Вялікі пост Віктара Пракапені – хто не ведае, гэта бізнэсовец ад IT – з загалоўкам “Как гуманитарию начать получать ИТ-шную зарплату?” і просьбай пашырыць з’явіўся на ягоным фэйсбуку. Кароткі змест: «маем 5 вакансій, няважна, якая ў вас адукацыя, важна, колькаі ў вас энергіі”. Ну і далей спіс патрабаванняў да кандыдатаў — звычайны набор soft skills: творчасць, уменне вучыцца, камунікацыйныя навыкі, эмпатыя, веданне ангельскай.
Маю ўвагу прыцягнула тое, што ў пасце ніводнага слова аб працы, якая прапаноўваецца. Што, які прадукт яны пакідаюць у Беларусі, каму і якая будзе карысць? Няўжо шаноўны бізнэсовец думае, што чалавек з апісанымі ім якасцямі, каштоўнасцямі, кругаглядам і жаданнем спасцігаць новае прадасца толькі за перспектыву добрага заробку праз 2 гады?
Я чамусьці ўпэўнена, што аўтсорсіць у ПВТ без карысці для сваёй краіны, сваёй супольнасці, без прызнання сваім грамадствам здольны толькі хапуга. Мае аднакурснікі-фізікі, разумныя і творчыя людзі, масава сыйшлі з прафесіі менавіта з-за каштоўнасцяў, а не заробку. Працаваць у інстытутах на карысць абаронкі суседняй дзяржавы-агрэсара мала каму хацелася. Сыходзілі ў нікуды, і ніхто не патануў. Чаму спадар Пракапеня лічыць, што сёння, у менш галодныя часы, лепшыя і таленавітыя будуць згодныя марнаваць жыццё на мабільныя аплікацыі для фітнэс-клубаў у Чыкага ці збор-апрацоўку бігдэйта для рэкламшчыкаў якога ўмоўнага гербалайфу?
Відаць, зусім кепскія справы ў ІТ-краіне з кадрамі. А чаму ж не?! Немагчыма доўга скупляць-перавабліваць-красці найлепшыя кадры ў грамадства. Такія мэнэджары разлічваюць на пакаленне без каштоўнасцяў і мэтаў: выкарыстоўваюць іх, пакуль тыя па 12-16 гадзін у суткі працуюць, а потым, калі тыя паразуменюць і сыходзяць, набіраюць новых. Грамадства спажывання - гэта для іх тое, што трэба.
Але для сапраўды адказнага бізнэсу настаў час інвеставаць у адукацыю. І калі будзе прыбытак – разумныя кваліфікаваныя творчыя выпускнікі, то адтуль кадры і чэрпаць.
Інвеставаць у адукацыю – гэта не значыць “адшпільваць смотрящим” з дзяржструктур. Падтрымліваць трэба тых, хто стварае сістэму для вырошчвання кадраў: укараняе методыкі, якія дазваляюць у школе масава развіваць тыя якасці, што апісаў у патрабаваннях да прэтэндэнтаў Пракапеня. Добра б было зрабіць сваю Курсэру і акадэмію Хана – для беларускіх вучняў і настаўнікаў. Каб дзеці маглі самастойна прайсці курс школьнай праграмы, калі з настаўнікам не пашанцавала. А настаўніку дапамагчы методыкамі, каб ён на ўроку змог арганізаваць узаеманавучанне, узаемаправерку, творчае выкарыстанне ведаў, каб вучні развівалі менавіта тыя якасці, якія патрэбныя ІТ-кадрам. Думаю, што ІТ-шнікі гэта разумеюць, але чамусьці нічога не робяць. Укладанняў тут патрабуецца няшмат – стварыць (напісаць праграмную абалонку) і падтрымліваць навучальную платформу. Гэта будзе каштаваць танней за заробак, што абяцаюць студэнтам. Змест забяспечаць самі настаўнікі, пакуль яшчэ яны засталіся ў школах. Толькі стварыць ім умовы.
Яшчэ добра было б настаўнікам мець сучасныя інтэрактыўныя сайты для ўзаеманавучання: МООС ці e-learning, а лепш і тое і другое. Шмат што ўжо маецца і працуе. Але калі б ІТ-бізнэс распрацаваў замову для настаўніка — так бы мовіць тэхнічнае заданне, якія якасці, веды, каштоўнасныя арыенціры павінны мець выпускнікі, то можна было зрабіць курс падвышэння кваліфікацыі: дапамагчы і навучыць іх, як гэта зрабіць. Настаўнікі вельмі любяць вучыцца і ўжываць свае веды ў класах – на дыстанцыйныя курсы ТБШ конкурс больш за 4 чалавекі на месца. Але такіх курсаў павінна быць шмат.
Яшчэ трэба інвеставаць у якасныя падручнікі. Хаця б па фізіцы-матэматыцы-гісторыі. Зразумела, міністэрства імя КПСС да стварэння падручніка не дапусціць, але ж можна рабіць паралельныя, сучасныя. Або проста дадаткі да тых, якія існуюць. З тлумачальнымі ролікамі і сучаснай метадычнай базай, планамі ўрокаў, раздаткавымі матэрыяламі, метадычнымі рэкамендацыямі для настаўнікаў. Гэта патрэбна для фармавання тых жа скразных кампетэнцый (soft skills), без якіх любыя веды губляюць сэнс.
Вядома, што нешта зрушылася. Летась Юры Мельнічак прафінансаваў першую неканферэнцыю EdCamp для беларускіх настаўнікаў, А-100 прывёз фінскіх экспертаў, якія сабралі поўную залу КЗ “Мінск”. Але час ідзе хутка, і з такімі тэмпамі мы губляем настаўнікаў, а разам з імі пакаленне за пакаленнем нашай моладзі.
Гэты свой допіс я адрасую не спадару Пракапеню. Бог ведае, што яму прыйшлося перажыць і якія ўмовы яму выставілі, калі выпускалі з турмы. Гэта апеляцыя да больш моцных і самастойных. Я працягваю верыць у розум беларускага бізнэсу, які імкнецца развівацца тут у Беларусі. Інвестуйце ў адукацыю — і будзе вам прыбытак!