Прапануем прэзентацыю, мануал і заданні для трэнінгу для настаўнікаў на тэму новых тэндэнцый у развіцці адукацыі ў свеце "Як пандэмія і новыя выклікі паўплывалі на адукацыю"
Трэнды і выклікі сучаснай адукацыі
Мы жывём у вельмі цікавы і складаны час. Змены адбываюцца так хутка, што да іх немагчыма загаддзя падрыхтавацца, аднак неабходна валодаць неабходнымі навыкамі для максімальна камфортнага суіснавання з найбольш распаўсюджанымі праблемамі 21 стагоддзя, а іменна з праблемамі глабалізацыі, змянення клімату і лічбавымі тэхналогіямі. Бяспрэчна тое, што толькі адукаваны і падрыхтаваны чалавек зможа справіцца са шматлікімі праблемамі сучаснасці. А гэта значыць, што і адукацыі неабходны змены, якія будуць улічваць такія крытырыі, як адукацыйныя мэты (агульначалавечыя і індывідуальныя), характарыстыкі сучаснага вучня і найбольш распаўсюджаныя праблемы адукацыі.
У якасці ілюстратыўнага прыкладу, можна разгледзець графік «Гонка паміж тэхналогіямі і адукацыяй». На якім паказана, што сацыяльныя катаклізмы (industrial/digital revolution) і выкліканы імі «сацыяльны боль» (social pain), адбываюцца ў тым выпадку, калі развіццё тэхналогій (чырвоны колер) апераджае развіццё адукацыі (сіні колер). Для скарачэння перыяду «сацыяльнага болю» і павелічэння перыяду «дабрабыту» (prosperity) сістэма адукацыі павінна трансфармавацца. На дадзены момант на першы план у гэтай трансфармацыі выходзяць этычныя пытанні выкарыстання ведаў і навыкаў, якімі мы валодаем.
Вынікі даследавання PISA 2022
PISA 2022 правярала кампетэнцыі амаль 700 000 15-гадовых навучэнцаў з 81 краіны-члена АЭСР і краін-партнёраў па матэматыцы, чытанню і прыродазнаўству (Беларусь у даследаванні 2022 года не ўдзельнічала). Гэта даследаванне мела ў прыярытэце матэматыку і было першым, у якім сабраны звесткі аб паспяховасці, дабрабыце і роўнасці навучэнцаў да і пасля пандэміі COVID-19.
У цэлым даследаванне PISA 2022 зафіксавала беспрэцэдэнтнае падзенне паспяховасці ў краінах АЭСР. У параўнанні з 2018 годам сярэдняя паспяховасць знізілася на 10 балаў па чытанні і амаль на 15 балаў па матэматыцы. Аднак выклікі, кінутыя сістэмам адукацыі пандэміяй, выявілі і станоўчыя бакі некаторых з гэтых сістэм. Вучні, чые настаўнікі ў час пандэміі і закрыцця школ маглі дапамагаць ім, напрыклад, праз інтэрнэт, атрымалі больш высокія балы і былі больш упэўненыя ў самастойным навучанні. Большасць з гэтых вучняў былі паспяховыя ў выкарыстанні лічбавых навучальных платформ і пошуку навучальных рэсурсаў.
Цікавым выяўляецца і вось такі факт уплыву тэхналогій на паспяховасць вынікаў адукацыі: у сярэднім па краінах АЭСР навучэнцы, якія праводзілі да адной гадзіны ў дзень, карыстаючыся лічбавымі прыладамі, набралі на 49 балаў больш па матэматыцы, чым навучэнцы, якія праводзілі з прыладамі ад пяці да сямі гадзін у дзень. Такім чынам, PISA паказвае, што ўмеранае выкарыстанне лічбавых прылад у школе звязана з больш высокай прадукцыйнасцю.
Вынікі PISA 2022: зніжэнне паспяховасці можна толькі часткова звязаць з пандэміяй COVID-19
Агляд трох міжнародных рамачных дакументаў, якія маюць вырашальнае значэнне для развіцця школьнай адукацыі
Еўрапейскія краіны пры змене сваіх школьных праграм кіруюцца рамачнымі дакументамі, якія апісваюць тэндэнцыі развіцця адукацыі і даюць рэкамендацыі для настаўнікаў, метадыстаў, палітыкаў у адукацыі. Дадзеныя дакументы сталі вынікамі прафесійных шматгадовых даследаванняў сферы адукацыі. Прапануем пазнаёміцца з трыма з іх.
Агульнае для трох дакументаў – у фокусе ўвагі знаходзіцца вучань (адказнасць за сваю адукацыю, унутраная матывацыя, якасная зваротная сувязь, увага да інтарэсаў і патрэб вучня, самастойнасць і аўтаномнасць, навучанне на працягу жыцця).
Першы дакумент — даклад міжнароднай камісіі ЮНЕСКА па будучыні адукацыі «Пераасэнсоўваем нашу будучыню разам. Новы сацыяльны кантракт на адукацыю» ( 2021 год).
У гэтым дакуменце сцвярджаецца, што адукацыя перажывае глабальны крызіс навучання. Калі раней галоўнай праблемай быў доступ да навучання, то цяпер 95% дзяцей маюць доступ да адукацыі, але пры гэтым каля 60% вучняў у краінах з даходамі ніжэй за сярэдні і каля 90 % вучняў у краінах з нізкімі даходамі не сканчаюць сярэднюю школу. Прычынамі гэтага называюцца неадпаведнасць зместу навучання патрабаванням жыцця, адсутнасць культурнай і сацыяльнай значнасці адукацыі, нізкая падрыхтоўка настаўнікаў.
Робіцца выснова, што патрэбны новы сацыяльны кантракт на адукацыю, які разглядае адукацыю як грамадскую справу, сумеснае грамадскае абавязацельства, адно з важнейшых праў кожнага чалавека і адзін з найважнейшых абавязкаў як грамадзян, так і дзяржавы.
Задачай адукацыі называецца падрыхтоўка асобы да сумеснай працы з іншымі людзьмі, развіццё суб’ектнасці, адказнасці, эмпатыі, крытычнага і крэатыўнага мыслення разам з поўным спектрам сацыяльных і эмацыйных навыкаў. Для дасягнення дадзенай задачы, лічаць эксперты ЮНЕСКА, патрэбнае ў першую чаргу абнаўленне навучальных праграм і зместу адукацыі.
Другі дакумент «Будучыня адукацыі і навыкаў: Адукацыя 2030» (Future of Education and Skills: Education 2030) выдадзены Арганізацыяй Эканамічнага Супрацоўніцтва і Развіцця (АЭСР).
Дадзены праект АЭСР, скіраваны на ўстойлівае развіццё і сусветны дабрабыт, уключае ў сябе два асноўныя напрамкі – распрацоўка канцэптуальнай рамкі навучання, якая адпавядае мэтам і задачам развіцця да 2030 года і міжнародны аналіз навучальных праграм. Ён таксама дае магчымасць актуалізаваць і сфарміраваць агульнае разуменне кампетэнцый, складнікамі якіх з’яўляюцца веды, навыкі, і таксама стаўленне і каштоўнасці.
Першы этап праекту праходзіў з 2015 па 2019 год і выявіў, якія кампетэнцыі (веды, навыкі, стаўленні і каштоўнасці) патрэбны сённяшнім навучэнцам, каб быць паспяховымі ў будучыні і фармаваць гэтую будучыню для лепшага жыцця як свайго асабістага, так і грамадскага. З 2019 года працуе другая частка праекту, якая адказвае на пытанне, як распрацаваць здольнае выхаваць такія кампетэнцыі навучальнае асяроддзе.
У рамках праекта АЭСР “Будучыня адукацыі і навыкаў 2030” быў распрацаваны “Компас навучання АЭСР да 2030 года” – канцэпцыя навучання, якая вызначае амбіцыйнае бачанне адукацыі ў 2030 годзе.
У канцэпцыі са-суб’ектнасці прызнаецца сумесная праца вучняў, настаўнікаў, бацькоў і супольнасцей, нацэленая на дапамогу вучням, каб дабіцца прагрэсу ў дасягненні іх мэтаў.
Для ілюстрацыі ўзроўню ўдзелу дзяцей у дзейнасці і прыняцці рашэнняў яшчэ на пачатку 1990-х сацыёлагам Роджэрам Хартам была распрацавана так званая “лесвіца ўдзелу”. На кожнай яе ступені вучні працуюць з дарослымі (за выключэннем толькі ступені “маўчанне”, ці “0”, калі ні моладзь, ні дарослыя не вераць, што моладзь можа ўнесці свой уклад, і моладзь захоўвае маўчанне ў той час, калі дарослыя ініцыююць усе дзеянні і прымаюць усе рашэнні). На наступных ступенях лесвіцы – “маніпуляцыя”, “дэкарацыя” і “такенізм” (фармальны ўдзел) – вучні лічаць, што яны могуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, аднак яны не атрымліваюць магчымасці для гэтага. Чым вышэй ступень удзелу – са-суб’ектнасці, тым лепшы дабрабыт як вучняў, так і дарослых.
Крыху менш чым праз 30 гадоў, у 2018 годзе, фокусная вучнёўская група АЭСР – вучні з 10 краін, якія выказалі жаданне дапамагаць у кіраванні развіццём “Компаса навучання да 2030 года” і былі абраныя для гэтага сваімі краінамі, – стварылі “сонечную мадэль са-суб’ектнасці” на аснове лесвічнай схемы. Вучні замянілі візуалізацыю з лесвіцы на сонца, бо яны вырашылі, што кругавы вобраз лепш прадстаўляе са-суб’ектнасць, чым лінейны.
Трэці дакумент, «Ключавыя кампетэнцыі для ўсіх: Распрацоўка праграмы і рэалізацыя ў еўрапейскай сістэме школьнай адукацыі» быў апублікаваны Еўрапейскай камісіяй у 2022 годзе. Мэтай яго з’яўляўся збор і распаўсюд інфармацыі аб эфектыўных праграмах рэфармавання і развіцця кампетэнцый у школьнай адукацыі.
Паводле гэтага дакументу, рэфармаванне адукацыі ёсць не што іншае, як пераход да кампетэнтнаснага падыходу, які заснаваны на памкненнях зацікаўленых бакоў і грунтуецца на доказах эфектыўных практык. З мэтай лепшага даследавання досведу рэфармавання адукацыі ў розных краінах быў разгледжаны шэраг пытанняў, якія можна аб’яднаць у пяць груп:
1. Якія падыходы выкарыстоўваюцца для развіцця кампетэнцый у кантэкстах розных краін, і якое ёсць для гэтага абгрунтаванне?
2. Які ўплыў аказваюць мадэлі кіравання адукацыяй краіны на яе рэфармаванне?
3. Як паўплывалі падыходы да распрацоўкі праграм і інструментарыя на пераход да кампетэнтнасна-арыентаванай адукацыі ў школах і класах?
4. Як падыходы да рэалізацыі паўплывалі на эфектыўнасць рэфармавання ў цэлым?
5. Як паўплываў COVID-19 на пераход да кампетэнтнасна-арыентаванай адукацыі?
У ходзе вывучэння асаблівасцей рэфармавання адукацыйных сістэм у 27 (5 краін фокуснай групы: Данія, Ірландыя, Нідэрланды, Славакія, Партугалія) краінах ЕС было выяўлена 79 розных варыянтаў змен, большасць з іх накіраваны на абнаўленне навучальных праграм (51), ролю настаўнікаў (40) і ацэньванне (39). Варта адзначыць, што прадстаўленыя ніжэй катэгорыі не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі, могуць спалучацца ў розных варыянтах.
У дакуменце адзначаецца, што кампетэнцыі як вынікі навучання павінны не стаяць на месцы, а адпавядаць патрэбам часу. У табліцы паказана, як абнавіліся за апошнія гады восем ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі грамадзян, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі.
- У фокусе ўвагі ўсіх рамачных дакументаў знаходзяцца кампетэнцыі
- Усе мадэлі кампетэнтнаснай школьнай адукацыі – вучнецэнтрычныя
Як змяніўся пералік ведаў, навыкаў і стаўленняў у кожнай з ключавых кампетэнцый
Напрыклад, кампетэнцыя «Пісьменнасць» (2018 год) – гэта «здольнасць ідэнтыфікаваць, разумець, выказваць, ствараць і інтэрпрэтаваць канцэпцыі, пачуцці, факты і меркаванні як у вуснай, так і ў пісьмовай формах, з выкарыстаннем візуальных, гукавых/аўдыё і лічбавых сродкаў у розных дысцыплінах і кантэкстах». Гэты панятак значна шырэй, чым кампетэнцыя «Валоданне роднай мовай» (2006 год) – “здольнасць выказваць і інтэрпрэтаваць паняцці, думкі, пачуцці, факты і меркаванні як у вуснай, так і ў пісьмовай форме (аўдзіраванне, маўленне, чытанне і пісьмо), а таксама ўзаемадзейнічаць лінгвістычна адпаведным і творчым чынам у поўным дыяпазоне сацыяльных і культурных кантэкстаў: для адукацыі і навучання, працы, побытавых зносін і адпачынку”.
У адпаведных дакументах можна паглядзець, як змяніўся пералік ведаў, навыкаў і стаўленняў у кожнай з ключавых кампетэнцый. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, а такія базавыя навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, аналітычныя і міжкультурныя навыкі з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
Падчас даследавання было таксама адзначана, што школьныя праграмы практычна паўсюль вельмі перагружаныя. Даследаванне сведчыць, што розныя краіны па-рознаму спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, і, зразумела, што іх вопыт, як станоўчы, так і адмоўны, павінен быць улічаны і выкарыстаны пры рэфармаванні адукацыі.
Праект “Канцэпцыі фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі” для Беларусі.
Праект айчыннай “Канцэпцыі фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі” быў распрацаваны ў рамках праекта Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі сумесна з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) па распрацоўцы асноў навукова-метадычнага забеспячэння фармавання ўніверсальных кампетэнцый/навыкаў XXI стагоддзя дзяцей і моладзі, уключаючы сацыяльна-эмацыйныя навыкі.
Канцэпцыя вызначае стратэгічныя напрамкі, механізмы і ўмовы фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі, асаблівасці гэтага працэсу на розных узроўнях адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Універсальныя кампетэнцыі вызначаюцца як ключавыя кампетэнцыі, звязаныя з агульнымі ведамі, уменнямі, каштоўнасна-сэнсавымі ўстаноўкамі і асобаснымі характарыстыкамі, якія дазваляюць чалавеку творча рэалізаваць сябе, сацыяльна ўзаемадзейнічаць і адаптавацца да зменлівых умоў, эфектыўна рашаць задачы незалежна ад вобласці і спецыфікі.
Нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі
Прапанаваная канцэпцыя змяшчае пералік універсальных кампетэнцый, які быў складзены зыходзячы з асноўных сфер іх праявы: чалавек, грамадства, прырода, культура (духоўная і матэрыяльная). У гэты спіс уваходзяць наступныя кампетэнцыі: устойлівае персанальное развіццё, мысленне, эмацыйная рэгуляцыя, камунікацыя, кааперацыя, грамадзянскасць.
Узроўні рэфармавання адукацыі паводле канцэпцыі
На ўзроўні зместу адукацыі:
1) акцэнт на фармаванне пераўтваральных апераджальных кампетэнцый, устаноўкі на самаразвіццё, сэнсажыццёвае і каштоўнаснае самавызначэнне;
2) папярэджанне вучэбнай інфляцыі (міжпрадметнасць і кантроль вучэбнай нагрузкі, скарачэнне інфармацыйнай празмернасці ў праграмах, рацыяналізацыя аб'ёму хатніх заданняў і інш.);
3) гнуткасць навучальных праграм, наяўнасць у іх электыўных і варыятыўных кампанентаў, якія забяспечваюць персаналізацыю навучання (адпаведнасць індывідуальным асаблівасцям, патрэбам і інтарэсам кожнага навучэнца і прадастаўленне яму магчымасці вучыцца ў індывідуальным тэмпе).
На ўзроўні арганізацыі адукацыйнага працэсу:
1) пераход да праектнага навучання і мадэлі майстэрняў на ўроках (навучальных занятках), да феномена-арыентаванага навучання (вывучэння феноменаў і праблем замест адаптаваных навуковых ведаў) і да іншых адукацыйных практык, якія адпавядаюць патрабаванням экалогіі вучэбнай дзейнасці і задачам фармавання апераджальных кампетэнцый;
2) гейміфікацыя навучання (выкарыстанне ў навучанні гульнявых матываў – жаданне «пабіць» уласны рэкорд, перайсці на новы ўзровень, асвоіць новую ролю, імітаваць сацыяльна значную дзейнасць, напрыклад здымаць фільм, складаць план рашэння праблемы, навучаць іншых, аказваць дапамогу і г. д.);
3) пераход да фармавальнага ацэньвання (Formative Assessment) навучальных дасягненняў, заснаванага на пастаяннай зваротнай сувязі і якаснай ацэнцы вынікаў навучання ў форме партфоліа, самаацэньвання, эсэ, творчых праектаў, дзе ўлічваецца здольнасць вырашаць нестандартныя задачы і праяўляць універсальныя кампетэнцыі.
На ўзроўні адукацыйнага асяроддзя:
1) узмацненне пачуцця датычнасці, прыхільнасці да ўстановы адукацыі, ступені ўсведамлення сябе паўнавартасным удзельнікам школьнай супольнасці (шэфства, цьютарства, карпаратыўны дух);
2) зніжэнне стрэсагеннасці (антыбулінгавыя праграмы, пакоі псіхалагічнай разгрузкі і г.д.);
3) стымуляванне рухальнай актыўнасці на занятках і перапынках (уводзяцца абмежаванні на гаджэты, заахвочваецца свабода перамяшчэння пры засваенні навучальнага матэрыялу і інш.).
У адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года плануецца пераход да новай парадыгмы адукацыі, якая азначае перагляд замест навучання, у аснове якога ляжыць не засваенне гатовых ведаў, а развіццё ў навучэнцаў здольнасцяў, якія даюць магчымасць самастойна засвойваць веды, творча іх перапрацоўваць, ствараць новае, укараняць яго у практыку і несці адказнасць за свае дзеянні. Канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года вызначана, што грамадству патрэбны кампетэнтныя асобы, здольныя самастойна прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару, прагназуючы іх магчымыя наступствы, якія ўмеюць выбіраць спосабы супрацоўніцтва, якія характарызуюца мабільнасцю і дынамізмам.
У канцэпцыі пералічваюцца праекты, якія сталі фундаментальнай і тэарэтыка-прыкладной базай для навуковых даследаванняў:
2015-2017: "Якасць адукацыі", вынікі выканання якой дазволілі пачаць паэтапны пераход на новы змест адукацыі, накіраваны на фарміраванне гатоўнасці прымяняць засвоеныя веды і ўменні ў паўсядзённым жыцці;
2018-2020: «Выхаванне праз навучанне», у рамках якой распрацоўваўся інструментар па фарміраванні і дыягностыцы ў навучэнцаў асобасных і метапрадметных кампетэнцый;
2021: «Распрацаваць навукова-метадалагічнае абгрунтаванне і нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па вучэбных прадметах устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу»;
2020–2021: «Фармаванне ў навучэнцаў універсальных навыкаў XXI стагоддзя ў сістэме агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь» ( пры падтрымцы ЮНІСЕФ).
Цяпер у Беларусі выконваецца галіновая навукова-тэхнічная праграма “Навукова-метадычнае забеспячэнне фармавання функцыянальнай граматнасці навучэнцаў у адукацыйным працэсе» (2021–2025), накіраваная на забеспячэнне паступальнага пераемнага развіцця нацыянальнай сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі ў рэчышчы агульных канцэптуальных установак, якія адпавядаюць нацыянальным прыярытэтам у вобласці развіцця чалавечага капіталу, краінавым паказчыкам мэт устойлівага развіцця, сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі ў краінах з перадавымі эканомікамі, міжнародным патрабаванням да якасці адукацыі.
У канцэпцыі адлюставаны мэты, задачы, падыходы і прынцыпы фарміравання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей, студэнтаў і моладзі, асаблівасці фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі на розных узроўнях адукацыі, узроставыя асаблівасці навучэнцаў, мэтавыя паказчыкі і чаканыя вынікі рэалізацыя канцэпцыі.