Прапануем заданні і матэрыялы для работы з тэматыкай БНР на ўроках і факультатыўных занятках

Тэматыка БНР уключана ў вучэбную праграму і падручнікі па гісторыі Беларусі і вывучаецца як этап працэсу дзяржаўнага будаўніцтва на ўроках.

 

 

У 9 класе на падзейна-храналагічным узроўні:

Спробы дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. Скліканне Ўсебеларускага з’езда і яго рашэнні. Наступленне войск кайзераўскай Германіі. Брэсцкі мір і яго вынікі для Беларусі. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (далей – БНР). Дзейнасць рады БНР.

У 11 класе на праблемна-тэарэтычным узроўні:

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. і афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Асаблівасці палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў час Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917 г. рэвалюцый. Варыянты вырашэння нацыянальнага пытання. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове: стварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (далей – ССРБ), Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел) і другое абвяшчэнне ССРБ.

На ўроках грамадазнаўства праблематыка БНР можа разглядацца ў межах вывучэння раздзела "Палітычная сфера грамадства" у 10 класе.

Прапануем заданні і матэрыялы для работы з тэматыкай БНР на ўроках і факультатыўных занятках:

1. Практыкаванне: Аналіз архіўнага дакумента «Другая ўстаўная грамата да народаў Беларусі». Працуем з архіўным дакументам.

Вывучаючы пытанне пра ўзнікненне БНР, прапануем вучням уважліва прачытаць тэкст архіўнага дакумента «Другая ўстаўная грамата да народаў Беларусі».



Адкажам на пытанні:
Якія правы і свабоды для грамадзян абвяшчаліся ў II устаўной грамаце?

(Вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумлення, нізапэпнасьць асобы і памешкання, усе народы маюць права на нацыянальна- пэрсональную аўтаномію; абвешчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі).

Чыёй уласнасцю абвяшчалася зямля?

(У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца.
Зямля перадаецца бяз выкупу тым, хто самі на ей працуюць).

Які лад абвяшчаўся гэтым дакументам на Беларусі: буржуазны ці сацыялістычны?

З уважлівай працы з гістарычным дакументам з выкарыстаннем схемы "Палітычныя ідэалогіі" з падручніка грамадазнаўства для 10 класа вынікае, што па сутнасці БНР абвяшчалася як дэмакратычная сацыялістычная дзяржава.

2. Даследчая праца «Абвяшчэнне БНР». Паспрабуйце знайсці месцы, звязаныя з гэтымі падзеямі. Працуем з Google Maps.



Цалкам распрацоўка тут: https://nastaunik.eu/node/15523

3. Праблемнае заданне па грамадазнаўстве "Ці патрэбны Беларусі нацыянальны пантэон?" Працуем з архіўным дакументам (бланкам пасведчання).

У 1919 г. мастак Язэп Драздовіч аформіў бланк пасведчання аб заканчэнні курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства пры Беларускай Ваеннай камісіі БНР. На бланку ў якасці нацыянальных герояў, якія "сімвалізуюць гонар і адзінства нацыі", былі прадстаўлены шэсць асоб.


Устанавіце імёны асоб, адлюстраваных на бланку. Паспрабуйце ўявіць абгрунтаванне іх выбару. Прапануйце і абгрунтуйце імёны шасці асоб, якія, на вашу думку, павінны прысутнічаць у беларускім нацыянальным пантэоне.

Больш матэрыялаў тут: http://profil.adu.by/mod/book/view.php?id=3527&chapterid=10289

4. Пошукавае заданне па фота, зробленаму 105 гадоў таму. Працуем з фота айцоў-заснавальнікаў БНР.

Амаль усе героі гэтага чорна-белага фота ўдзельнічалі ў першым Усебеларускім з'ездзе з больш за 1800 дэлегатамі. Хто ж яны, якую ролю адыгралі ў гісторыі Беларусі і як склаўся іхні лёс?

 

Больш матэрыялаў тут: https://www.kp.ru/daily/26808/3843655/