Тамара Мацкевіч
26.02.2020
Адны нараджаюцца з верай у Бога, а я нарадзілася з верай у людзей. Хочацца верыць словам, асабліва, калі гэтыя словы належаць людзям, якія ведаюць сваю справу, добрым спецыялістам, нават, калі яны - чыноўнікі.
Калісьці даўно прачытала ў Настаўніцкай газеце, што намесніца міністра Раіса Сідарэнка абяцала, што з 1 верасня 2019/2020 навучальнага года ва ўсіх класах (з 1 па 11) прадметы Беларуская і Руская мова і літаратура будуць вывучацца ў роўным аб’ёме вучэбных гадзін ва ўсіх школах, як з рускай, так і з беларускай мовай навучання. І ўсім, хто звяртаўся ў ТБШ з праблемай перакосу ў бок вывучэння рускай мовы, казала: пачакайце, не ўсё адразу, раз Раіса Станіславаўна сказала, так і будзе. Будзе і ў першым класе роўная колькасць на вывучэнне моваў. Гэта ж не ідэолаг-Карпенка язык чэша, а прафесар, філолаг, доктар навук. Яна хлусіць не будзе. Яна разумее, наколькі важна мець беларускую роўнай з першага класа, бо менавіта тады фармуецца слоўнік школьнай тэрміналогіі, жывая мова ідзе ад настаўніка, а не з кніжак, якія яшчэ не навучыліся чытаць...
І што атрымалася? Падманула мяне намесніца міністра. (Можа за гэта яе звольнілі?). А я падманула людзей. Тыпавы вучэбны план так і не прыведзены ў адпаведнасць патрабаванням. Дзеці рускамоўных школ з першага класа атрымліваюць устаноўку на другаснасць роднай мовы.
А сёлета да Дня роднай мовы БЕЛТА працытавала Святлану Уклейку – начальніцу галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Мінстэрства адукацыі, якая сказала, што 45% школ у нашай краіне – беларускамоўныя.
Я вельмі паважаю Святлану Васільеўну як добрага адмыслоўца, але, на жаль, роля чыноўніцы вымушае яе маніпуляваць лічбамі.
Я дапускаю, што насамрэч у міністэрскіх паперах 45% школ лічацца беларускамоўнымі. Аднак, па-першае, у асноўным, гэта маленькія вясковы школкі, якія могуць не налічваць і 50 вучняў. Таму падаваць гэту лічбу без іншай – агульнай колькасці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, - гэта толькі скажаць рэчаіснасць.
А такіх школьнікаў у міністэрскіх паперах не больш за 10 %. Дакладную лічбу ніхто не ведае. Бо міністэрства адукацыі раней на сваім сайце публікавала падрабязныя статыстычныя зборнікі з раскладкай беларускамоўных школ па абласцях, гарадах, вёсках. Цяпер такой інфармацыі мы не маем. Дакладна вядома, што ні ў адным абласным горадзе бацькі не маюць магчымасці аддаць сваё дзіця ў школу з беларускай мовай навучання – такіх няма.
Вядома, што ў Віцебскай вобласці не засталося ніводнай гарадской беларускамоўнай школы.
У сталіцы – Мінску - такіх толькі 5. І гэта на 2 мільёны насельніцтва.
Па-другое, не ўсе школы, якія на паперы маюць беларускую мову навучання, насамрэч навучаюць дзяцей на роднай мове. І такіх школ становіцца ўсё больш.
Напрыклад, у пачатку гэтага навучальнага года гарадзенка Ала Адамовіч вырашыла, што калі няма ў Гродне беларускамоўных школ, то яна гатовая вазіць дзетак у бліжэйшую вясковую, там дзе па статуце мова навучання – беларуская. Такіх у гродзенскім раёне аж 3. Якое ж было здзіўленне матулі, калі яна прыехала ў Верцялішкаўскую школу, а там ёй сказалі, што ўжо 10 год набіраюць толькі рускамоўныя класы. Вядома, гэта школа лічыцца беларускамоўнай і ўваходзіць у тыя 45% міністэрскіх фікцый.
Па-трэцяе, сёлета мы атрымалі ўнікальную магчымасць ускосна даведацца пра стан рэчаў з “роўным” доступам да навучання на дзвюх дзяржаўных мовах, гарантаваных нам Канстытуцыяй. Паводле вынікаў даследавання PISA, толькі 203 (3,5%) з 5830 навучэнцаў заявілі ў анкеце пра тое, што карыстаюцца беларускай мовай. І толькі 11 % з іх (23 чалавекі) запоўнілі анкеты па-беларуску. (Дзякуй, Дзмітры Івановіч, за апрацоўку дадзеных!)
Гэтыя лічбы хутчэй адпавядаюць рэальнаму стану рэчаў, таму што рэпрэзентатыўную выбарку школ для даследавання рабіла старонняя (амерыканская) арганізацыя з захаваннем усіх патрабаванняў сацыялагічных даследаванняў.
Атрымліваецца, што рэальна па-беларуску ў нас вучацца каля 3-4 % вучняў, і толькі кожнаму дзясятаму з іх (0,3%) у школах створаны ўмовы для атрымання беларускамоўнай адукацыі.
Эх, жылі б мы ў дэмакратычнай краіне, чыноўнікі б адказвалі і за словы, і за справы!