Аўтар: Давідоўская Галіна Эдуардаўна,
метадыст аддзела забеспячэння гісторыка-
грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі
Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Прапануем пазнаёміцца з новай метадычнай распрацоўкай воркшопа (ад англ. workshop – рабочая майстэрня), прысвечанай пытанням фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці.
Галіна Давідоўская: “На мой погляд, воркшоп, як форма навучання, забяспечвае інтэнсіўнае ўзаемадзеянне ўсіх яго ўдзельнікаў, кожны з каторых мае магчымасць праявіць самастойнасць, ініцыятыўнасць і асабістую зацікаўленасць працэсам навучання. Эксперты, вядучыя воркшопа, дапамагаюць удзельнікам вызначыць мэты і задачы майстэрні, падбіраюць метады і прыёмы для актыўнага даследавання. Удзельнікі не толькі выкарыстоўваюць асабісты вопыт, веды і ўменні па тэме воркшопа, але і дзеляцца імі з іншымі. Асноўныя метады і прыёмы – аналіз і разбор сітуацый, «мазгавы штурм», выкарыстанне тэхнікі «калектыўны герой», калі ў ролі персанажа выступае ўся група, і інш. Па заканчэнні воркшопа ўдзельнікі змогуць асэнсаваць уласную ідэнтычнасць і ідэнтычнасці іншых людзей, вызначыць прычыны, якія ўплываюць на фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Падставай для складання сцэнару гэтага воркшопа стала практыкаванне “Зорка ідэнтычнасці”, адаптаванае метадыстам Аленай Палейкай для беларускай школы".
Ці ведалі вы, што ў знакамітых братоў Іваноўскіх (Ежы, Тадаса і Вацлава) яшчэ былі сястра і брат?
Апавяданне сястры (Гелены Іваноўскай).
Я нарадзілася ў 1885 годзе ў той жа самай Лябёдцы Лідскага павета і была чацвёртым дзіцём у сям’і, пасля братоў Юрыя, Вацлава і Тадаса. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Кембрыджы. Добра ведала беларускую мову, у 1912–1913 гг. нават напісала 10 артыкулаў ў беларускую газету “Саха”, а ў час вучобы ў Кембрыджы апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Там жа ў Кембрыджы была ініцыятарам стварэння студэнцкага гуртка, удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклорам. Даследчык Гай Пікарда называў нашу суполку «Кембрыджскай хеўрай».
У час Першай сусветнай вайны была прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны, кіраўніком арганізацыі якой быў мой брат Вацлаў. У лістападзе 1915 года ў мястэчку Васілішкі Лідскага павета адкрыла беларускую пачатковую школу.
Лічу, што трэба закаляць не толькі характар, але і цела, таму незалежна ад надвор’я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця. У Лябёдцы мела вялікую стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак маёй гаспадаркі, галоўная крыніца даходу. Вельмі люблю конны спорт і нават да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала разам з мужам і гасцямі конна і ў брыджах. Яшчэ я люблю сабак, таму развадзіла хартоў. Іх у мяне была поўная хата. У час майго вяселля здарылася такая гісторыя: калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю і яны па свежаму следу кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся. Асабіста ведала цікавых пісьменнікаў, напрыклад Ежы Стрэмя Яноўскі ў 1934 годзе выдаў кнігу, якая была прысвечана мне. А Сяргей Пясецкі не толькі гасцяваў у мяне, але ў 1939 г. таемна, праз савецка-літоўскую мяжу змог вывесці ў Вільню. Нямецкую акупацыю перажыла ў родным фальварку. У 1944 перабралася ў Варшаву. Пэўны час жыла ў Любліне. З 1946 працавала перакладчыцай для місіі англійскіх квакераў у Казяніцах, пражыла тут 26 гадоў.
Апавяданне брата (Станіслава Іваноўскага).
Я быў самым малодшым з дзяцей. Вызначаю сябе палякам. Пад канец Першай сусветнай вайны, у кастрычніку 1918 года вярнуўся з Расіі і з групай асоб у Лідзе ўдзельнічаў у стварэнні грамадскай арганізацыі, якая магла б пераняць уладу з рук немцаў. У 1918 – 1919 гг. быў удзельнікам Самаабароны Літвы і Беларусі на Лідчыне і Гарадзеншчыне. Я лічыў, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. Таму ад пачатку 1919 года я жыў у Гродне, дзе заняў пасаду камісара польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, а ў лютым паставіў сваёй мэтай ліквідацыю беларускага войска, дамагаючыся тым самым, каб улада Літвы не распаўсюдзілася на Гродна. Я хацеў, каб Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» увайшла ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай», таму быў арганізатарам адпраўкі ў Варшаву адозвы з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з’езда, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма». Калі настала мірнае жыццё, я стварыў адвакацкую кантору ў Вільні і адначасова гаспадарыў ў Лябёдцы.
Пасля аповеду ўдзельнікі воркшопа могуць задаць свае пытанні брату і сястры Іваноўскім...
Цалкам сцэнар воркшопа “Хто ты гэткі?” пра жыццё і дзейнасць братоў Іваноўскіх можна спампаваць тут.