Тамара Мацкевіч
01.09.2024
У першы дзень навучальнага года маю традыцыю знайсці і напісаць нешта аптымістычнае. Даецца ўсё цяжэй. Хай бы толькі мне - халера тое бяры, але ж, здаецца, гэта тэндэнцыя.
Але я некалі выкладала фізіку, то ведаю, што кожны мінус прыцягвае да сябе плюс. Ці, як кажуць, у кія два канцы. Таму паспрабую па парадку.
1) Настаўнікі-маўчуны - гэта не шэрая маса.
Добрых настаўнікаў у школах становіцца меней і меней. Гэта сумны факт. Адмоўная селекцыя ідзе не толькі з-за нізкага заробку і прыгоннага права на любога, хто падпісаў кантракт. Настаўнікі пагаджаюцца на ўмовы працы, якія становяцца амаль невыноснымі, з розных прычынаў. Не ўсе гэтыя прычыны агучваюць нават самі педагогі. Прынята называць страх, канфармізм або энтузіязм нязломных прафесіяналаў. Але амаль ніхто не кажа, што ёсць такая рэч, як грамадзянская пазіцыя. Усё астатняе не трывала б так доўга. Настаўнікі моўчкі прымаюць новыя ўмовы і ідуць у класы, каб нашыя дзеці не выраслі невукамі. Каб краіна не страціла будучыню, якая не за гарамі. Як сказала адна выкладчыца (цяпер былая): "У беларусов молчание не означает знак согласия". Адукацыю рухаюць энтузіясты, але трымаецца яна на тых маўчунах з грамадзянскай пазіцыяй. А іх не так і мала.
2) Настаўнік ведае сабе кошт.
Колькі б ні гаварылі пра тое, што трэба падняць сацыяльны статус настаўніка, яго не падымеш лозунгамі, грознымі прамовамі і воплескамі на нарадах. Але і з дапамогай пагрозаў і лозунгаў не апусціш. Сёння разумны настаўнік глядзіць крыху звысака навокал і ўсміхаецца. Маўляў, ну што? І колькі яшчэ чакаць, каб уголас сказалі, ратуйце, без вас, настаўнікі, ніяк? Настаўніка не заменіць штучны інтэлект. Непатрэбнымі ўжо становяцца карэктаркі, падмятальшчыцы і нават перакладчыкі і праграмісты, які пішуць код, але не настаўнікі і выхавацелі. Пакуль гэта адчуваюць толькі бацькі, і то не ўсе. Дакладна ведаюць тыя беларусы, якія вымушана з'ехалі з дзецьмі за мяжу. Там пра крызіс адукацыі гавораць вельмі гучна на ўсіх узроўнях, шукаюць выйсце. А ў нас пакуль паціху расце прэстыж прафесіі - адукацыя і добры настаўнік будуць патрэбныя заўсёды, каб іх мець, трэба ці мяняць сістэму, ці збіраць вялікія грошы. І не важна, дзе ты жывеш. Крызіс адукацыі - глабальны.
3) Працуй, нябожа, то і Бог паможа.
Большасць нашых настаўнікаў ратуецца працай. Працуюць так, каб не хапала часу і сілаў на невясёлыя думкі і сумныя навіны. Настаўніку няма на каго спадзявацца, як на сябе. Таму ўсё карыснае, сучаснае і патрэбнае для адукацыі робіцца сваімі рукамі, настаўніцкай талакой, распаўсюджваецца таксама праз свае ж сайты, групы, каналы ў месенджарах.
Вось толькі за гэтае лета настаўнікі перачыталі амаль усе важныя дакументы, якія вызначаюць новыя патрабаванні рынкаў працы, паглядзелі, куды рухаецца адукацыя ў свеце, прымералі на сябе, прыдумалі і сталі абмяркоўваць, як нашай школе быць у сучасных трэндах, абмяняліся сваімі распрацоўкамі... Прыемна бачыць, што ніякія запалохванні, ніякія пасквілі, ніякія канспіралагічныя тэорыі не працуюць. Пакуль ёсць настаўнікі-маўчуны, настаўнікі-энтузіясты, пакуль ёсць настаўніцкая салідарнасць і ўзаемадапамога, беларуская школа трымаецца. А там пабачым.