Дзённік настаўніцы. 12 снежня

Ганна Севярынец
12.12.2021

Прыходзіць дачушка. "Мама, мне патрэбная матывацыя". БДУ, заліковая сесія. Мда, мне і самой цяпер патрэбная матывацыя, што тычыцца БДУ. Але раблю бадзёры выгляд і кажу: ну давай, да чаго цябе зматываваць.

Аказваецца, трэба зрабіць рэферат артыкула найшаноўнага Ігара Запрудскага пра новыя аспекты вывучэння Багушэвіча.

М-м-м-м, рэферат! А ці ведаеш ты, што першы рэктар Пічэта лічыў навык рэферавання навуковых артыкулаў самым першым навыкам навукоўца? Ведаеш, як ён дабіваў сваіх аспірантаў рэфератамі?! Ён з іх цэлы год не злазіў, прымушаў тысячы старонак сціскаць да пяці старонак рэферату! Сам Пічэта!

Ну ладна, а Запрудскі? Я не ведаю яго.

А-а-а! Ды я была б гатовая зараз усё кінуць і рэфераваць ягоныя артыкулы! Гэта ж ён раскруціў гісторыю з Паўлюком Багрымам! Мой любімы артыкул, я яго перачытала разоў сто проста ад задавальнення!

Ну дык то Багрым... А што такога там у Багушэвіча...

Ого! А ты рэпчык Вольскага і Памідорава на словы Багушэвіча чула?! Гэта табе не Аліндарка і не Мацей Бурачок! От усё, што вам у школе давалі, гэта старыя аспекты, а новыя ты толькі ўяві, што там можна накалупаць! Зараз табе Багушэвіч развернецца такім нечаканым бокам, што вочы на лоб палезуць! Раскажаш мне потым, надта ж цікава.

 Ну добра, пайду. Крыху зматывавалася.

Нават я сама зматывавалася. Сяджу, Немца  на словы Багушэвіча слухаю.  Класны рэпчык.

 

Дарэчы, пра рэфераты. Прачытала сёння вельмі карысны артыкул псіхолагаў пра тое, што мы цяпер усе перажываем. Спасылку даць па зразумелых прычынах не магу, а вось рэферат зрабіць  магу:)

Агульная думка ў ім простая: мы цяпер усе знаходзімся ў вельмі траўматычных абставінах. У часткі з нас  (прыблізна траціна, і гэтая траціна  людзі з шырокімі магчымасцямі псіхікі, устойлівыя да траўматычных абставінаў)  моцны стрэс. У большасці сапраўдная траўма. Першыя яшчэ могуць знайсці ў сабе сілы, згрупіравацца, сканцэнтравацца і жыць у новай траўматычнай сітуацыі, другія ж у большасці адчуваюць роспач, віну, неасэнсаваную агрэсію, якая выплёскваецца на блізкіх. Другія мусяць мець магчымасць абаперціся на першых, і нічога ў гэтым дрэннага няма. Я б сказала нават, што першыя мусяць адчуць сваю адказнасць за другіх (псіхолагі гэтага не казалі:).

Што раяць псіхолагі:

Прыняць думку пра тое, што часы цяпер надзвычай цяжкія, і мы ў іх не вінаватыя, ні ў чым. Таксама прыняць думку пра тое, што мы цяпер перажываем смерць рамантычных спадзяванняў і сталеем у разуменні рэальных задач і рэальных цяжкасцяў.

Лекавацца, рухаючыся: прагулкі, вандроўкі, бег, па надвор'і ровар, каму што зручна. Рухацца рэгулярна і ў радасць.

Знайсці для сябе маяк, накірунак, сэнс, няхай невялікі, але для вас зразумелы, які, па вашым разуменні, набліжае вас да мэты. (Ад сябе дадам у якасці магчымых маякоў хрэстаматыйны спіс, якім трымаюся сама: мова, культура, памяць, салідарнасць, дапамога).

Разумець, што падчас калектыўнай траўмы у народа выпрацоўваюцца калектыўныя інструменты рэагавання на цяжкія абставіны, тыя інструменты, якія мы перададзім у спадчыну дзецям. Нам з вамі ад нашых продкаў дасталіся такія: "мая хата с краю", "не будзі ліха, пакуль яно ціха", "не высоўвайся", "жыць як набяжыць", "ты начальнік я дурак". Што мы пакінем нашым дзецям - залежыць ад нас. Менавіта ў такія часы ёсць шанс змяніць агульныя праграмы.

Ад сябе прапаную варыянты: "Сцісні зубы і рабі сваё", "свет уратуюць адукацыя і выхаванне", "я памятаю, значыць, існую", магчыма нават "не вер, не бойся, не прасі".