Алена Радзевіч, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі
Існуе выслоўе: “Кожнае дзіця можа вучыцца” – але варта задаць пытанне: як яго вучыць? Як забяспечыць вучня неабходнымі ведамі, дадаць яму гнуткасці і асабістай цікаўнасці да вучобы? Якія адукацыйныя мадэлі і тэхналогіі дапамогуць разгарнуць новыя далягляды, развіць мысленне, сфармаваць навыкі вырашэння праблем? Як падрыхтаваць вучня да працы ў грамадстве, літаральна начыненым новымі тэхналогіямі?
Адказам на пастаўленыя пытанні можа быць выкарыстанне на ўроках і пазаўрочнай дзейнасці праектнага і даследчага падыходу ў навучанні, развіццё навыкаў дасдедчых паводзінаў вучняў. У педагогіцы і псіхалогіі “даследчымі паводзінамі” называюць падыход да навучання, які будуецца на аснове натуральнага імкнення дзіцяці да самастойнага вывучэння асяроддзя. Падрыхтоўка вучня да даследчай дзейнасці, навучанне яго ўменням і навыкам даследчага пошуку і даследчых паводзінаў з’яўляецца найважнейшай задачай адукацыі і сучаснага настаўніка.