Як пабудаваць урок з медыяадукацыйным зместам з дапамогай лічбавых інструментаў?
Святлана Кудраўцава, начальнік Метадычнага цэнтра НІА
Адным з медыятрэндаў апошнія некалькі год з’яўляецца лічбавае навучанне. Лічбавае навучанне не азначае, што навучанне адбываецца на вашым мабільным тэлефоне, гэта азначае “забеспячэнне магчымасцяў для навучання ў тым месцы, дзе знаходзіцца чалавек”. Гэта “спосаб навучання”, а не “тып навучання”. Працэс навучання з цягам часу не можа заставацца нязменным. Мяняецца наша жыццё, тэхналогіі, з'яўляюцца разнастайныя электронныя прылады, якія цікавыя нашым вучнямі гэта трэба ўлічваць пры выбары методык навучання. Замест слова “вучань” мы паступова пачалі выкарыстоўваць слова “навучэнец”. У гэтым таксама ёсць глыбокі сэнс: вучня мы навучаем, а навучэнец гэта чалавек, які здольны навучацца сам. Сучасныя тэхналогіі могуць дапамагчы зрабіць працэс атрымання ведаў больш эфектыўным. Новыя методыкі, заснаваныя на выкарыстанні лічбавых рэсурсаў і інструментаў, ужо прымяняюцца ў Эстоніі, Латвіі.
У стагоддзе інтэрнэту, мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў, задачай настаўніка з'яўляецца – даць навучэнцам інструменты, якія дапамогуць ім наладзіць самастойнае навучанне. Гэтыя прылады павінны быць зразумелыя і цікавыя дзецям. Да іх ставяцца электронная пошта, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. На дадзены момант існуе вялікая колькасць разнастайных адукацыйных інтэрнэт-рэсурсаў, з дапамогай якіх можна не толькі адпраўляць хатнія заданні, але і выконваць іх, кантактуючы пры гэтым з настаўнікам, чытаць лекцыі, весці ўлік і кантроль выкананых работ, мець зносіны з бацькамі. Сучасныя тэхналогіі ўварваліся ў наша паўсядзённае жыццё і яны павінны выкарыстоўвацца і ў навучанні.
Тэхналогіі дазваляюць атрымліваць імгненную зваротную сувязь. Так, сучасныя тэхналогіі дазваляюць вучням стаць больш актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, а педагогам ствараць новыя метады, мадэлі навучання і выхавання. Напрыклад, працэс навучання становіцца больш дынамічным з выкарыстаннем лічбавых вучэбных матэрыялаў, калі вучань можа скарыстацца спасылкамі на адпаведныя рэсурсы, або знайсці адказы на пытанні, фарміраваць сваю пазіцыю, а потым адстойваць яе.
Тэхналогіі дапамогуць педагогу аўтаматызаваць або спрасіць выкананне шэрагу неабходных абавязкаў, эканоміць час. Сучасныя тэхналагічныя сродкі спрашчаюць сістэматызацыю і падборку індывідуальных заданняў для вучняў, дапамагаюць адсачыць актыўнасць іх удзелу ў абмеркаванні і інш. Магчымасць сучасных тэхналагічных сродкаў візуалізаваць складаны для ўспрымання і разумення навучальны матэрыял скарачае выдаткі сіл і часу педагога на тлумачэнне.
Тэхналогіі забяспечваюць імгненны доступ да патрэбнай інфармацыі і выхоўваюць важныя навыкі па працы з крыніцамі. Каштоўнасць навучальнага працэсу падвышаецца, калі інфармацыя ў вучэбных дапаможніках можа хутка абнаўляцца і дапаўняцца, у тым ліку сіламі саміх вучняў. Сучасныя тэхналогіі пашыраюць магчымасці камунікацыі і ствараюць больш прадуктыўную сераду навучання. Вучні, аб'ядноўваючыся ў групы ў сетцы Інтэрнэт, могуць абменьвацца інфармацыяй, працаваць разам над групавымі праектамі і ўзаемадзейнічаць з педагогам.
Так, бясплатны рэсурс GoogleДыск дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці сумеснай працы над заданнямі, сеткавага ўзаемадзеяння, самаарганізацыі і іншых сістэмных эфектаў. Праца вучняў у групе дазваляе запоўніць разрыў паміж класічнай і лічбавай культурай за кошт таго, што бібліятэкі, музеі анлайн прадастаўляюць зыходныя матэрыялы (тэксты, ілюстрацыі, музычныя запісы) для далейшага выкарыстання іх дзецьмі ў стварэнні гульняў, мультфільмаў і лічбавых гісторый.
Уменне выкарыстоўваць тэхналогіі – гэта найважнейшы жыццёвы навык і паказчык лічбавай пісьменнасці. Валоданне лічбавай пісьменнасцю – гэта больш, чым наяўнасць пэўных тэхналагічных навыкаў. Сёння, гэта больш глыбокае разуменне лічбавага асяроддзя, якое забяспечвае інтуітыўную адаптацыю вучня да новага кантэксту і сумеснае стварэнне кантэнту з аднакласнікамі. Стварэнне прэзентацый, навучанне пошуку надзейных і дакладных крыніц у інтэрнэце, падтрымка належнага анлайн-этыкету і г. д. – гэта практычныя навыкі, якія вучні могуць атрымаць у адукацыйным працэсе. Гэтыя ўменні і навыкі спатрэбяцца ім на працягу ўсяго жыцця.
Лічбавыя інструменты дапамагаюць педагогу рэалізаваць новыя мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу, напрыклад, “перавернуты клас”, з дапамогай якой настаўнік спачатку прадастаўляе вучням магчымасць самастойна вывучыць новы матэрыял дома, а потым на ўроку арганізуе практычнае замацаванне гэтага матэрыялу.
Выкарыстанне лічбавых інструментаў настаўнікамі у сістэме сярэдняй адукацыі (у тым ліку і пры падрыхтоўкі і правядзенні ўрока з медыяадукацыйным зместам) можна прадставіць наступным чынам:
Этап | Апісанне этапа | Інструменты | |
---|---|---|---|
Падрыхтоўка да заняткаў |
|
|
|
Навучанне |
|
|
|
Ацэнка і кантроль ведаў |
|
|
Прыклады арганізацыі работы навучэнцаў з лічбавымі інструментамі на ўроках гісторыі Беларусі
Прыклады пошукавай працы навучэнцаў у інтэрнэце
Заданне на пошук інфармацыі ў дадатковых крыніцах інфармацыі
Каб адказаць на пытанне «Вызначце, які міфалагічны персанаж прадстаўлены кожнай са скульптур» (падчас вывучэння тэмы «Рэлігійныя ўяўленні і духоўная культура») навучэнцы павінны прачытаць подпіс да ілюстрацый, і ажыццявіць пошук пры дапамозе пошуковых сістэм (Google, Yandex) па ключавых словах – Жэўжык, Злыдзень. Еўнік, скульптары А. Шыпіцы і г.д.
Падчас пошуку можа атрымацца такі варыянт (першая са спасылак прывядзе на сайт «Міфалогія Беларусі» (http://mythology.by/)
Даследчая работа — артыкулы ў фармаце Вікіпедыі
Вучні могуць самі пісаць артыкулы ў фармаце Вікіпедыі, а не толькі знаходзіць неабходную ім інфармацыю на гэтым рэсурсе. Прапануйце вучням напісаць артыкул у фармаце Вікіпедыі.
Падзяліце клас на рабочыя групы. Першая — група экспертных кансультантаў — вучні, якія будуць шукаць і падбіраць інфармацыю для падрыхтоўкі матэрыялу. Іх задача — праца з першакрыніцамі. Яны павінны знайсці крыніцы, на якія абапіраюцца аўтарытэтныя аўтары, таксама прадстаўнікі кансультантаў могуць накіроўваць другую групу, якая працуе з фактамі і дадатковымі дадзенымі. Другая група — вучні, якія будуць пісаць тэкст артыкула. Іх задача — пазнаёміцца з інфармацыяй, атрыманай першай групай, скласці план артыкула і прыступіць да працы. Калі падчас падрыхтоўкі ўзнікнуць пытанні, прадстаўнікі другой групы могуць звярнуцца за кансультацыяй да спецыялістаў першай групы. У трэцюю групу ўваходзяць адказныя чытачы, або рэдактары. Іх задача — ўважліва прачытаць артыкул, знайсці і выправіць фактычныя, стылістычныя, граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі. Прадстаўнікі трэцяй групы павінны таксама прааналізаваць паўнату і выразнасць выкладзенага матэрыялу.
Дапамагайце вучням у час працы з інфармацыяй развіваць крытычнае мысленне. Гэта неабходна для таго, каб яны разумелі, наколькі дакладныя тыя звесткі, з якімі яны маюць справу, ці можна давяраць выкарыстаным крыніцам. Так, напрыклад, падчас азнаямлення вучняў на ўроках гісторыі з жыццём і дзейнасцю прадстаўнікоў навукі, культуры Беларусі варта прапанаваць работу з артыкуламі Вікіпедыі ці іншымі энцыклапедычнымі і даведачнымі крыніцамі. Акрамя вывучэння біяграфічных звестак варта прапаноўваць вучням работу ў адпаведнасці з алгарытмам «Парадак работы».
Праца над артыкулам у фармаце Вікіпедыі спрыяе фарміраванню інфармацыйнай кампетэнтнасці, якая прадугледжвае медыяграматнасць — здольнасць адрозніваць фэйкавыя навіны і інфармацыю ад рэальных, а таксама не кіравацца толькі сваімі першаснымі ўражаннямі ад прачытанага або пачутага, а правяраць дадзеныя, атрыманыя з розных крыніц.
Каб навучыць школьнікаў прыёмам работы з медыяпаведамленнямі, сфарміраваць у іх уменне аналізаваць інфармацыю, настаўнік можа прапанаваць вучням знайсці паведамленні пра тыя ці іншыя гістарычныя падзеі ў розных крыніцах.
Навучэнцы павінны ўмець агучваць і характарызаваць розныя пункты гледжання, якіх прытрымліваюцца прадстаўнікі розных медыя. Пры гэтым задача настаўніка — даць інструмент, каб кожны з вучняў змог сам прааналізаваць свае тэксты і зрабіць высновы. Трэба, каб навучэнцы зразумелі, што адзіная крыніца інфармацыі не заўсёды праўдзівая. Бывае, што медыя хлусяць, а бывае, што па-рознаму інтэрпрэтуюць адны і тыя ж падзеі.
Работа з выявай помніка (практыкаванне «Помнік як навіна»)
1. Мазгавы штурм. Настаўнік паказвае фота новага помніка і прапануе ўдзельнікам даць яму сваю назву, асабліва цікава, калі ўдзельнікі бачаць яго ўпершыню і нічога пра яго не ведаюць. Усе ідэі запісваюцца на дошцы.
2. Работа ў парах. Абмен меркаваннямі па пытаннях.
- Каму прысвечаны гэты помнік? Пра што нам распавядаюць дэталі: сімвалы, адзенне?
- Якую гісторыю распавядае помнік?
- Хто і пра якую гісторыю тут нагадвае?
- Якія каштоўнасці ўвасабляе помнік? Ці супадаюць яны з вашымі каштоўнасцямі?
- Якую функцыю выконвае помнік у грамадскай прасторы?
- Ці дазволілі б вы ўсталяваць гэты помнік, каб былі мэрам горада? Чаму?
3. Кароткая інфармацыя настаўніка пра помнік (назва помніка, дзе і калі ён усталяваны, аўтар, ініцыятар мемарыялізацыі і г. д.). Навучэнцы звяртаюцца да вынікаў мазгавога штурму і працы ў парах, адказваюць на пытанне настаўніка: «Як вы лічыце, ці будуць адрознівацца паведамленні пра ўсталяванне помніка ў розных медыя? Чаму вы так лічыце?»
4. Групавая работа з загалоўкамі публікацый аб адкрыцці гэтага помніка. Кожная група атрымлівае аднолькавыя наборы выразак загалоўкаў і назваў выданняў, у якіх матэрыялы былі апублікаваныя, або падборкі загалоўкаў з інтэрнэту і спіс інтэрнэт-рэсурсаў. Удзельнікі суадносяць загаловак і выданне, дзе выйшла публікацыя, і тлумачаць, чаму яны так лічаць. Вынікі работы групы афармляюцца на асобным лісце як калаж.
5. Абмеркаванне вынікаў групавой работы. Удзельнікі параўноўваюць калажы, вылучаюць супадзенні і адрозненні, выслухоўваюць каментары адно аднаго. Настаўнік раздае групам пакеты скрыншотаў публікацый і праводзіць іх выніковае абмеркаванне.
Прыёмы работы з медыятэкстамі
Заданне "Падпішыце канверт з паштоўкай гістарычнай персоне"
Канверт, прысвечаны 225-годдзю з дня нараджэння Я. Дамеля | Заданне |
---|---|
Заданне можна выканаць калі навучэнцы знаёмы з жыццём і дзейнасцю мастака Яна Дамеля або з дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі: «Уявіце сабе, што вы беларускі мастак і жывяце ў Мінску ў 1821 г. Падпішыце канверт з паштоўкай Яну Дамелю. На які адрас вы адправіце ліст? Чаму на канверце змешчаны малюнак Кальварыйскага касцёла ў Мінску? Для выканання задання выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі».
|
Вучні павінны вызначыць, што з 1820 па 1822 г. Ян Дамель пражываў у Сібіры ў Табольску: ён быў сасланы туды расійскімі ўладамі праз хлуслівае абвінавачанне. Мастак у Сібіры распісваў каталіцкія храмы і маляваў прыгожыя сібірскія пейзажы (напрыклад, «Заход сонца ў Табольску»). Там на творчасць і вясёлы характар мастака звярнуў увагу кіраўнік Сібіры — генерал-губернатар граф Міхаіл Спяранскі, які садзейнічаў вяртанню Я. Дамеля ў Мінск. А ў 1831—1835 гг. Дамель здзейсніў падарожжа па Сібіры (ад Іркуцка да Кяхты). Пасля вяртання ў 1840 г. жыў у Мінску аж да сваёй смерці. Я. Дамель пахаваны ў крыпце Кальварыйскага касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Замест помніка над яго магілай была павешана карціна «Маленне Збавіцеля», якую мастак лічыў лепшым сваім творам.
Работа з сучаснай афішай
Пытанні да афішы: • Якія асацыяцыі выклікае ў вас гэтая афіша? Чаму? • Якія колеры выкарыстаны ў афішы? Як вы думаеце, чаму? • Як вы лічыце, хто і якім чынам паказаны на афішы? Чаму? • Ці адпавядае карцінка зместу спектакля? • Чаму спектакль называецца «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»? • Як вы лічыце, чаму на афішы стаіць абмежаванне па ўзросце 16+? • Ці можна адказаць на гэтыя пытанні, не прачытаўшы твор і не паглядзеўшы спектакль? |
|
Афіша да спектакля А. Ганум «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы |
Арганізацыя праектнай работы навучэнцаў
Падчас вывучэння тэмы «Літаратура і мастацтва ў першай палове ХІХ ст.» у 8 класе настаўнік можа прапанаваць праектную работу «Адам Міцкевіч на гістарычнай карце». Навучэнцам неабходна будзе скласці інтэрактыўную карту з пазначэннямі месцаў, дзе знаходзяцца помнікі ў гонар Адама Міцкевіча. Зрабіць гэта можна пры дапамозе геаінфармацыйных сэрвісаў (напрыклад, GoogleКарты). Да кожнай меткі неабходна дадаць фота і кароткія звесткі пра помнік.
Падобнага кшталту будзе заданне па творчасці Напалеона Орды: «Стварыце карту «Вандроўкі Напалеона Орды», пазначыўшы на ёй месцы, якія мастак паказаў на паперы, дапоўніць яе малюнкамі Орды і выявамі сучаснага выгляду гэтых мясцін. Падчас гэтай працы мэтазгодна выкарыстоўваць геаінфармацыйныя сэрвісы».
Магчыма арганізацыя групавога кароткатэрміновага праекту па творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Неабходна падзяліць клас на групы, колькасць якіх павінна быць кратнай колькасці апавяданняў у творы. Напрыклад, чатыры групы чытаюць па тры апавяданні. Па выніках работы можа быць складзены комікс (графічная навэла), распрацавана вокладка да кожнага комікса. Комікс можа быць намаляваны.ю або створаны пры дапамозе сэрвісаў вэб 2,0 – GoAnimate, Make Beliefs Comix, Pixton і інш.
Вучням будзе цікава параўнаць фотаздымкі мінулага стагоддзя з сучаснымі. Гэту работу можна правесці з дапамогай сэрвіса Historypin (https://www.historypin.org), дзе можна размясціць фота мінулых часоў: «Прасачыце змены ў вонкавым выглядзе палаца ў Косава, касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, будынка мужчынскай гімназіі ў Гомелі».
Індывідуальнае заданне па характарыстыцы мастацтва Беларусі ў першай палове ХІХ ст – падрыхтаваць віртуальны плакат або інфаграфіку «Мастацтва Беларусі ў першай палове ХІХ ст.» можна выканаць пры дапамозе інструментаў – Infogr.am, Easel.ly, Piktochart.com, Thinglink, Smore.
Гекс «Умовы развіцця адукацыі ў 1860-х гг. — пачатку ХХ ст.» можна пабудаваць пры дапамозе генератара гексаў у рэсурсе ClassTools.net:
- Палейка А. Урок «Помнік як навіна»: як медыя рэпрэзентуюць адную і тую падзею? // Настаўнік.info [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://nastaunik.eu/node/16259. Дата доступу: 28.08.2019.
- Кудраўцава, С. А. Вывучэнне пытанняў культуры на ўроках гісторыі Беларусі ў 6 класе : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. Адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. А. Кудраўцава. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2017.
- Кудраўцава, С. А. Вывучэнне пытанняў культуры на ўроках гісторыі Беларусі ў 7 класе : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. Адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. А. Кудраўцава. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2018.
- Кудраўцава, С. А. Вывучэнне пытанняў культуры на ўроках гісторыі Беларусі ў 8 класе : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. Адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. А. Кудраўцава. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2020.