Замест віншавання з міжнародным Днём настаўніка

Тамара Мацкевіч
05.10.2020
Я памятаю пару год таму на адной з канферэнцый полацкія настаўнікі рабілі майстар-клас для калег па вырашэнні канфліктаў у школе. Методыка называлася форум-тэатр. Для неабазнаных патлумачу. Сутнасць методыкі - пошук у межах інтэрактыўнага спектакля шляхоў вырашэння праблемы або выхаду з складанай жыццёвай сітуацыі. Прычым акторамі становяцца па чарзе самі ўдзельнікі.
Настаўнікі прапанавалі разруліць простую сітуацыю: напярэданні выходных маці, якая атрымала смс ад класнага кіраўніка, што заўтра яе дзіця павінна прыйсці ў школу на нейкае мерапрыемства ў жоўтай спартовай майцы, звоніць настаўніку. Яна на падвышаных танах тлумачыць, што немагчыма за ноч знайсці жоўтую майку, бо ўсе крамы зачыненыя, пытаецца, навошта нязначныя мерапрыемствы прызначаюць на суботу, калі дзіця можа пабыць дома, кажа, што будзе скардзіцца дырэктару. Пры размове прысутнічае і дырэктар школы.
Каб лепш разруліць канфлікт, на ролю гэтых трох асобаў запрашаліся ўдзельнікі з залі. Яны выбіралі розныя тактыкі паводзінаў, каб пагасіць канфлікт і вырашыць сітуацыю.
Ведаеце, што мяне здзівіла. Што ніводзін з разумных адукаваных, прайшоўшых дзясяткі трэнінгаў ТБШ настаўнікаў, не стаў на бок мамы. Усе настаўнікі, якія браліся за ролю класнага кіраўніка, выгароджвалі адміністрацыю: выкручваліся, недагаворвалі праўды, наўпрост хлусілі, прасілі не заваніць дырэктару, раіліся ўпотай з ім што сказаць гэтай "неўрастэнічцы"...
Гэта мадэль беларускай школы, якая была да 9 жніўня 2020 году: ШКОЛА І НАСТАЎНІКІ ПАВІННЫ АБСЛУГОЎВАЦЬ УЛАДУ. Справядлівасць, інтарэсы бацькоў і дзяцей, сама адукацыя - гэта ўсё другаснае - як той шосты вучэбны дзень.
А выйсце з канфлікту было вельмі простае: пагадзіцца з мамай, сказаць, чые загады і інструкцыі выконваў класны кіраўнік і папрасіць яе, каб бацькі звярнуліся да той інстанцыі, якая правакуе канфлікты. Трэба было проста АБ'ЯДНАЦЦА З ТЫМІ, ДЛЯ КАГО ПРАЦУЕ ШКОЛА.
Але стэрэатып паслугачоў рэжыму так уеўся ў свядомасць нашых педагогаў, што яны сталі падобныя на зашораных вучняў-выдатнікаў, якія не могуць рашыць простую алімпіядную задачку, бо там трэба адыйсці ад двумернай прасторы і паглядзець на яе ў трох вымярэннях.
Цяпер, калі працэс пайшоў, у педагогаў толькі адно выйсце, каб выжыць і не ператварыцца ў големаў: аб'яднацца з бацькамі, студэнтамі, дзецьмі і разам бараніць НАШЫ АГУЛЬНЫЯ ІНТАРЭСЫ.
Для гэтага трэба вельмі мала - проста адыйсці ад стэрэатыпаў.
5 кастрычніка - міжнародны Дзень настаўніка (World Teachers' Day). Я ўсім жадаю НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ. Школы без хлусні, без страха, без халуйства. Паглядзіце на сябе, калегі, з трохмернай прасторы. Не пазбаўляйце сябе будучыні, бо яна ўжо настала.