Як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ

Пётра Садоўскі
08.03.2014

Распачынаем рубрыку артыкулам пра тое, як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ. Гэты выбар невыпадковы. Германія – краіна, якая здолела за адносна кароткі тэрмін прайсці шлях ад таталітарнай да сучаснай дэмакратычнай дзяржавы з моцнай эканомікай і сацыяльнай стабільнасцю. На якіх кнігах там вучацца дзеці, як працуюць настаўнікі – пытанне не пустое. І яшчэ адна акалічнасць. На поўначы Германіі ў Браўншвейгу (Ніжняя Саксонія) знаходзіцца ўнікальная даследчая ўстанова – Інстытут міжнароднага даследавання школьных падручнікаў імя Георга Экерта (ГЭІ), які спецыялізуецца на даследаванні школьных падручнікаў розных краінах па гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўству з адпаведным выхадам на тэксты навучальнага матэрыялу па літаратуры і мовах.

Асноўныя прынцыпы даследаванняў – мультыперспектыўнасць і ўхіленне канфліктаў праз пабудову зместу. Асноўная задача – праз аналіз пэўных гістарычных падзей з розных пунктаў погляду (супастаўляючы сучаснае і мінулае) і праз напісанне супольных падручнікаў паступова прыйсці да ўзаемаразумення, прывесці колішніх апанентаў і ворагаў да дыялогу. Асобны кірунак даследаванняў – адлюстраванне ў падручніках грамадазнаўства працэсаў трансфармацыі таталітарных грамадстваў у дэмакратычныя. Апошнім часам вялікая ўвага надаецца суіснаванню еўрапейскага хрысціянства з ісламскім светам. Існуюць праекты: Ізраіль – Германія, Ізраіль – арабскі свет, Японія – Кітай, Германія – Польшча, Францыя – Германія, Расія – Германія і г. д. У гэтых праектах, якія падтрымліваюцца ўрадам ФРГ, вучоныя з розных краін з удзелам супрацоўнікаў ГЭІ працуюць над сумеснымі спрэчнымі тэмамі. Інстытут мае гіганцкую бібліятэку (папяровую і электронную), падтрымлівае сталыя сувязі з камісіямі па школьных падручніках на ўсіх кантынентах. Запачаткаваныя ў

90-х гадах мінулага стагоддзя сувязі з беларускімі аўтарамі падручнікаў па гісторыі, на жаль, плённага развіцця не атрымалі.

Агулам працэс ідзе цяжка. Разыходжанні і стэрэатыпы пераадольваюцца не адразу. Працяглы нямецка-польскі дыялог сумесных працоўных груп Польшчы і Германіі, якія меркавалі напісаць супольны падручнік гісторыі для вучняў старэйшых класаў, не прывёў да станоўчага выніку. Больш-менш паспяховым можна назваць супрацоўніцтва Інстытута з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй. Найбольшы прагрэс – з’яўленне пад куратарствам Інстытута двухтамовага супольнага нямецка-французскага падручніка па гісторыі (ад Венскага кангрэса да 1945 г. і ад 1945 г. да нашага часу). Кнігі выйшлі ў 2006 г. ў нямецкім выдавецтве Klett у Лейпцыгу. Прэзентацыя адбывалася ў Берліне з удзелам французскіх аўтараў і выдаўцоў. Французскія і нямецкія тэксты супадаюць слова ў слова. А немцы ж былі з французамі заклятымі ворагамі падчас абедзвюх усясветных войнаў!

Пра такое нам толькі можна марыць. Уявіце сабе, што з’явіўся падручнік па гісторыі для расіян і беларусаў з абсалютна аднолькавым тэкстам, дзе ўрэгуляваныя ўсе спрэчныя пытанні. Або літоўска-беларускі ці польска-беларускі!..

Тэкст, які мы прапануем для азнаямлення нашым чытачам – скарочаны пераказ дакладу доктара Георга Штэбэра (Georg Stöber, кіраўнік аддзела «Школьны падручнік і канфлікт»), які ён зрабіў на 4-ым Швейцарскім сімпозіуме па навучальных сродках у студзені 2010 г. Поўная версія рэферату была надрукавана ў серыі Eckert.Beiträge 2010/3. Нямецкая назва: Georg Stöber. Schulbuchzulassung in Deutschland. Grundlagen, Verfahrensweisen und Diskusionen. У нашым перакладзе: «Допуск школьных падручнікаў да выдання ў Германіі. Асноўныя палажэнні, працэдура і дыскусіі»

УСТУПНАЯ ЗАЎВАГА 

Паводле заканадаўчага рэгулявання ФРГ, падручнікамі з’яўляюцца апублікаваныя навучальныя дапаможнікі, якія ўключаюць навучальны матэрыял для цэлага года або семестра (паўгадавы тэрмін). У большасці Фэдэральных земляў Германіі такія публікацыі падлягаюць пэўнай працэдуры допуску. Паколькі пытанні культуры, адукацыі з’яўляюцца выключнай кампетэнцыяй Федэральнай зямлі (Bundesland), то адпаведна маюць месца значныя разыходжанні ў самой працэдуры, крытэрыях і органах, якія кіруюць гэтым працэсам. Трэба мець на ўвазе, што адзінага погляду на гэтае пытанне ў Германіі не існуе. 

КАРОТКІ ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ 

Спробы кантраляваць школьныя падручнікі назіраліся ў Германіі ўжо з 16 стагоддзя. Напачатку гэта была царква, потым дзяржава пашырыла свае кампентэнцыі. Аднак мясцовыя ўлады ўвесь час імкнуліся захаваць свой уплыў. У эпоху феадальнага абсалютызму, які панаваў у Землях, у сферы публічнай адукацыі выключнае права і слова суверэна было вырашальным. Прыватныя навучальныя ўстановы кіраваліся сваімі правіламі карыстання падручнікамі. Абсалютнай цэнтралізацыі пытанне допуску школьных падручнікаў дасягнула пры гітлераўскім нацысцкім рэжыме і ў ГДР падчас дыктатуры Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі.

Пасля ўтварэння ФРГ, пачынаючы з 1949 г., пытанні стварэння школьных падручнікаў былі перададзены ў выключную кампетэнцыю Федэральных земляў.

Для змяншэння разыходжанняў у школьнай справе паміж тэрытарыяльнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ў 1951 г. была створана Пастаянная канферэнцыя міністраў культуры Федэральных земляў (Ständige Konferenz der Kultusminister, KMK) як інструмент інфармавання, абмеркавання і каардынацыі. У 1972 г. у змест працы камісіі былі ўнесены некаторыя змены для ўніфікацыі патрабаванняў пастановы «Кантроль і дазвол да друку школьных падручнікаў» у частцы адпаведнасці вучэбных планаў агульным патрабаванням заканадаўства і Канстытуцыі.

ПРАВАВЫЯ РАМКІ

Федэральныя землі Берлін, Гамбург, Заарланд і Шлезвіг-Гольштэйн ужо некалькі год не маюць ніякай строга рэгламентаванай працэдуры допуску. Астатнія Землі карыстаюцца даволі разнастайнымі, у большай ці меншай ступені строгімі, патрабаваннямі, якія ў адпаведных пастановах і распараджэннях міністэрстваў, кіруючых у станоў і зямельных школьных законаў апісваюцца юрыдычнай формулай з дапамогай выразаў: «падручнікі могуць выкарыстоўвацца ў школах, калі ...», «адказнае міністэрства можа забараніць выкарыстаннне падручніка, калі ...», «падручнікі дапускаюцца міністэрствам, калі ...», «дазвол на выкарыстанне можа быць забраны, калі ...».

Законы аб школе («Schulgesetze») усіх Федэральных земляў абавязкова ўказваюць на тое, што школьныя падручнікі не павінны ўваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй і астатнімі законамі, адпавядаць дыдактычным патрабаванням, навучальным планам і эканамічным разлікам. Апошнім часам у школьных законах некаторых земляў паглыблены раздзелы, дзе патрабуецца належная ўвага гендэрнаму фактару і тэкстуальным акцэнтам у апісаннях расава-рэлігійных адметнасцяў пэўных груп грамадзян.

Акрамя зямлі Райнланд-Пфальц у заканадаўчых актах усіх федэральных адміністрацый апісваецца, якім павінен быць падручнік:

- друкаваны, у цвёрдым пераплёце (як правіла), для кожнага вучня;
- з дызайнам, арыентаваным на спецыфіку прадмета;
- для аднаго прадмета або з міжпрадметным зместам;
- арыентаваны на навучальны план або стандарт;
- з пэўнымі мэтамі, кампетэнцыямі і зместам;
- разлічаны паводле матэрыялу на поўны навучальны год або семестр (паўгода);
- як галоўны навучальны сродак.

Як падручнікі (з усімі далейшымі патрабаваннямі) разглядаюцца таксама атласы і зборнікі тэкстаў. Электронныя навучальныя сродкі не кваліфікуюцца як падручнікі. Слоўнікі, граматыкі замежных моў і зборнікі формулаў могуць часткова кваліфікавацца як падручнікі і тады падлягаюць працэдуры допуску.

Без спецыяльнага допуску ў некаторых землях дазваляецца карыстанне кнігамі ў пачатковых класах, падручнікамі для прафесійнага навучання, у спецшколах з малой колькасцю навучэнцаў (з абмежаваннем паводле зроку, слыху і агульнага развіцця). У Саксоніі вызвалены ад працэдуры допуску падручнікі па сорбскай мове (так у немцаў называюць нацыянальную меншасць серба-лужычан).

Калі падручнікі і рабочыя сшыткі не падлягаюць працэдуры допуску, маецца на ўвазе, што ў іх не павінна быць значных адхіленняў ад агульнапрынятых патрабаванняў.

З улікам геаграфічнай спецыфікі рэгіёнаў і складу насельніцтва, змест падручнікаў па розных федэральных землях можа адрознівацца і канкрэтызавацца праз дадатковыя рэгіянальныя матэрыялы: адказнасць багатых краін перад бяднейшымі, профарыентацыя мясцовага насельніцтва, бізнэс і рэгіянальны крос-маркетынг, гендэрны фактар ў прыватным бізнесе і г. д.

За допуск школьных падручнікаў да друку і выкарыстанне ў навучальным працэсе ў розных землях адказваюць міністэрствы культуры або спецыяльныя педагагічныя даследчыя установы. У чатырох землях строга сфармуляваная працэдура допуску адсутнічае. Ніжэй падаецца карта, дзе пазначаны носьбіты кампетэнцыі допуску (цёмны круг – міністэрствы, ромбікі – даследчыя інстытуты, пусты круг – адсутнасць апісанай працэдуры, даданая зорачка – ідзе працэс удасканалення). Карта адпавядае стану на студзень 2010 г. 

Як бачна, кампетэнцыі размеркаваліся наступным чынам: міністэрствы кіруюць гэтым працэсам у Баварыі, Паўночным Рэйне-Вестфалія, у Гесэне і Цюрынгіі. У Бадэн-Вюртэмбергу – Зямельны інстытут школьнага развіцця, у Брэмене – Зямельны інстытут па школьных справах, у Ніжняй Саксоніі – Зямельны інстытут удасканалення і перападрыхтоўкі настаўнікаў і спецыялістаў па сродках навучання, у Саксоніі – Дзяржаўны інстытут адукацыі і школьніцтва (паводле гістарычнай традыцыі Саксонія, як і Баварыя, лічацца дэ-юрэ «дзяржавамі»). У Шлезвіг-Гольштэйне да 2008/2009 г. допуск адбываўся праз міністэрства пасля адпаведнага кантролю Зямельным інстытутам практыкі і тэорыі ўладкавання школьніцтва. Такім чынам, кантроль і допуск арганізацыйна раздзяляліся.

Змест падручнікаў і выкладанне рэлігіі як прадмета каардынуецца звычайна з адпаведнымі рэлігійнымі абшчынамі. Вучням, якія не хочуць вывучаць рэлігію, даюцца ўрокі этыкі.

У некаторых землях па асобных прадметах можа практыкавацца так званы спрошчаны допуск, калі прызнаецца дастатковым пісьмовае сведчанне выдавецтва, што падручнік адпавядае агульнапрынятым патрабаванням.

ПРАЦЭДУРА ДОПУСКУ ПРАЗ МІНІСТЭРСТВА

(на прыкладзе Баварыі)

Адказнае міністэрства – адукацыі. Баварская сістэма кантролю – бадай, самая аб’ёмная. Асноўныя палажэнні выкладзены ў Законе аб выхаванні і выкладанні школьных прадметаў, дзе выдзяляюцца сродкі выкладання і навучання, а таксама фармулююцца правілы допуску падручнікаў, рабочых сшыткаў і рабочых фармуляраў. Закон дазваляе міністэрству выдаваць дадатковыя пастановы для кантролю і допуску падручнікаў.

Калі якое-небудзь выдавецтва хоча выпусціць на кніжны рынак новы падручнік, яно падае пісьмовую заяву на допуск. У заяве называецца прадмет і ўзроставая група для адпаведнага тыпу школы. Да заявы прыкладаюцца два кантрольныя экземпляры падручніка. Калі падручнік можа выкарыстоўвацца ў розных тыпах школ, для кожнага тыпу прыкладаюцца па два экземпляры. У якасці кантрольных прымаюцца «надрукаваныя экземпляры навучальнага дапаможніка» або поўныя (з усімі дадаткамі) і збрашураваныя рукапісы з прадугледжанымі каляровымі ілюстрацыямі, калі дадзеные выданне не павінна быць выканана ў чорна-белым фармаце.

ЯК ПРАЦУЮЦЬ РЭЦЭНЗЕНТЫ?

Пасля прагляду ў міністэрстве дасланых папер на камплектнасць і першай ацэнкі знешняга выгляду кантрольных экземпляраў падручнікаў пачынаецца працэс экспертызы. З «пулу экспертаў», які міністэрства мае для кожнага прадмета, выбіраюцца два спецыялісты з выключна высокай падрыхтоўкай. Як правіла, выбіраюцца эксперты рознага ўзросту з розных частак Баварыі, якія, акрамя навуковай кваліфікацыі, маюць досвед практычнага выкладання. Экспертам прапаноўваецца змешчаны ў інтэрнэце (даступны для ўсіх зацікаўленых) на сайце міністэрства каталог з назвай «Крытэрыі для экспертнай ацэнкі навучальных сродкаў» (Kriterien zur Begutachtung von Lernmittel) памерам на 13 старонак. Яшчэ на гэтым жа сайце побач ёсць дадатковыя тлумачэнні і патрабаванні для асобных прадметаў і пэўных тыпаў школ (27 – 28 старонак). Актуальная версія патрабаванняў адпавядае ранейшай, можа быць толькі трохі дапрацаванай. Апошнім часам з’явілася патрабаванне, каб рэцэнзенты не давалі занадта навуковых заўваг на адрас выдавецтва і аўтараў, а строга прытрымліваліся рэкамендацый каталога.

У каталозе фармулююцца асноўныя прынцыпы, фармальныя патрабаванні для афармлення, аспекты, звязаныя з аб’ёмамі і зместам навучальных планаў, а таксама звяртаецца ўвага на тое, каб у падручніку не было элементаў рэкламы. Па асобных пунктах каталог утрымлівае патрабаванні, сфармуляваныя ў форме «падручнік павінен ...», аднак у ім звяртаецца ўвага на тое, што рэцэнзент мусіць кіравацца «здаровым сэнсам» і катэгорыямі «прыдатнасць», «адпведнасць» і г. д. Тут рэцэнзент шмат што вырашае сам. Патрабаванні каталога больш скіраваныя на спецыфіку прадмета, аднак яны не ціснуць на агульны падыход эксперта, каб атрымаць «інтэрсуб’ектыўныя параўнальныя ацэнкі». І гэта якраз можа стаць крыніцай разыходжанняў паміж рэцэнзентамі і паміж выдавецтвам і аўтарам, якія ўжо ў сваіх папярэдніх кантактах прыйшлі да пэўнага разумення асобных праблемаў. Усе недахопы з пункту гледжання розных бакоў павінны быць запратакаляваны і абгрунтаваны, каб потым быць узгодненымі і папраўленымі.


Табліца «Працэдура допуску падручнікаў да друку ў Баварыі»

Рэцэнзентам даецца шэсць тыдняў, каб падрыхтаваць заключэнне аб’ёмам 10–20 старонак. У канцы рэцэнзіі павінна быць змешчана заключэнне пра допуск. Калі заключэнне станоўчае, эксперт можа адзначыць, што публікацыя магчымая ў пэўныя тэрміны пры ўмове выпраўлення неістотных недахопаў. Як неістотныя называюцца такія, напрыклад, як: выкрэсліванне без замены пэўных сказаў, скарачэнне без замены пэўных ілюстрацый, выкіданне пэўных абзацаў, замена некаторых тэкставых пасажаў на ўжо раней вядомыя і г. д.
Ганарары рэцэнзентам аплочваюцца за кошт выдавецтваў.

На аснове заключэння экспертаў міністэрства прымае рашэнне. Крытычныя заўвагі экспертаў аналізуюцца. Пры разыходжанні ацэнак міністэрства прымае сваё рашэнне. На адрас выдавецтва можа быць складзены спіс заўваг рэцэнзентаў (ананімна) і дадатковых заўваг міністэрства для правак перад друкам.

Калі ўсе неабходныя змены зроблены і ўсе сумненні зняты, падручнік дапускаецца да друку. Пры гэтым на сайце Міністэрства адукацыі і культуры сярод іншых наяўных змяшчаецца інфармацыя пра новы дапушчаны падручнік. Калі па нейкіх прычынах падручнік знікае пазней са спісу сайта, дазвол лічыцца скасаваным. Пакуль назва пэўнага падручніка застаецца на сайце, ён можа выкарыстоўвацца, пакуль не «зносіцца». Магчымыя далейшыя перавыданні падручніка. Звычайна гэта адбываецца праз 5 гадоў. Пры перавыданнях абавязкова ўлічваюцца магчымыя змены, звязаныя з заўвагамі педагогаў-практыкаў ці іншымі фактарамі. Натуральна, змены ўносяцца, калі мяняюцца праграмы. Змены зместу даводзяцца да выдавецтва за 6 месяцаў.

Працэдура допуску падручнікаў, якой кіруюць даследчыя педагагічныя цэнтры ці інстытуты, мала чым адрозніваецца ад вышэй апісанай баварскай. што курыруецца міністэрствам. У Паўночным Рэйне-Вестфаліі быў адзінкавы выпадак, калі допускам займалася спецыяльная камісія, утвораная ў 1972 г. пад кіраўніцтвам Георга Экерта. У камісію ўваходзілі 20 экспертаў (вучоныя і настаўнікі-практыкі). Яны займаліся выключна аналізам зместу падручнікаў па гісторыі. Пазней камісія перадала свае кампетэнцыі педагагічнаму даследчаму цэнтру.

У другой частцы публікацыі пра «нараджэнне» школьных падручнікаў у Германіі вядзецца пра досвед Федэральнай зямлі Берлін, дзе гарадскі сенат цалкам перадаў кампетэнцыю экспертызы і выбару падручнікаў прадметным метадычным аб’яднанням і нарадам кіраўнікоў школ, якія ўлічваюць меркаванні настаўнікаў-практыкаў і бацькоўскіх камітэтаў.

На заключэнне ідзе кароткі агляд дыскусійных пытанняў у асяродку нямецкіх настаўнікаў па закранутай тэме і дадзены спіс перыядычных выданняў ФРГ, дзе абмяркоўваюцца праблемы падручнікаў. Большасць дыскутантаў схіляецца да думкі. што залішняя цэнтралізацыя становіцца тормазам для развіцця інавацый і эўрыстычнага мыслення навучэнцаў.

***

Увогуле, цікаўным раім смялей уключацца ў інтэрнэт-пошук, набіраючы ключавыя словы на вядомых вам мовах па тэме «Допуск падручнікаў». Па-нямецку гэтае слова – Schulbuchzulassung. Па-англійску – Schoolbook Authorization ці Textbook Authorization. Пры першай спробе англійскага пошуку вы адразу выйдзеце, напрыклад, на назву «Textbook Authorization System in the Republic of Korea». Паўднёвая Карэя, ці проста Карэя, – на сённяшні дзень адна з самых перадавых краін свету паводле школьнай ды універсітэцкай адукацыі. Неўзабаве яна, пэўна, перагоніць найлепшыя ўніверсітэты Брытаніі. Па-французску можна набраць ключавыя словы «Autorisation de livres de classe dans + назва краіны па-французску» і атрымаць цікавую інфармацыю. Французы кажуць: «Падручнікі гісторыі ствараюць народ». У французаў добрыя школьныя падручнікі.