага пытання, даследаванне, навучанне, проста забава і г.д. ) Памятайце, што любы медыятэкст утрымлівае медыяпасланне (мэсыдж). Мэсыдж можа быць зашыфраваны ў тэксце і дзейнічаць на падсвядомасць.
- Вызначце форму, якая найбольш эфектыўна перадасць задуманы вамі пасыл да выбранай мэтавай групы. Гэта можа быць відэафільм, ролік, блог, артыкул, пост у сацыяльнай сетцы, радыёперадача, публіцыстычная нататка, інфаграфіка, плакат, карыкатура, гульня…
- Калі вы вызначыцеся з жанрам і формай, то можаце скарыстацца той часткай далейшага матэрыялу, якая дае парады для стварэння таго, што вы абралі. Магчыма, вы нешта карыснае для стварэння свайго медыяпрадукту знойдзеце ў інтэрнэце.
- Падумайце пра адказнае карыстанне медыйнай прасторай: бяспеку ў інтэрнэце, захаванне аўтарскіх правоў, пазбяганне плагіяту.
- Размясціце свой медыяпрадукт у інтэрнэце. Усім жадаючым сайт Nastaunik.info прадастаўляе магчымасць публікацыі і гарантуе адсутнасць цэнзуры. Сайт мае больш за тысячу арыгінальных наведнікаў у суткі, і некалькі тысячаў падпісчыкаў у сацыяльных медыя, таму ў вас ёсць магчымасць стаць вядомым.
Калі вы вызначыліся з жанрам медыятэксту, то можаце перайсці да аднаго ці некалькіх з наступных параграфаў гэтага артыкула (на ваш выбар):
- Навошта нам веды пра журналісцкія стандарты
- Як напісаць артыкул, нарыс, эсэ
- Як весці блог (стварыць пост, напісаць запіс у блог)
- Як стварыць відэа-ролік
- Як стварыць сучасную школьную газету
- Як стварыць інфаграфіку
- Як напісаць атрыкул у Вікіпедыю
- Як стварыць рэкламу (антырэкламу)
- Аўтарскія правы ў інтэрнэце. Плагіят. Як вызначыць, ці аўтар сапраўдны
- Бяспека і этыка ў інтэрнэце
3. Навошта нам веды пра журналісцкія стандарты?
4. Як напісаць артыкул, нарыс, эсэ
Некалькі рэкамендацый для напісання тэкставых медыя:
1) Выбар тэмы.
Знайдзіце цікавую гісторыю. Чытайце навіны і размаўляйце з людзьмі, каб знаходзіць гісторыі. Падумайце аб тым, якія падзеі адбываюцца вакол вас, і як вы можаце расказаць пра іх па-новаму.
2) Правядзіце даследаванні па абранай вамі тэме.
Даведаўшыся дадатковую інфармацыю, вы лепш удумаецеся ў тэму і вызначыцеся з пытаннямі для інтэрв'ю. Шукайце інфармацыю не толькі ў інтэрнэце. Для напісання гістарычнага нарысу вам, магчыма, спатрэбіцца наведаць архіў.
3) Вызначыцеся з тым, які тып артыкула вы хочаце напісаць.
Навінныя артыкулы, як правіла, пішуцца па схеме «перавернутай піраміды» і не дазваляюць ужывання эмацыйнай лексікі, меркаванняў і ацэнкі.
Публіцыстычны артыкул наадварот дае аўтару свабоду выказваць свае меркаванні, выклікаць эмоцыі і пераконваць чытача сваімі аргументамі.
Забаўляльны нарыс: у такіх артыкулах людзі, іх праблемы, клопаты або дасягненні апісваюцца такім чынам, каб выклікаць цікавасць, сімпатыю, ці іншую рэакцыю ў чытача.
Біяграфічны нарыс: гэта артыкул пра характар або лад жыцця канкрэтнага чалавека.
Адукацыйны нарыс: такія артыкулы вучаць чытацкую аўдыторыю як нешта зрабіць, ці правесці. Аўтар перадае свой вопыт. Напрыклад, як навучыцца распазнаваць фэйкі у СМІ.
Гістарычны нарыс: такія артыкулы апісваюць гістарычныя падзеі і знаёмяць чытача з гісторыяй, а таксама параўноўваюць падзеі ў мінулым і ў сучаснасці.
Артыкул-даследаванне: такія нарысы распавядаюць чытачам пра падзеі, з’явы / працэсы ў грамадстве, якія замоўчваюць. У такіх артыкулах, як правіла, змяшчаецца інфармацыя, якая пралівае святло на падзеі.
Нарыс на аснове інтэрв'ю: абавязкова спытайце згоды суразмоўцы на аўдыязапіс і публікацыю. Калі вы плануеце выкарыстоўваць аўдыязапіс для іншых мэтаў, акрамя напісання артыкула (напрыклад, для падкаста), вы павінны сказаць пра гэта вашаму суразмоўцу і атрымаць яго згоду на гэта.
4) Падумайце аб патэнцыйных чытачах вашага артыкула. Задайце сабе пытанні: «Як падаць інфармацыю?» і «Хто будзе маімі чытачамі?».
5) Падумайце пра месца публікацыі вашага тэксту. Калі вы пішаце нарыс для часопіса, блога ці сайта, верагодна, вам спатрэбіцца адаптаваць ваш артыкул, каб выклікаць да яго цікавасць з боку пэўных чытачоў.
6) Зрабіце накід артыкула. Пачніце з прагляду вашых нататак і выбару цытат. Напішыце ўводзіны і падумайце пра структуру артыкула. Якая інфармацыя будзе выкладзена ў першую чаргу? Таксама задумайцеся пра тое, якое ўражанне вы жадаеце зрабіць на чытача.
7) Пачніце артыкул з таго, што адразу прыцягвае ўвагу чытачоў. Калі пачатак артыкула не вельмі цікавы, то чытач не будзе праглядаць яго да канца.
8) Паказвайце, а не расказвайце. У нарысе вы можаце апісваць людзей і месцы дзеянняў. Апісвайце іх так, каб чытач мог лёгка ўявіць іх.
9) Пішыце артыкул на мове яго чытачоў. Не думайце, што чытачы знаёмыя з тэмай артыкула, таму, магчыма, спатрэбіцца растлумачыць некаторыя моманты. Абавязкова расшыфруйце скарачэнні і растлумачце слэнгавыя / прафесійныя словы. Лепш пісаць у размоўным стылі, а не ў акадэмічным.
10) Завяршэнне артыкула. Праверце артыкул на дакладнасць інфармацыі.
11) Прыдумайце загаловак. Загаловак павінен быць кароткім. Загаловак павінен прыцягваць цікавасць чытача і тлумачыць, чаму апісаная гісторыя мае важнае значэнне.
Карысна пачытаць: "Голас настаўніцкай супольнасці, або Як стаць педагогам-журналістам".
5. Як стварыць і весці блог
Блог – гэта своеасаблівы інтэрнэт-дзённік, дзе аўтар (аўтары) пішуць артыкулы або змяшчаюць іншыя формы медыятэкстаў для агульнага прагляду. Блогі як правіла вядуцца з нейкай мэтай: прафесійныя зносіны, самарэалізацыя, хобі... Бываюць мемуарныя блогі, фотаблогі. Блогі могуць быць калектыўныя, напрыклад, блог класа, школы ці метадычнага аб’яднання.
Прыклад: публікацыі відэаблога 17-гадовага Арцёма з Івацэвічаў маюць па 3,5 мільёна праглядаў
Для таго каб весці блог не абавязкова мець уласны сайт ці акаўнт у сацыяльнай сетцы. Практычна ўсе масавыя выданні маюць на сваіх старонках калонку блогаў, дзе кожны чытач можа стварыць сабе старонку. Як правіла, блогі не рэдагуюцца, але не кожны запіс выстаўляецца рэдактарам на галоўную старонку.
Сайт nastaunik.eu таксама мае калонку блогаў і кожны можа стаць блогерам сайта. Вось, напрыклад, блог настаўніка матэматыкі Міхася Булавацага, дзе ён дзеліцца з чытачамі сваімі думкамі пра адукацыю, матэматыку: https://nastaunik.eu/blogs/bulavacki.
Дастаткова напісаць запыт на адрас nastaunik.info@gmail.com, каб вам выслалі ўваходныя дадзеныя і пароль для вашай персанальнай старонкі. Вашы запісы пасля змяшчэння адразу будуць бачнымі для ўсіх чытачоў. Вы іх зможаце рэдагаваць, выдаляць, дадаваць новыя.
6. Як стварыць навучальны відэаролік?
Навучальнае відэа або відэаўрок – гэта ролік, які дапамагае тлумачыць новы матэрыял, або выкарыстоўваецца для таго, каб зацікавіць тэмай.
У бліжэйшай будучыні відэаўрокі будуць мець вялікі ўплыў на навучанне. Набірае папулярнасць метад перакуленага класа, які прадугледжвае самастойнае засваенне новага матэрыялу дома, а падчас заняткаў навучэнцы паглыбляюць свае веды, выконваюць практыкаванні.
Прыклад: відэаролік створаны Святланай Сяргеевай для ўрока гісторыі Беларусі, 10 клас
Гэты ролік створаны на аснове праграмы “PowerPoint”, якая добра знаёма кожнаму настаўніку. Вам толькі спатрэбіцца адзін раз настроіць сваю прэзентацыю, каб анімаваныя карцінкі змяняліся праз пэўны прамежак часу, а потым захаваць файл у фармаце відэа .mp4, а не звычайным .ppt. У гэты ж ролік можна дадаць відэа, гук з іншых файлаў, або запісаць яго самастойна.
Другая праграма, якая не патрабуе вялікіх навыкаў карыстання, гэта goanimate.com. Але яна мае недахопы. Бясплатнае карыстанне дазволена толькі на працягу 10 дзён пасля рэгістрацыі, атрыманы ролік будзе знаходзіцца ў інтэрнэце ўвесь час.
Вось прыклад роліка, які атрымліваецца з дапамогай праграмы goanimate.com.
Для стварэння і мантажа відэа існуе шмат праграм, а на сучасныя смартфоны здымаюцца нават мастацкія фільмы.
Апублікаваць свой ролік Вы можаце на канале YouTube ці у любой сацыяльнай сетцы дзе вы зарэгістраваныя, праз функцыю "дадаць відэа".
7. Як стварыць сучасную школьную газету?
Калі вы маеце ці вырашылі стварыць школьную газету, падумайце пра яе ўплыў. Калі школьная газета будзе створана па ўзору беларускіх дзяржаўных выданняў з цэнзурай, дазволенымі і недазволенымі тэмамі, (і прымусовай падпіскай :-)), то лепш яе не ствараць наогул, бо яна толькі замацуе ў свядомасці маладых людзей стэрэатыпы, што медыйная прастора павінна кантралявацца, падстройвацца пад кан’юнктуру. Калі ж школьная газета створана самімі вучнямі: з цікавымі ім тэмамі, рубрыкамі, расследаваннямі, захаваннем правілаў журналісцкай этыкі, то яна можа вучыць дзяцей і падлеткаў адказна карыстацца свабодай слова, і наогул паказаць ролю прэсы ў грамадстве.
Прапануем вам у дапамогу метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?”, аўтарства Сяргея Чарняўскага, які ў свой час кіраваў часопісам “5 балаў”, прызнаным лепшым моладзевым часопісам Украіны. Пераклаў і адаптаваў кнігу да беларускіх умоваў і нормаў беларускага заканадаўства Юрась Каласоўскі – настаўнік і рэдактар газеты Магілёўскай гарадской гімназіі №1 “Статус-КВО”.
8. Як стварыць інфаграфіку?
Інфаграфіка - гэта графічны спосаб падачы інфармацыі, дадзеных і ведаў. Інфаграфікай можна назваць спалучэнне тэксту і графікі. Інфаграфіка працуе там, дзе трэба паказаць алгарытм працы чаго-небудзь, суадносіны прадметаў і фактаў ў часе і прасторы, прадэманстраваць тэндэнцыю, паказаць як што выглядае, арганізаваць вялікія аб'ёмы інфармацыі.
Ва ўмовах інфармацыйнай перанасычанасці з'явілася патрэба максімальна лаканічнага і хуткага выкладу вялікага масіва дадзеных. Гэтаму спрыяе "экранная" культура сучаснага чалавека, якая фармуецца ў інфармацыйным грамадстве.
Калі Вы ячшэ вагаецеся і думаеце, навошта гэта інфаграфіка, абавязкова паглядзіце цудоўную прэзентацыю на тэму Як арганізаваць эфектыўнае навучанне школьнікаў з дапамогай інфаграфікі? (аўтар Юдзіна І.А.). Калі вы настаўнік гісторыі і, асабліва, грамадазнаўства, паглядзіце прэзентацыю Як працаваць з інфаграфікай на ўроках грамадазнаўства .
Калі вы зацікавіліся інфаграфікай і вырашылі ствараць сваю, зайдзіце па спасылцы Сэрвісы па стварэнні інфаграфікі і выберыце з прапанаваных сэрвіс для стварэння інфаграфікі які вам падабаецца. Памятайце, што перш чым падзяліцца спасылкай, трэба зрабіць сваю інфаграфіку публічнай (адкрыць да яе доступ). Як гэта зрабіць, глядзіце ў інструментах інфаграфічнага сэрвіса, які вы выбралі.
9. Як стварыць артыкул у Вікіпедыі?
Калі мы шукаем якую-небудзь інфармацыю ў інтэрнэце, хутчэй за ўсё пасля першага-другога кліка мы трапім на адпаведную старонку Вікіпедыі. Свабодная энцыклапедыя ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных вэб-сайтаў у свеце.
«Wіkі» ў перакладзе азначае «хуткі» — «хуткая энцыклапедыя». «Вікіпедыя» ствараецца добраахвотнікамі з усяго свету на 285 сусветных мовах. Такім чынам кожная нацыя азначае сваю прысутнасць у інфармацыйным свеце, заяўляе пра сябе.
Для інтэрнэту існуе толькі 4% сусветных моў. Астатнія 96% мёртвыя. У ліку бясспрэчна жывых (unquestionably vital) апынулася беларуская — у інтэрнэце, у адрозненні ад афіцыйнай сістэмы адукацыі, ёй карыстаюцца даволі актыўна. Да прыкладу, дзве беларускія Вікіпедыі, у афіцыйным і класічным правапісе, займаюць 58 і 67 месца па колькасці артыкулаў. Аднак беларускую, як польскую ці італьянскую, нельга аднесці да самым распаўсюджаных у інтэрнэце.
Артыкулаў пра Беларусь ці па-беларуску там ужо нямала, але павінна быць яшчэ болей, а тыя, што напісаныя – пастаянна ўдасканальвацца.
Стварыць свой артыкул на Вікіпедыі не цяжэй, чым напісаць пост у любую з сацыяльных сетак. Галоўнае - змест: пра што вы хочаце расказаць свету.
- Зайдзіце на старонку “Апошнія змены” у Вікіпедыі ці Вікіпэдыі, паглядзіце пра што пішуць. Пашукайце, можа пра каго з вашых знаёмых напісалі ўжо ў Вікіпедыі? Падумайце, які артыкул вы хацелі б стварыць. Паглядзіце, можа няма артыкула пра ваш населены пункт?
- Падумайце, на якой мове вы хацелі б стварыць свой артыкул? Ці з якой мовы і на якую перакласці ўжо існуючы? Гэта таксама ваш унёсак. І, настаўнікі роднай і замежнай мовы, гэта ідэі для заданняў вашым вучням!
- Адкрыйце і паглядзіце дапаможнік для вікіпедыстаў-пачаткоўцаў. Калі не спатрэбіцца зараз, захавайце спасылку на перспектыву (абавязкова спатрэбіцца) https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/f/f9/Wiki_dapamozhnik_offic_0.10beta.pdf
- Вы бачыце, што ўсё не так і складана? Тады - наперад! Стварайце ўліковы запіс у Вікіпедыі (зайдзіце на галоўную старонку, там шмат цікавага), стварайце свой артыкул і пашырайце беларускую прысутнасць у свеце.
10. Як стварыць рэкламу ці антырэкламу?
Вы можаце самі выбраць, што гэта будзе - рэкламны постэр ці ролік, а можа і што іншае…
Гэты ролік сацыяльнай рэкламы зрабілі шасцікласнікі Варатынскай школы Бабруйскага раёна
Калі вы вырашылі стварыць рэкламу, зазірніце на гэтую старонку https://sites.google.com/site/medyaadukatar/medyakantent/reklama
А таксама пазнаёмцеся (тут і тут) з спосабамі прыцягнення ўвагі і маніпуляцыямі, якімі карыстаюцца стваральнікі рэкламы і прапаганды.
Плакат. А. Вакараў. Елетелеком. Прыклад антырэкламы.
Больш прыкладаў антырэкламы тут .
- Як намаляваць гісторыю (пра скрайбінг) https://sites.google.com/site/graficnyaservisydlagistoryka/etap-6/skrajbing
- Сэрвісы для стварэння інтэрактыўных плакатаў https://sites.google.com/site/graficeskieservisyveb20/modul-4/3-etap-interaktivnyj-plakat
- Просты і эфектыўны відэарэдактар YouTube https://edugalaxy.intel.ru/index.php?automodule=blog&blogid=44356&showentry=9301
- Як запісаць скрынкаст з дапамогай YouTube
11. Аўтарскае права ў інтэрнэце
Сцягваючы пачытаць п'есу Купалы "Тутэйшыя", вы робіце добрую справу. А вось як бясплатна пампуеце новы альбом “Акеану Эльзы” — вашы дзеянні, хутчэй за ўсё, нелегальныя.
У кожнага матэрыяла ёсць аўтар. Тое, што матэрыял выкладзены ў сетцы, не азначае, што яго можна ўзяць без запыту. Аўтарскія правы абазначаюцца адмысловым значком капірайту - «©» і дзейнічаюць пры жыцці аўтара, а таксама 70 гадоў пасля смерці. Толькі потым матэрыял пераходзіць у свабоднае карыстанне. А да таго часу гэты кантэнт або платны, або на падставе партнёрскіх пагадненняў з праваўладальнікамі можа знаходзіцца ў адкрытым доступе на пэўных сайтах, напрыклад YouTube. Аўтары і/ці праваўладальнікі таксама атрымліваюць прыбытак ад распаўсюду кантэнту, часцей за ўсё за кошт рэкламы.
Што варта ведаць пра ліцэнзіі Creative Commons.
Часта на творах, кнігах, сайтах, іншых матэрыялах замест значка капірайту мы бачым двайную літару “С”.
Creative Commons, скарочана CC — некамерцыйная арганізацыя, якая стварыла бясплатныя для карыстання тыпавыя дагаворы, з дапамогай якіх аўтары могуць перадаць (часткова ці цалкам) свае творы ў адкрыты доступ для грамадства, а спажыўцы могуць легальна і свабодна карыстацца аўтарскімі творамі, не парушаючы аўтарскіх правоў.
Усе ліцэнзіі Creative Commons перш за ўсё маюць «базавыя правы», у склад якіх уваходзяць права на свабоднае выкарыстанне, капіяванне, распаўсюд у любой форме. Ёсць 6 відаў ліцэнзій СС, кожны з якіх мае свае асаблівасці. Прыкладам, у некаторых выпадках вас просяць пры выкарыстанні пазначаць аўтарства, не змяняць твор ці карыстацца матэрыяламі толькі ў некамерцыйных мэтах.
На праве СС створаны такія сайты, як Вікіпедыя, або сайт https://pixabay.com//, які дазваляе без абмежаванняў (ліцэнзія СС0) пампаваць і выкарыстоўваць фота і іншыя выявы ў добрай якасці для сваіх прэзентацый, сайтаў, блогаў.
Аўтарскія правы не распаўсюджваюцца на ідэі, метады, працэсы, і спосабы вырашэння тэхнічных, арганізацыйных ці іншых задач, факты, мовы праграмавання.
Нават калі кантэнт не мае значка капірайту, сеткавы этыкет прадугледжвае ўказанне імя аўтара і спасылкі на арыгінальны тэкст. Калі сумняецеся, ці можна распаўсюджваць або выкарыстоўваць нейкі матэрыял, абавязкова спытайце згоды аўтара. І не забывайце дзякаваць іншым за прадстаўленую інфармацыю!
Калі вы знайшлі ў інтэрнэце матэрыялы, якія парушаюць вашы аўтарскія правы, паведаміце пра гэта.
Як паскардзіцца на парушэнне аўтарскіх правоў на YouTube
Як распазнаць плагіят?
Плагіят - гэта адзіны від крадзяжу,
пры якім злодзей паведамляе сваё прозвішча.
невядомы аўтар
Плагіят - (ад лац. Plagio - выкрадаю) - наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, вынаходніцтва ці рацыяналізатарскую прапанову (цалкам або часткова). Прадугледжваецца крымінальная і грамадзянская адказнасць за парушэнне аўтарскіх і вынаходніцкіх правоў.
Відавочна, што Інтэрнэт з'яўляецца вялізным інфармацыйным рэсурсам. Прастата пошуку і лёгкасць знаходжання досыць якаснай інфармацыі падштурхоўваюць некаторых людзей да незаконных спосабаў выкарыстання чужой працы. Праверыць тэкст на ўнікальнасць можна некалькімі спосабамі: з дапамогай спецыяльных праграм або з дапамогай сайтаў, якія прадастаўляюць такія паслугі. Падобных сэрвісаў і праграм на самай справе вельмі шмат. Усе яны працуюць з рознымі параметрамі праверкі, з рознымі магчымасцямі і ўмовамі. Вось толькі некалькі.
Разгледзім спачатку праграмы для праверкі тэкстаў.
Advego Plagiatus Сайт: http://advego.ru/plagiatus/
Etxt Antiplagiat Сайт: http://www.etxt.ru/antiplagiat/
Карыстацца імі дастаткова проста: спачатку трэба скапіяваць тэкст у акно, затым націснуць кнопку праверкі. Праз некалькі хвілін ці секунд (у залежнасці ад аб’ёма) праграма выдасць вынік. Праграмы для праверкі ўнікальнасці тэкстаў дапамогуць Вам, калі няма магчымасці скарыстацца online сэрвісамі з-за хуткасці інтэрнэт-злучэння ці не заўсёды ёсць магчымасць выхада ў сетку.
Анлайн сэрвісы антыплагіят
http://www.content-watch.ru/text/ Сэрвіс працуе дастаткова хутка. Рэгістравацца для праверкі на сайце не трэба. Пры наборы тэксту паказвае яго даўжыню (колькасць знакаў). Пасля праверкі пакажа ўнікальнасць тэксту і тыя адрасы, дзе ён знайшоў копіі. Вельмі зручна: магчымасць ігнаравання вызначанага сайта пры праверцы (карысна, калі вы правяраеце інфармацыю, якую размясцілі на сваім сайце, ці не скапіяваў яе хто-небудзь).
http://www.antiplagiat.ru/ Сэрвіс патрабуе рэгістрацыі (можна скарыстацца для ўваходу рэгістрацыяй у якой-небудзь сацыяльнай сетцы). Правяраць можна як просты тэкставы файл (загрузіўшы яго на сайт), так і проста, скапіяваўшы тэкст у акно. Да кожнага тэксту, які вы загрузілі на сайт, будзе прадастаўлена справаздача.
http://istio.com/rus/ Сэрвіс аналізу тэкстаў і сайтаў. Паказвае такія параметры як даўжыня тэксту, найбольш частыя словы ў тэксце і іншыя карысныя дробязі. Дадатковай функцыяй сэрвісу з'яўляецца праверка тэксту на ўнікальнасць - калі артыкул быў скапіяваны з інтэрнэту, то сэрвіс пакажа спіс сайтаў, на якіх можна яго знайсці.
Самы просты і даступны спосаб выявіць тыя сайты, якія запазычылі ў вас кантэнт. У любой папулярнай пошукавай сістэме (Google, Yahoo, Яндэкс, Rambler) уводзім у пошукавы радок частку тэкста, бярэм гэты тэкст у двукоссі, што на мове пошукавых сістэм пазначае “знайсці поўную адпаведнасць”, і глядзім вынік пошуку.
12. Бяспека і этыка ў інтэрнэце
Новыя тэхналогіі не толькі пашыраюць нашы магчымасці, але і ўтрымліваюць розныя рызыкі. Каб быць паспяховым і адказным медыястваральнікам, неабходна не толькі ўмець творча выкарыстоўваць медыясродкі, але заўсёды разглядаць гэты працэс у кантэксце :
- этыкі і каштоўнасцей ў медыя-інфармацыйным асяроддзі
- бяспекі ў медыя-інфармацыйным асяроддзі
- правоў ў медыя-інфармацыйным асяроддзі.
Ствараючы ўласны медыятэкст, трэба памятаць:
Інтэрнэт — гэта публічная прастора. Па-першае, любая закрытая інфармацыя можа стаць шырока вядомай. Па-другое, публікацыі ў многіх супольнасцях першапачаткова адкрыты для ўсіх карыстальнікаў.
Большая частка інфармацыі, апублікаваная ў інтэрнэце:
• можа быць знойдзена праз пошукавікі;
• можа быць ўбачана велізарнай колькасцю людзей;
• можа быць скапіяваная, пераслана іншым;
• яе практычна немагчыма выдаліць, яна пачынае распаўсюджвацца ў той момант, калі яе ўпершыню публікуюць;
Людзі адразу губляюць кантроль над інфармацыяй, якую апублікавалі ў Інтэрнэце, таму трэба думаць пра гэта загадзя.
А вось правілы, якія сфармуляваны ў навучальна-метадычным комплексе для настаўнікаў "Медыякод"
Публікуйце дакладныя навіны
- Роля, якую адыгрываюць СМІ ў грамадстве, а таксама давер грамадскасці абавязваюць іх прадстаўляць дакладныя і аб'ектыўныя навіны (паведамленні).
- Неабходна крытычна ставіцца да крыніц. Правярайце дадзеныя настолькі старанна, наколькі гэта ўяўляецца магчымым у канкрэтных абставінах, нават калі гэтыя дадзеныя былі апублікаваныя раней. Дайце чытачу/слухачу/гледачу магчымасць адрозніваць факты ад каментароў.
- Зводкі і анонсы навін, загалоўкі і ўводныя раздзелы павінны мець тэкставы эквівалент.
- Пераканайцеся ў сапраўднасці фота. Сачыце за тым, каб выявы і графічныя ілюстрацыі былі карэктнымі і не мелі дэзарыентуючы характар. Шануйце правы на недатыкальнасць прыватнага жыцця.
- Будзьце асцярожныя, надаючы галоснасці якую-небудзь інфармацыю, якая можа парушаць недатыкальнасць прыватнага жыцця.
- Заўсёды выяўляйце максімальна магчымую чуласць у адносінах да ахвяр злачынстваў і здарэнняў.
- Не прыцягвайце ўвагу да расы, палавой прыналежнасці, нацыянальнасці, роду дзейнасці, палітычнай арыентацыі або рэлігійных перакананняў, калі гэтыя падрабязнасці, якія тычацца пэўнай асобы, неважныя для кантэксту ці прымяншаюць чыю-небудзь годнасць.
З асцярожнасцю выкарыстоўвайце малюнкі і фота
- Пры мантажы ці апрацоўцы малюнка (фота) пры дапамозе электронных прылад, а таксама пры падборы тэксту подпісаў да выявы вынікам працы не павінен быць падмануты чытач. Заўсёды ўказвайце поруч фота ці было яно зменена з дапамогай мантажу ці апрацоўкі. Тыя ж правілы дзейнічаюць у дачыненні да падобнага матэрыялу, які захоўваецца ў архіве.
Прыслухоўвайцеся да меркавання кожнага з бакоў
- Паспрабуйце даць магчымасць аб’ектам крытыкі ў фактычным рэпартажы там жа даць адказ на крытыку. Імкніцеся да таго, каб думкі ўсіх зацікаўленых бакоў былі прадстаўлены.
- Памятайце таксама, што перад законам чалавек, які падазраецца ў здзяйсненні правапарушэння, з'яўляецца невінаватым, пакуль не будзе даказана іншае. Зыход любой справы павінен быць паведамлены грамадскасці.
Збор матэрыялу
- Улічвайце слушныя прапановы асоб, у якіх бралі інтэрв'ю, з нагоды таго, як і дзе іх выказванні будуць апублікаваны.
- Асаблівую ўвагу надавайце тым асобам, якія не прызвычаіліся да інтэрв'юіравання. Паінфармуйце асобу аб тым, ці будзе інтэрв'ю апублікавана або гутарка вядзецца толькі для атрымання інфармацыі.
- Не падрабляйце інтэрв'ю ці фота.
- Не паддавайцеся вонкаваму ціску, які мае на мэце перашкодзіць правамернай публікацыі або абмежаваць яе.
- Выконвайце аўтарскія правы, а таксама правілы цытавання і публікацыі фатаграфій.
Паводле матэрыялаў навучальна-метадычнага комплекса “Медыякод” https://nastaunik.eu/media?page=1