Прадпрымальніцкая кампетэнцыя вызначаецца як “здольнасць чалавека ператвараць ідэі ў дзеянні". Сюды ўваходзяць: творчы патэнцыял, гатоўнасць да інавацый, гатоўнасць узяць на сябе рызыку, здольнасць планаваць і кіраваць праектамі для дасягнення пастаўленай мэты. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя з'яўляецца адной з васьмі ключавых кампетэнцый і адносіцца да здольнасці браць ініцыятыву на сябе, дзейнічаць на апярэджанне, быць самастойным і інавацыйным у асабістым і грамадскім жыцці, а таксама на працы.
Важна памятаць пра ключавыя кампетэнцыі:
- Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца веды, навыкі, стаўленне/каштоўнасці.
- Развіццё каштоўнасцей – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што каштоўнасці складаюць ядро ідэнтычнасці чалавека, праяўляюцца ў выбары і дзейнасці асобы.
- Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, кантраляваць эмоцыі і праяўляць стрэсаўстойлівасць з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
- Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям'ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.
- Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі і ўзаемапранікальнымі, і асноўныя складнікі адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.
Прадпрымальніцкая кампетэнцыя запатрабавана ва ўсіх сферах жыцця: ад клопату аб сваім уласным развіцці да актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства, уваходжання на рынак працы ў якасці работніка або самазанятай асобы, а таксама да заснавання пэўнага прадпрыемства (культурнага, сацыяльнага або камерцыйнага характару). Гэта паняцце заснавана на шырокім вызначэнні прадпрымальніцтва, якое грунтуецца на стварэнні культурнай, сацыяльнай або эканамічнай каштоўнасці. Яно ахоплівае розныя віды прадпрымальніцтва, уключаючы сацыяльнае, "зялёнае" прадпрымальніцтва, а таксама прадпрымальніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій.Такое вызначэнне з'яўляецца нейтральным у адносінах да сферы дзейнасці: любы чалавек можа выйсці з ідэяй і магчымасцямі генерацыі каштоўнасці для іншых у любой сферы дзейнасці. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя дапамагае чалавеку ў штодзённым жыцці і дома, і ў грамадстве, разумець сутнасць сваёй працы і не ўпускаць магчымасці, якія прадставіліся, і з'яўляецца падмуркам для авалодання больш канкрэтнымі навыкамі і ведамі, якія патрэбныя тым, хто займаецца сацыяльнай або камерцыйнай дзейнасцю.
Прапануем азнаёміцца з апісаннем прадпрымальніцкай кампетэнцыі з Рамкі ключавых кампетэнцый беларускага вучня.
Прадпрымальніцкая кампетэнцыя
здольнасць дзейнічаць у адпаведнасці з магчымасцямі і ідэямі з мэтай ператварэння іх у каштоўнасці, якая заснавана на творчасці, праяўленні ініцыятывы і настойлівасці, здольнасці супрацоўнічаць з мэтай работы над праектамі, якія маюць культурную, сацыяльную або фінансавую каштоўнасць.
Базавыя веды, навыкі і стаўленне, якія маюць дачыненне да кампетэнцыі
Веды
- веды пра эканоміку, фінансы і сацыяльна-эканамічныя магчымасці, а таксама праблемы, якія могуць з’яўляцца ў працаўніка, арганізацыі ці грамадства;
- веды пра падыходы да планавання і кіравання праектамі, якім неабходны разнастайныя рэсурсы;
- веды аб нормах і этычных праблемах, звязаных з бізнэсам;
- разуменне, як прадпрымальнікі могуць стварыць пазітыўныя змены, напрыклад, з дапамогай справядлівага гандлю або сацыяльнага прадпрымальніцтва.
Навыкі
- планаваць і арганізоўваць вырашэнне пастаўленай праблемы, дэлегаванне задач іншым;
- ацэньваць і вызначаць свае моцныя і слабыя бакі, а таксама ацэньваць рызыкі і прымаць іх, калі яны апраўданыя;
- аналізаваць і прымаць рашэнні, ператвараць ідэі ў дзеянні;
- эфектыўна камунікаваць, весці перамовы, спраўляцца з сумневамі, неадназначнымі сітуацыямі і рызыкамі.
- у выпадку патрэбы заснаваць уласнае бізнэс-прадпрыемства і кіраваць ім.
Каштоўнасці/стаўленне
- пачуццё ініцыятывы, адданасці справе ў доўгатэрміновай перспектыве, смеласці і настойлівасці ў дасягненні мэт;
- жаданне матываваць іншых і паважаць іх ідэі, суперажываць і клапаціцца пра іншых людзей;
- пачуццё адказнасці за ўласны поспех на рынку працы;
- клопат пра навакольнае асяроддзе, этычную адказнасць на працягу ўсяго працэсу прадпрымальніцкай дзейнасці.
Структура прадпрымальніцкай кампетэнцыі (сферы кампетэнцыі):
"Ідэі і магчымасці", "Рэсурсы" і "Змены ў дзеянні" — гэта тры сферы канцэптуальнай мадэлі, вызначаныя з мэтай падкрэсліць кампетэнцыю прадпрымальнасці як здольнасць увасабляць ідэі і магчымасці ў дзеянні шляхам мабілізацыі рэсурсаў. Кожная сфера уключае пяць кампанентаў.
Прагрэс у навучанні прадпрымальніцтву складаецца з двух аспектаў:
- Развіццё ўсё большай незалежнасці і адказнасці ў рэалізацыі ідэй і магчымасцей для стварэння каштоўнасці;
- Развіццё здольнасці ствараць каштоўнасць ад простых і прадказальных кантэкстаў да складаных, зменлівых асяроддзяў.
Прапануем паслядоўна і паэтапна падымаючыся па ступенях адукацыі, паглядзець на прадпрымальніцкія веды, навыкі і каштоўнаснае стаўленне навучэнцаў як на вынікі выпускніка пачатковай, базавай, сярэдняй школы.
Табліца з апісаннем прадпрымальніцкіх ведаў, навыкаў і каштоўнасцей навучэнцаў па ступенях адукацыі тут: https://drive.google.com/file/d/1JeiyLXJlnMn-ukmNHlNV8fT9mlpspMBs/view?usp=sharing
Запрашаем да абмеркавання.