Вельмі прыемна, што мая паездка на семінар па медыяадукацыі на Кіеўшчыну ў жніўні 2014 года скончылася прапановай перакласці на беларускую мову метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?”, аўтарам якога з’яўляецца вядомы медыятрэнер, член савета дырэктароў Украінскай асацыяцыі перыядычнай прэсы Сяргей Чарняўскі. Прыемна і карысна, паколькі ўжо некалькі год я з’яўляюся рэдактарам газеты Магілёўскай гарадской гімназіі №1 “Статус-КВО”, рэдакцыйная каманда якой стала пераможцам рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер-2013”.
Праца над перакладам і адптацыяй дапаможніка працягвалася прыкладна паўтара месяцы. Потым – вёрстка і вычытка. Адзначу, што асабіста мне як рэдактару газеты, як чалавеку, які мае і журналісцкую адукацыю, змест дапаможніка падаўся вельмі карысным як для настаўнікаў, так і для вучняў, якія хочуць паспрабаваць свае сілы ў выданні школьнай газеты.
Уласна дапаможнік складаецца ажно з 19 невялікіх раздзелаў, прысвечаных самым розным аспектам стварэння і выдання школьнай газеты. Вельмі карысным лічу тое, што ў кнізе паслядоўна разглядаецца ўвесь працэс стварэння школьнай газеты ад вызначэння мэтавай аўдыторыі і да вёрсткі і дызайна, а таксама распаўсюджвання і рэкламы газеты ў сацыяльных сетках.
Найбольш карысным у кнізе, на мой погляд, з’яўляецца тое, што яна з’яўляецца менавіта практычным дапаможнікам, паколькі напісана чалавекам, які ў свой час кіраваў часопісам “5 балаў”, прызнаным лепшым моладзевым часопісам Украіны.
Такім чынам, пасля кароткага экскурсу ў гісторыю газеты і азнаямлення з тэрміналагічным слоўнікам, аўтар скіроўвае ўвагу чытача на мэту стварэння школьнай газеты і мэтавую аўдыторыю выдадання, зазначаючы, што “аптымальнай з'яўляецца падача інфармацыі з розніцай ва ўзросце аўдыторыі ў 1 год, а дакладней, клас. Але калі гэта складана, то можна стварыць школьную газету для мэтавай аўдыторыі ў два класы”.
Пасля гэтага С. Чарняўскі разглядае сістэму выпуску школьнай газеты, параўноўваючы сістэмы выпуску для друкаванай і электроннай газет. Таксама важным з’яўляецца вызначэнне схемы рэдакцыі школьнай газеты, у склад якой павінны ўваходзіць як вучні, так і настаўнікі. Пры гэтым аўтар не прапаноўвае пэўны варыянт, а толькі ўказвае тыповыя схемы, каб чытач сам мог вызначыць аптымальны для яго варыянт рэдакцыі з указаннем пасад і колькасці вучняў, якія будуць занятыя ў выданні школьнай газеты.
Не менш карысным з’яўляецца і раздзел пра змест (кантэнт) школьнай газеты, у якім даволі падрабязна разглядаюцца як жанры і рубрыкі школьнай газеты, так і крыніцы навін для выдання. Вельмі добра, што аўтар прыводзіць канкрэтныя прыклады таго, як можна зрабіць цікавую навіну для школьнай газеты (напрыклад, хто жыве бліжэй за ўсіх, а хто – далей за ўсіх ад школы), указваючы крыніцы інфармацыі (апытанне) і інфармацыйную нагоду (1 верасня). Акрамя таго, С. Чарняўскі піша і пра тое, якім чынам можна прыцягнуць да ўдзелу ў стварэнні газеты настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.
Таксама ў дапаможніку аўтар закранае крыніцы фінанасавання школьнай газеты і рэгістрацыю сайта школьнай газеты.
Вельмі цікавай і карыснай з’яўляецца інфармацыя пра рэкламу газеты і яе прасоўванне ў сацыяльных сетках: укантакце, фэйсбук, аднакласнікі. Пры гэтым для кожнай са згаданых сацыяльных сетак аўтар прыводзіць пакрокавую інструкцыю па стварэнні суполкі (групы) для рэкламы і прасоўвання школьнай газеты ў сацыяльнай сетцы.
Напрыканцы аўтар дзеліцца парадамі па дызайне і вёрстцы школьнай газеты, а таксама разглядае тыповыя памылкі пры вёрстцы і падрыхтоўцы матэрыялаў для школьнай газеты.
Такім чынам, дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?” утрымлівае шматаспектны аналіз працэсу выдання школьнай газеты і цэлы шэраг парадаў, інструкцый і рэкамендацый па тым, як і навошта мы можам стварыць сапраўдны цікавае сучаснай моладзі школьнае выданне.
Зрэшты, на пытанне “Навошта?” адказ можна даць ужо зараз: каб маладое пакаленне ўмела не толькі арыентавацца ў інфармацыйных плынях, але і само магло ствараць якаснае інфармацыйнае асяродззе, якое будзе накіравана на выхаванне ўдумлівага і дапытлівага чытача, адданага ідэалам гуманізму і вернасці Радзіме.