Пошук эфектыўных шляхоў навучання медыяграматнасці ў школе

Тамара Мацкевіч

Медыяграматнасць стала выклікам не толькі для беларускай школы, але для ўсяго беларускага грамадства. І тут у нас няма часу на разгойдванне. Таму за працу трэба брацца ўсёй грамадою, не чакаючы, калі зверху прыйдзе загад, ці калі «нізы» нарэшце зразумеюць, што пытанне стаіць пра жыццё і смерць, а не пра чарговую моду ў адукацыі. 

Патлумачу. Калі XX стагоддзе было стагоддзем бойкі за доступ да інфармацыі, за свабоду слова, то XXI стала стагоддзем злоўжывання інфармацыяй. Прычым тыя, хто раней забаранялі свабоду слова, хутка пераключыліся на маніпуляванне з дапамогай медыя: неабмежаваны распаўсюд дэзінфармацыі, прапаганды, выкарыстанне рэкламных паведамленняў, схаваных у псеўданавуковыя ці сацыяльныя тэмы… У XXI стагоддзі з дапамагай медыя рыхтуюцца рэвалюцыі і войны. Грамадствы цэлых краінаў знаходзяцца ў стане аб'екту інфармацыйных войнаў, што вядуць на іхнай медыяпрасторы дзяржавы, улада якіх не падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці. Беларусы таксама жывуць у стадыі інфармацыйнай вайны, і ёсць адзін спосаб, каб за ёй не пачалася вайна са зброяй і кроўю – гэта медыяадукацыя насельніцтва.

Такі самы выклік стаіць перад усёй Еўропай: чэхі хутка ствараюць праграму супрацьдзеяння расийскай прапагандзе ў СМІ, палякі з жахам чакаюць выхаду на экраны фільма «Валынь», мэта якога – распаліць нянавісць паміж палякамі і ўкраінцамі, а ўкраінцы хутка будуюць сваю медыйную прастору, каб аб’яднаць нацыю і спыніць вайну на ўсходзе.

Беларускія адукатары даўно ведаюць, якую важную ролю маюць медыя, і на практыцы адчулі іх уплыў на вучняў, бацькоў і на грамадскую думку агулам.

Нашы дзеці ў тэхнічным плане авалодалі доступам да ўсіх сховаў інтэрнэту, аднак хібы савецкай спадчыны нашай школы, слабы метадычны ўзровень адукацыі настаўнікаў не дазваляюць развіваць крытычнае мысленне навучэнцаў да такой ступені, каб дзеці маглі арыентавацца ў медыйным полі, вызначаць надзейнасць крыніц інфармацыі, умець адрозніваць праўду ад падману, выкрываць схаваныя мэты маніпуляцыйных паведамленняў. Нашы дзеці могуць стаць лёгкай здабычай і нават зброяй у руках тых, хто кіруе медыйнай прасторай.

У сітуацыі, калі дзяржава не ў стане справіцца з задачай медыяадукацыі самастойна і хутка, ёй на дапамогу прыходзіць усё грамадства: грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, валанцёры, журналісты. Такі спосаб арганізацыі грамадства называецца грамадзянскай супольнасцю і так пабудаваны дэмакратычны свет. Прыемна, што беларускае грамадства таксама мае дэмакратыю сярод традыцыйных каштоўнасцяў: талака – найлепшы прыклад і доказ нашай еўрапейскай цывілізацыйнай арыентацыі і дэмакратычнай самаарганізацыі. Вось зараз задачы медыяадукацыі вырашаюцца талакой – гэта значыць усімі намі.

Як ужо было зазначана вышэй, часу ў нас мала, таму трэба выбіраць найбольш эфектыўныя шляхі медыяадукацыі ў школе.

1) Адукацыя для медыяадукатараў. Першае, што мы можам зрабіць і робім – гэта пашыраем веды сярод тых, хто ўмее вучыць іншых: сярод настаўнікаў. Менавіта яны здольныя стварыць эфект снежнага кома – перадаць свае веды вучням, калегам, бацькам. Кожны настаўнік мае навучальныя стасункі з прыблізна 100 асобамі. Семінары для настаўнікаў робяцца і ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, магчымасцю шматлікіх грамадскіх арганізацый: Таварыства беларускай школы, Беларускай асацыяцыі журналістаў ды інш. З 2014 года працуе рэгулярны семінар на базе Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ. Медыяадукацыі быў прысвечаны адзін з летнікаў у знакамітай Альхоўцы, дзе штогод збіраецца педагагічная эліта для метадычнага навучання.

2) Адаптацыя міжнароднага досведу. Каб не вынаходзіць веласіпед, трэба ўважліва паглядзець, што і як робяць іншыя. Пілотным праектам у беларускай медыяадукацыі стаў дыск, сумесна створаны беларускімі і чэшскімі педагогамі «Відэаматэрыялы з дапамогу настаўніку». Пасля серыі семінараў з удзелам чэшскіх педагогаў беларускія калегі наведалі чэшскія школы, прывезлі адтуль матэрыялы ды методыкі і зрабілі дапаможнік, куды ўвайшлі як медыйныя файлы для працы на ўроках і ў выхаванні, так і метадычныя рэкамендацыі да іх. Была створана і папяровая кніга-дапаможнік са сцэнарамі гатовых заняткаў. Пачынаючы з 2013 года, дзякуючы падтрымцы інстытута FOJO, які працуе пры шведскім універсітэце імя Карла Лінэя, беларускія настаўнікі мелі магчымасць паўдзельнічаць у дзвюх летніх міжнародных школах па медыяадукацыі ў г. Кальмары (Швецыя), наведаць навучальныя ўстановы. У Беларусь з трэнінгамі прыязджалі ўкраінцы і армяне. Некаторыя метадычныя напрацоўкі беларусы пазычылі ў славакаў, аднак самай карыснай для разумення ролі і месца медыяадукацыі ў школе стала кніга-дапаможнік амерыканскіх педагогаў Сіндзі Шэйбэ і Фэйт Рогаў «Медыяграматнасць: крытычнае мысленне ў мультымедыйным свеце» [Scheibe, C., & Rogow, F. (2012). The teacher’s guide to media literacy: Critical thinking in a multimedia world. Thousand Oaks, CA: Sage/Corwin] , перакладзеная ўкраінскімі калегамі. Ідэі інтэграцыйнага падыходу да медыяадукацыі, прапанаваныя там, ляглі ў аснову беларускай мадэлі медыяграматнасці.

3) Падтрымка праз інтэрнэт: вучым таму, з дапамогай чаго вучым. Як жа вучыць медыяграматнасці, без выкарыстання сучасных медыйных магчымасцяў?! Вядома, што дыстанцыйнае навучанне і дыстанцыйную падтрымку тых, хто толькі пачынае рабіць першыя крокі ў навучанні медыяграматнасці, лепш за ўсё арганізаваць праз інтэрнэт. Тут настаўнікі, якія прайшлі навучанне і самі паспрабавалі нешта зрабіць на практыцы, самаарганізаваліся вакол сайта nastaunik.eu і стварылі свой уласны курс дыстанцыйнага навучання для калег-навічкоў «Медыяадукацыя ў школе». Курс арганізаваны на бясплатнай платформе moodle і дазваляе адначасова працаваць з вялікай колькасцю школ. Курс мае 5 модуляў і доўжыцца 4 месяцы. Ён арганізаваны так, каб кожны настаўнік раз на 2–3 тыдні атрымліваў невялікі тэарэтычны матэрыял і заданне, якое ён павінен выканаць у класе з вучнямі, ці правесці трэнінг для калег, бацькоў. Пры гэтым кожны «студэнт» курса мае свайго ментара – калегу з большым досведам працы, які кансультуе, дапамагае парадамі. Такім чынам, за 4 месяцы кожны студэнт курса не толькі знаёміцца з тэарэтычнымі асновамі медыяграматнасці, але і пачынае адчуваць «смак» практычнага выкарыстання медыя ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе. Даволі працяглы тэрмін курса дазваляе ўбачыць і ацаніць змены, якія адбываюцца ў свядомасці вучняў, прасачыць працэс развіцця навыкаў аналізу інфармацыі, крытычнага стаўлення да паведамленняў СМІ, спробаў самастойнага і адказнага выкарыстання медыйнай прасторы.

4) Сучасныя метадычныя дапаможнікі: пішам самі. Праблема добрых падручнікаў і дапаможнікаў заўсёды выклікае шмат эмоцый і меркаванняў. Аднак, медыяадукацыя і ўзнікла таму, што падручнік не можа быць адзінай крыніцай інфармацыі. Розныя медыя паступова пераймаюць на сябе функцыю навучальных дапаможнікаў як у фармальнай, так і ў нефармальнай адукацыі. Якім жа якасцям павінен адпавядаць сучасны падручнік? Па-першае, сучасны падручнік – гэта навігатар, г.зн. яго форма прадугледжвае дадатковыя гіперспасылкі на інтэрнэт-рэсурсы. Менавіта такі дапаможнік для настаўнікаў па медыяадукацыі ўжо напісаны і хутка пабачыць свет. Кожны настаўнік зможа стаць яго аўтарам нават пасля выхаду дапаможніка. Прыкладам, старонка «медыяадукацыя на ўроках фізікі» будзе пастаянна папаўняцца новымі ідэямі і матэрыяламі, якія кожны можа даслаць на адмысловую інтэрнэт-старонку. Такім чынам, змест дапаможніка будзе змяняцца, папаўняцца і ўдасканальвацца. Па-другое, падручнік павінен быць напісаны практыкамі, каб быць зразумелым і актуальным для калег. Па-трэцяе, мова дапаможніка павінна быць простай і не павінна нагадваць навуковы трактат. Усе тыпалогіі, класіфікацыі, як паказвае практыка, толькі засмечваюць прастору і адцягваюць увагу ад сутнасці. Напісанне падручніка па медыяадукацыі – гэта таксама справа грамадства. Бо дзяржава з яе бюракратычным апаратам і маруднасцю прыняцця рашэнняў пакуль не ў стане зрабіць якасна такую працу.

5) Канцэпцыі ствараем па ходу… Медыяадукацыя – параўнальна новы кірунак у адукацыі, які стаў адказам на выклікі бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій. Таму не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце няма непарушных канцэпцый развіцця медаяадукацыі, канчатковага спісу медыя-інфармацыйных кампетэнцый, якія патрэбна мець чалавеку, каб лічыць сябе медыяграматным. Інфармацыйныя тэхналогіі развіваюцца хутка і медыярынак падкідвае адукатарам новыя і новыя небяспекі і магчымасці. Таму ўсе канцэпцыі, методыкі і прыёмы вымушаны мяняцца, каб адпавядаць зменам у галіне тэлекамунікацый. Пад эгідай ЮНЕСКА былі зроблены спробы абагульніць розныя падыходы да медыяадукацыі і выпрацаваць агульную праграму [Медыйная і інфармацыйная пісьменнасць: праграма навучання педагогаў]. Аднак, як і ўсе міжнародныя дакументы, яна патрабуе дэталізацыі ў адпаведнасці са спецыфікай кожнай краіны. Так у Беларусі быў праведзены шэраг круглых сталоў па праблемах медыяадукацыі, у выніку якіх паўстала аналітычная запіска «Медыяадукацыя. Еўрапейскія практыкі і беларуская рэчаіснасць». У прыватнасці ў ёй указваецца, што пры адноснай свабодзе інтэрнэту ў Беларусі абмежаваныя моўныя кампетэнцыі большасці беларусаў не дазваляюць ім атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю з аўтарытэтных міжнародных крыніц, таму моўная кампетэнцыя (валоданне замежнымі мовамі) павінна быць уключана з спіс медыяінфармацыйных кампетэнцый. Гэтаксама ў нашых умовах трэба зважаць, што штучна запаволены працэс фармавання беларускай нацыі пазбаўляе многіх беларусаў імунітэту супраць палітычнай прапаганды і маніпулявання масавай свядомасцю.

6) Самаадукацыя і ініцыятывы знізу. У канцэпцыі адукацыі цягам усяго жыцця прадугледжваецца, што сучаснаму чалавеку прыйдзецца вучыцца ўвесь час, таму праграмам нефармальнай і інфармальнай адукацыі ў Еўропе надаецца вялікая ўвага. Кожны настаўнік можа пачаць з сябе: прачытаць матэрыялы раздзела «Медыякомпас» сайта nastaunik.eu, далучыцца да групы «Медыяадукатар» у сацыяльных сетках на фэйсбуку ці Google+, запісацца на дыстанцыйны курс навучання «Медыяадукацыя ў школе», ці самастойна зрабіць падборку матэрыялаў для самаадукацыі, каб навучыцца распазнаваць фэйкі, дэкадаваць медыятэксты, вызначаць і заўважаць маркеры прапаганды і маніпуляцый СМІ. Гэта не толькі карысна, але і цікава. Амерыканскія педагогі разглядаюць адукацыю як працэс для задавальнення, а не як цяжкую працу. Яны даюць дзецям устаноўку, што вучыцца трэба, каб атрымліваць асалоду ад інфармаванасці, быць упэўненым, што цябе не падманваюць. Таму там дзеці любяць хадзіць у школу. Калі такі падыход пераняць беларусам, стаўленне да школы і да працы настаўніка можа змяніцца ў лепшы бок. Прынамсі, ёсць шмат прыкладаў беларускіх педагогаў, якія інавацыйную дзейнасць разглядаюць не як прымус, а як шлях да самаразвіцця і самапавагі. Менавіта таму як ініцыятывы «знізу» узніклі і працуюць 27 інавацыйных пляцовак па медыяадукацыйнай тэматыцы ў розных школах. Заўсёды можна да іх далучыцца або самастойна выкарыстоўваць інструменты медыяадукацыі на ўроку і па-за ім: уводзіць у выкладанне прадмета актуальныя навіны і на гэтым матэрыяле фармаваць крытычнае мысленне, вучыць арыентавацца ў плыні інфармацыі.

Такім чынам, сістэматычнае і паслядоўнае ўключэнне медыяадукацыі ва ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі – гэта патрабаванне часу. Менавіта грамадскія арганізацыі, журналісты і педагогі як асобы ў бліжэйшы час будуць адыгрываць асноўную ролю ў фармаванні і падтрымцы медыйнай ды інфармацыйнай граматнасці новага пакалення беларусаў.

Існуюць эфектыўныя шляхі і механізмы ўкаранення прынцыпаў медыяадукацыі ў навучальны працэс, якія патрабуюць ініцыятывы і самаарганізацыі ўсіх суб’ектаў грамадзянскай супольнасці.