Ябацюшкі, сілавікі, ідэолагі... Што чакае беларускую школу?

Тамара Мацкевіч
01.09.2021
Мяркуючы па сёлетняй рэспубліканскай педнарадзе, істэрычным прамовам яе выступоўцаў, што хапаюцца за саломінку і бачаць пагрозу сваёй сістэме нават у прыватных дзіцячых садках, разумееш — школа за гэты год не здалася.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

 
Гайкі не закручваюцца, іржавы ключ састарэлай машыны дае пракрутку. Улада, якая адчувае, што зямля разам з маладым пакаленнем і прафесіяналамі сыходзіць з-пад ног, дае пасыл выжыць любым коштам: «Наведите порядок в школе, чего бы это нам ни стоило!».  
 
Гэта — слабая пазіцыя. Пазіцыя таго, хто абараняецца, а не наступае. А мы ж думалі, што гэта мы павінны выжыць, вытрымаць гэты гвалт! А мы павінны проста яго перажыць з найменшымі стратамі, перачакаць, бо ведаем, што рана ці позна адбудуцца перамены. Мы ведаем, як будзе выглядаць наша школа, падручнікі, праграмы… А яны ведаюць, што ў іх наперадзе нічога няма. Таму іх задача — проста адцягнуць фінал.
 
Значыць, дзесяцігоддзі намаганняў з дэвізам Булгакаўскага Шарыкава «Уж мы их душили-душили!» не далі чаканага выніку. Тактыку ўлады вырашылі не мяняць, то будзем спадзявацца, што і гэты навучальны год моцна не будзе адрознівацца ад мінулых.

Леташнія надзеі, што тысячныя мірныя маршы настаўнікаў, незабыўная імправізаваная школьная лінейка на плошчы Незалежнасці, на якой настаўнікі спявалі хорам для Лідзіі Ярмошынай песню «дважды два — четыре», стануць для ўладаў сігналам прыслухацца да розуму і сумлення, не спраўдзіліся. Няма ў сённяшніх чыноўнікаў сумлення, а розум скуты страхам і адчуваннем хуткага канца.

Год прайшоў, настаўнікі выстаялі. Хто з фігай у кішэні маўчаў, а потым ішоў у клас і проста даваў якасныя веды, хто змагаўся больш адкрыта, але школа яшчэ заставалася асяродкам навучання. Што будзе сёлета — невядома. Улетку пачаліся масавыя звальненні прафесіяналаў. Каму не працягнулі кантракт, каго выціснулі рублём, хто сам сышоў. Шмат хто знайшоў сабе месца ў прыватных школах, недзяржаўных адукацыйных асяродках.


Школа: усё менш ведаў і ўсё больш ідэалогіі

Настаўнікаў сапраўды не хапае, што адбіваецца на ведах вучняў. Сыходзяць найлепшыя — хто адчуў мяжу ўласнай несвабоды. Паглядзім, што будзе з ідэалогіяй. Раней школе не вельмі ўдавалася заразіць маладыя мазгі псеўдапатрыятычнай цвіллю. Новае пакаленне не ўспрымае прапанаваныя ідэалагемы чыста эстэтычна. БРСМ яўна не спраўляўся з пастаўленай задачай. Сёлета на дапамогу ідэолагам кінулі сілавікоў і рэлігію.

З рэлігіяй — прасцей. У нас адукаванае свецкае грамадства. Апошнія вынікі апытання The World Values Survey Association (WVSA) and the European Values Study (EVS) паказалі, што сярод 11-ці прапанаваных на выбар каштоўнасцяў, якія б беларусы хацелі бачыць у дзяцей, першыя месцы займаюць працавітасць (81,2%) і адказнасць (71%), апошняе месца — рэлігійнасць (9,3%), якая ўдвая саступае нават здольнасці абстрактнага ўяўлення (фантазіі) (18,2%).

 
Калі б Міністэрства прыслухоўвалася да навукі і да людзей, важныя якасці і каштоўнасці маглі б скласці так званую сацыяльную замову грамадства да сістэмы адукацыі.  

Паводле лічбаў, давер да рэлігіі ў беларусаў зніжаецца з году ў год пасля невялікага ўсплёску ў 90-х гадах. Тым больш дзіўнымі выглядаюць настойлівыя прапановы навязаць школам праваслаўе замест крытычнага мыслення і навуковай карціны свету, якія павінна фармаваць школа.

Наўрад ці здзейсняцца фантазіі прарэктаркі па навукова(!)-метадычнай рабоце АПА, якая прэзентавала на педнарадзе падручнік для факультатыва «Духоўнасць і патрыятызм», дзе ёсць раздзел «Духовное озарение». Відаць, адчуваючы, што сярод настаўнікаў не так шмат сацыяпатаў, якім звычайна рэлігія падмяняе сумленне, яна прапанавала, каб гэты факультатыў мог весці кожны, хто адчувае ў сабе здольнасці. Пра здольнасці «духовно озарять» ужо народ складае мемы.

У лепшым выпадку гэты факультатыў застанецца на паперы або будзе праводзіцца фармальна, як тая праграма ШАГ, у горшым — «озарители» атрымаюць ад нашых разумных падлеткаў «на арэхі».

Іншая справа з сілавікамі ў школе. Тут існуе дзве небяспекі. Гэтыя «спецыялісты» пачнуць кантраляваць настаўнікаў і дзяцей, арганізуюць паляванне на іншадумцаў. Гэта справакуе яшчэ больш масавы зыход са школы педагогаў, замяніць якіх няма кім. Веды даўно ў беларускай школе не галоўнае, але можа наступіць поўны абвал. Варта паглядзець на прахадныя балы і недаборы ў педагагічныя ВНУ, каб жахнуцца.

Другая небяспека — гэта прапанова скараціць школьных псіхолагаў, каб ваенрукі атрымалі стаўку. Ва ўсім свеце, як і ў Беларусі, узрастае патрэба менавіта ў псіхалагічнай дапамозе дзецям. Інтэграванае навучанне патрабуе не толькі псіхолагаў, але і падрыхтаваных т’ютэраў, якія б працавалі ў класе разам з настаўнікам. Школьныя псіхолагі патрэбныя і настаўнікам, якія не могуць даць рады эмоцыям, прафесійнаму выгаранню. Узгадаем настаўніцу з партай ці Стаўбцоўскага падлетка з нажом. Сілавікі-ідэолагі — гэта пустое месца ў школе.
 

Што рабіць бацькам, настаўнікам, дзецям? Тым якія з’ехалі і якія застаюцца ў Беларусі

 
Няма іншага выйсця, як яднацца, падтрымліваць адно аднаго. Тут хачу працытаваць і падтрымаць прапанову нашага сацыёлага Генадзя Коршунава: «Сочым за сецівам, падключаемся да ініцыятываў і пакрысе робім свае падмуркі для будучых інстытутаў новай дзяржавы».
 
Настаўнікі ў нас раз’яднаныя, бацькі — таксама. Улада сочыць за атмасферай у школах, каб усе баяліся, былі залежнымі. Бацькі наўрад ці змогуць масава забраць дзяцей з няякасных школаў, будуць, як і раней, вучыць іх паралельна, калі трэба — падпольна. Тут трэба гуртавацца, каб было танней, можа вучыць групамі, узяўшы за ўзор прыклад Коласаўскага ліцэю.
 
Шмат вучняў сёлета з’ехалі ў суседнія краіны, бо бацькі хаваюцца ад рэпрэсій. Гэта можа і добра — дзеці атрымаюць прышчэпку сапраўднага патрыятызму, адчуюць, што такое жыць на чужыне, калі цябе не трэба, а ты ёсць.
 
Пазбавяцца ілюзій і некаторыя бацькі, спадзяючыся на дапамогу рэлакантам, зразумеюць, што выжыць за мяжой можна, але каб жыць годна, трэба будаваць, ратаваць сваю краіну. Жыць годна — гэта не толькі і не столькі матэрыяльная катэгорыя. Пачнуць арганізоўваць беларускія, я не рускія, як цяпер, школы за мяжой, каб дзеці не гублялі перспектывы. Большасць вернецца іншымі людзьмі — адказнымі, самастойнымі, каб будаваць жыццё дома.  
 
Настаўнікам — цяжэй, чым бацькам. З іх імкнуцца зрабіць сілавыя структуры адукацыі — такіх салдатаў з функцыяй «сачыць і караць». Тут кожны выбірае свой шлях у залежнасці ад ступеняў свабоды: застацца і вучыць, сысці з канкрэтнай школы, але не з прафесіі, рабіць сваю справу паўлегальна або звольніцца, добра ляснуўшы дзвярыма. Любы выбар будзе правільны. Бо памятаем — у нас моцная пазіцыя. Наша мэта — дачакацца, а іх — любым коштам працягнуць агонію. 

Тамара Мацкевіч, Новы час