“Кола эмоцый” як медыятэкст на ўроках грамадазнаўства ў IX класе: цяжкасці перакладу

Аўтар: Надзея Кушнер, настаўнік грамадазнаўства Ліцэя БДУ

 

У артыкуле “Анімацыйныя фільмы як медыятэксты на ўроках грамадазнаўства ў IX класе” мы ўжо расказвалі аб тым, што праца з анімацыйнымі фільмамі мае вялікі пазнавальны і выхаваўчы патэнцыял, дазваляе навучыць аналізаваць розныя сэнсавыя пласты і выяўляць розныя меседжы ў медыятэкстах на ўроках грамадазнаўства. Былі прыведзены і канкрэтныя прыклады 10 анімацыйных фільмаў для працы на ўроках па розных тэмах. 

Сярод гэтых прыкладаў быў названы фільм “Inside out”, які ў 2016 г. атрымаў прэмію “Оскар” за найлепшы анімацыйны фільм. Галоўнае заданне, якое прапануецца выканаць пры вывучэні тэмы “Эмоцыі, пачуцці, воля” — абмеркаваць ролю эмоцый у жыцці чалавека і абгрунтаваць, чаму ў якасці галоўных герояў фільма былі абраны наступныя пяць базавых эмоцый – радасць, смутак, страх, агіда, гнеў. Вучні павінны вызначыць, якую ролю адыгрывае кожная з гэтых эмоцый у нашым жыцці, прасачыць пры дапамозе “кола эмоцый” тыя эмацыйныя працэсы (настроі), якія адпавядаюць дадзеным эмоцыям. 

Таксама мы звярталі ўвагу на добрую магчымасць работы з постарамі дадзенага анімацыйнага фільма ў працэсе вывучэння тэмы “Медыякультура сучаснага грамадства”, выяўлення розных яго назваў у розных краінах: “Inside out” (англ.), “Vice-versa” (франц.), “Divertida mente” (ісп.), “W głowie się nie mieści” (польск.), “V hlavě” (чэшск.), “Думками навиворіт” (укр.), “Вэрхал у галаве” (бел.), “Головоломка” (рус.).

Сёння працягнем гэтую працу, зыходзячы з уласнага практычнага досведу і тых пытанняў, якія былі атрыманы ў апошні час ад вучняў і настаўнікаў па дадзеным кейсе. 

Аснову ўводнай інфаграфікі ў падручніку “Грамадазнаўства” за IX клас па тэме “Эмоцыі, пачуцці, воля” складае “кола эмоцый” амерыканскага псіхолага Роберта Плутчыка. Яно мае восем пялёсткаў і тры кругі: цэнтральны змяшчае афекты — моцныя кароткачасовыя эмацыйныя рэакцыі; сярэдні — базавыя эмоцыі, знешні — эмацыйныя станы (настроі). Чым далей ад цэнтра, тым менш інтэнсіўным з’яўляецца перажыванне. 

Калі вучні пачынаюць працаваць з “колам эмоцый” і спрабуюць знайсці на ім герояў фільма – пяць базавых эмоцый, яны пачынаюць атрымліваць супярэчлівую інфармацыю. 

У беларускамоўным варыянце фільма “Вэрхал у галаве” героі маюць наступныя імёны: Гнеў, Агіда, Страх, Маркота, Радасць. З іх два — Радасць і Страх — сапраўды знаходзяцца на сярэднім крузе базавых эмоцый; два — Гнеў і Агіда — у цэнтральным крузе афектаў, а Маркота ў “коле” пад такой назвай не прысутнічае.

 

Тыя, хто вучыцца на рускай мове і глядзеў фільм “Головоломка”, пачынаюць шукаць на рускамоўным варыянце “кола” наступных герояў: Гнев, Брезгливость, Страх, Печаль, Радость. З іх толькі двух — Радость і Страх — можна сапраўды знасці на сярэднім крузе, дзе знаходзяцца базавыя эмоцыі. Гнев будзе змешчаны ў цэнтральным крузе афектаў, Печаль — у знешнім крузе настрояў, а Брезгливость менавіта пад такой назвай, як гераіня фільма, у “коле” ўвогуле адсутнічае

Такая сітуацыя выклікае ў вучняў шэраг пазнавальных пытанняў. Першае: чаму ў падручніку ідзе гаворка пра тое, што ў якасці герояў фільма абраны пяць базавых эмоцый, а пры пошуку на “коле эмоцый” выяўляецца, што героі змешчаны не толькі на сярэднім крузе кола, дзе ўласна і знаходзяцца базавыя эмоцыі, але таксама на цэнтральным крузе афектаў і знешнім крузе настрояў? Другое: чаму некаторых герояў увогуле немагчыма знайсці на тым “коле эмоцый”, які змешчаны ў падручніку (беларускамоўным і рускамоўным)?

Становіцца відавочна, што пошук адказў на гэтыя пытанні патрабуе выхаду па-за межы таго “кола эмоцый”, якое прыведзена ў падручніку і звароту да іншых крыніц. Безумоўна, гэта павінны быць крыніцы на мове арыгіналаў — фільма і “кола эмоцый”. Таму звернемся да пошуку англамоўных крыніц.

У арыгінальным варыянце фільма героі маюць наступныя імёны: Anger, Disgust, Fear, Sadness, Joy. Калі звярнуцца да англамоўнага варыянта “кола эмоцый” — “wheel of emotions” — вельмі лёгка знайсці ўсіх гэтых герояў менавіта на сярэднім крузе базавых эмоцый. Відавочна, што для арыгінальных крыніц існуе поўная адпаведнасць герояў і базавых эмоцый на “коле”.

 

Значыць, асноўная праблема несупадзення герояў і кругоў на “коле эмоцый” у беларускамоўным і рускамоўным варыянтах палягае ў складанасцях перакладу. Калі супаставіць варыянты “кола” на розных мовах, можна ўбачыць нюансы выкарыстання розных слоў на сінім, фіялетавым, чырвоным пялёстках. Такім чынам, параўнанне двух колаў ужо паказвае пэўныя несупадзенні ў дробязях. Гэта першы момант. Ён тычыцца толькі варыянтаў самога “кола” на розных мовах, пакуль без прывязкі да мультфільма.

Другі момант. У сітуацыі перакладчыкаў анімацыйнага фільма сітуацыя ўскладняецца тым, што словы ў розных мовах могуць быць рознага роду — мужчынскага, жаночага, ніякага. Калі гаворка ідзе пра анімацыйных герояў, гэта можа стаць прынцыповым момантам.

Так, калі рабіць героя пад імем Anger адпаведнай базавай эмоцыяй, тады гэта павінна быць Злосць/Злость. Аднак у англійскай мове не існуе граматычнага роду, таму словам “anger” можна назвць як персанаж мужчынскага полу (так зрабілі ў фільме), так і жаночага, а слова “злосць”/“злость” у беларускай і рускай мовах — жаночага. Таму для героя Anger абіраецца адпаведнік Гнеў/Гнев, што цалкам адпраўдана з пункту гледжання моўных нюансаў, але “перакідвае” героя ў цэнтральны круг афектаў і прыводзіць да неадпаведнасці базавым эмоцыям сярэдняга круга на “коле эмоцый”.

Слова “disgust” перакладаецца на рускую мову як “отвращение”, а на беларускую як “агіда”. Калі глядзець на “кола эмоцый”, то ў перакладных варыянтах  “отвращение”/“агіда” змешчаны на цэнтральным крузе афектаў. У беларускамоўным варыянце фільма гэта адзіная недакладнасць — гераіня з імем Disgust проста атрымлівае імя Агіда. У рускамоўным жа варыянце так зрабіць нельга, бо слова “отвращение” — ніякага роду і не пасуе гераіні жаночага полу. Таму перакладчыкі на рускую мову вырашылі падабраць пэўны моўны адпаведнік і далі гэтай гераіні імя Брезгливость. Аднак на рускамоўным “коле эмоцый” такой пазіцыі не існуе.

Што тычыцца гераіні з імем Sadness, то тут сітуацыя цалкам адваротная апісанай вышэй. У рускамоўным варыянце “кола” існуе Печаль, аднак змешчана яна не ў сярэднім крузе эмоцый, а ў знешнім крузе настрояў. А вось у беларускамоўным варыянце “кола” існуюць “сум” і “смутак”, але іх нельга задзейнічаць, бо гераіня жаночага полу. Таму цалкам апраўдана з моўнага пункту гледжання ўведзена гераіня Маркота, хоць у прыведзеным у падручніку беларускамоўным варыянце “кола” такой пазіцыі мы не знойдзем.

Відавочна, што праблем не ўзнікла толькі з героямі Fear і Joy. Тут існуюць поўныя супадзенні адносна перакладаў — Страх і Радасць/Радость. Эмоцыі змешчаны на сярэднім крузе ў “коле эмоцый”, іх роды (мужчынскі і жаночы) адпавядаюць англамоўным персанажам, таму няма ні моўных, ні сэнсавых праблем.

Такім чынам, для разумення несупадзенняў імёнаў герояў анімацыйнага фільма і іх размяшчэння на “коле эмоцый” настаўнікам і вучням на ўроках грамадазнаўства трэба папрацаваць не толькі з тым варыянтам “кола эмоцый”, які змешчаны ў беларускамоўным і рускамоўным падручніку, але і з арыгінальным англамоўным варыянтам. Параўнальны аналіз дазволіць выявіць неадпаведнасці, патлумачыць іх з пункту гледжання моўных асаблівасцяў перакладу і выкарыстання тых ці іншых словаў у якасці імёнаў для анімацыйных герояў розных полаў. Урэшце, будуць зроблены высновы адносна спецыфікі існавання таго ці іншага медыятэксту на розных мовах і ў розных кантэкстах. Спадзяемся, што гэты пошук будзе цікавым і карысным для настаўнікаў і вучняў.