Белыя і чорныя анёлы беларускай мовы

Тамара Мацкевіч
20.02.2023

Чаму ў адных настаўнікаў дзеці любяць іх прадмет, а іншыя адбіваюць ад яго вывучэння ўсякую ахвоту?

Ірына Дубянецкая - філосаф і адзіная жанчына ў Беларусі, якая мае ступень доктара сакральнае тэалогіі - умоўна дзеліць уплывовых людзей на "белых" і "чорных" анёлаў.  Белыя - стваральнікі, чорныя - разбуральнікі. Для справы добра, калі ёсць і тыя, і іншыя. Часам трэба нешта разбурыць, расчысціць месца для новага, карыснага. Бо карыснае - гэта ж не пустазелле, абы-дзе не расце.

Мне здаецца, як ніколі гэтая тэорыя пацвярджаецца ў школе. Асабліва, калі паназіраць за настаўнікамі беларускай мовы. Вось, прыкладам, у школе N была настаўніца роднай мовы, яна любіла сябе, дзяцей і тое, што яна робіць. Ні да чаго не прымушала, не надта патрабавала ведаў, проста заўсёды была шчырай, гаварыла паўсюль па-беларуску: і са сваімі дзецьмі, і з "казённымі", усміхалася, злавалася, весялілася і засмучалася, не забывалася пагладзіць сваіх вучняў па галоўцы. Дзеці вакол яе віліся роем, праз які час зашчабяталі па-беларуску. Прычым, не толькі на ўроку. Ды і ў настаўніцкай станавілася беларускай мовы больш і больш.

Потым, як вы здагадаліся, настаў 2020 год і белых анёлаў са школы пагналі ў вырай. Ну ці, у лепшым выпадку, проста са школы. На месца нашай настаўніцы прыйшла іншая. Маладая, дасведчаная, вельмі любіла і добра ведала нашую мову, але былі ў яе бясколерныя халодныя вочы і чорныя анёльскія крылы. Яна любіла слоўнікі больш за людзей, не забывалася прыстыдзіць вучняў за няведанне... Карацей,  грамар-нацы, а не настаўніца. Пры гэтым яна шмат арганізоўвала імпрэзаў, але дзеці не любілі там быць  Дзяцей ад роднай мовы як адвярнула. Замоўклі. 

Ірына Дубянецкая кажа, беларусы не ўмеюць берагчы сваіх белых анёлаў... Чорныя больш напорыстыя, амбітныя пачынаюць дамінаваць, а белыя, як тыя птушаняты, якіх зязюльчыны дзеці выкідаюць з гнязда, застаюцца збоку, адыходзяць ад справы, сыходзяць з прафесіі.  Але без белых у чорных нічога не атрымліваецца. 

У дзень роднай мовы хацелася б павіншаваць тых, хто стварае, грэе, вучыць, паказвае прыклад, сее, спачувае, дапамагае, будуе.... А разбураць ёсць каму і без нас.