Выкарыстанне метадалогіі вуснай гісторыі ў краязнаўчай працы ў школе

Падрыхтавала Н.Гардзіенка

У выглядзе асобнага кірунку гістарычнай навукі вусная гісторыя склалася напрыканцы 1960–1970-х гг. у Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэта быў своеасаблівы адказ на маштабныя змены, якія адбываліся ў той час у сацыяльнай структуры заходняга грамадства. Акадэмічная навука звярнула ўвагу на праблемы міграцыі, на спецыфічны досвед эмігрантаў, іх уплыў на мясцовае грамадства, на працэс ўзаемапранікнення культур, на сацыяльныя рухі (маладзёжныя, працоўныя і г. д.).
Вусная гісторыя дала даследчыкам магчымасць ўбачыць свет вачыма «маленькага чалавека», пачуць «голас большасці», чый погляд на мінулае мог значна адрознівацца ад погляду акадэмічнай гістарыяграфіі. (Напрыклад, удзельнікі гітлерюгенда ў даваеннай Нямеччыне). Акрамя таго, перад гісторыкамі паўсталі праблемы ўзаемадзеяння з масавай аўдыторыяй і гістарычнай памяццю грамадства. На Захадзе сталі ўзнікаць спецыяльныя структуры, якія займаліся назапашваннем вусных сведчанняў, з’явіліся архівы запісаў ўспамінаў (Нацыянальная калекцыя жыццёвых гісторый ў Вялікабрытаніі, аналагічныя структуры ў ЗША і іншых краінах).