Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
02.02.2012

Марыя Эйсмант, Народная воля

Год таму, 27 студзеня, настаўніцу гісторыі з Талькі Пухавіцкага раёна Наталлю Ільініч звольнілі са школы. Сёння яна расказвае аб тым, як жывецца дысідэнтам у Беларусі і што прыемнае можна знайсці ў такім становішчы.
- Cамае галоўнае, што мне дапамагло, – гэта людская салідарнасць, падтрымка і маральная, і матэрыяльная. Я прывыкла, што беларусы жывуць кожны сам па сабе. А тут такая згуртаванасць! Я падлічыла, што толькі грашовых пераводаў атрымала 169!
Для мяне вельмі важна, што грамадская арганізацыя «Таварыства беларускай школы» дапамагае мне не губляцца прафесійна. Запрасілі рэдагаваць настаўніцкі метадычны сайт «Актыўная ацэнка». Гэта такая інавацыйная, папулярная ў свеце навучальная методыка, якая толькі да нас прыйшла...

02.02.2012

Апошні тэрмін падачы заявак – 18 лютага

Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» (Мінск, Беларусь) арганізуе паездку ў Брусель (Бельгія) для беларускіх спецыялістаў у галіне вышэйшай адукацыі па праграме: «Еўрасаюз і Беларусь: дзелімся досведам».
Падчас візіту беларускія спецыялісты атрымаюць магчымасць наладзіць кантакты з калегамі з вядучых ВНУ Бельгіі, сустрэцца са спецыялістамі, якія займаюцца пытаннямі супрацоўніцтва з Беларуссю ў Еўрапейскай камісіі, Знешнепалітычнай дыпламатычнай службе ЕС ды інш., а таксама ўзяць удзел у круглым стале, прысвечаным Балонскаму працэсу.
Запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, навукоўцаў і даследчыкаў, выкладчыкаў ВНУ і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія займаюцца пытаннямі вышэйшай адукацыі.

01.02.2012

Сайт Мінстэрства адукацыі рэкамендуе цікавыя і карысныя матэрыялы для настаўнікаў. Вось цытата з артыкула, спасылка на які знаходзіцца на галоўнай старонцы сайта Міністэрства адукацыі РБ : «власть активно пытается использовать образовательные учреждения в политических целях, грубо вмешиваясь в учебный процесс. Между тем задача школы — учить и воспитывать самостоятельных граждан, а не быть поставщиком массовки, используемой для поддержки любого действующего режима".
Назва артыкула, які рэкамендуецца пачытаць «Школа беспартийности. Школы и вузы нуждаются в немедленной, безоговорочной и решительной деполитизации".



01.02.2012

Апошні тэрмін падачы заявак – 20 лютага 

Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў сумесна з Радай Еўропы аб’яўляе набор слухачоў на 2012 г. для грамадзян Рэспублікі Беларусь узростам да 35 год. Заняткі будуць праводзіцца ў выглядзе трох альбо чатырох сесій, першую з якіх плануецца правесці ў канцы сакавіка 2012 г., а апошнюю – у кастрычніку 2012 г. у Страсбургу. Кожная сесія будзе доўжыцца тры – чатыры дні. Паміж сесіямі плануецца ўдзел слухачоў у даследчых праграмах і мерапрыемствах па распаўсюджванні атрыманых ведаў. Слухачы, якія паспяхова пройдуць курс навучання, атрымаюць дыплом Рады Еўропы.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўных выбарных і адміністрацыйных органаў, дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі недзяржаўнага сектара эканомікі, грамадскіх аб’яднанняў, дзеячы навукі і адукацыі, журналісты, палітыкі, палітолагі, эканамісты, юрысты.

01.02.2012

Прапануем настаўнікам і вучням новую магчымасць інтэрактыўнага знаёмства з нацыянальнай культурай – танцы пад гармонік і дуду. Полька, падэспань, лявоніха, ойра - арганізатары абяцаюць навучыць танцам нашых бабуляў усіх, хто прыйдзе. Танцавальная вечарына адбудзецца 1 лютага ў ДК МАЗ, пачатак у 19:00, кошт за ўваход 10 тыс.
Ладзіць вечарыну Зміцер Сідаровіч з сябрамі-музыкамі.

31.01.2012

Апошні тэрмін падачы заявак - 12 лютага
 
Адукацыйная праграма «Будзь на сувязі» запрашае да ўдзелу прадстаўнікоў моладзевых грамадскіх аб’яднанняў і маладых журналістаў.
«Будзь на сувязі» - доўгатэрміновая праграма падрыхтоўкі рэдактароў інтэрнэт-рэсурсаў моладзевых арганізацый. Праграма складаецца з тэарэтычнага курсу (6 трэнінгаў з найлепшымі беларускімі экспертамі) і практычнай часткі (распрацоўка інфармацыйна-рэкламных праектаў і іх рэалізацыя пад супервізіяй спецыялістаў).
Удзельнікамі могуць стаць актывісты і валанцёры моладзевых грамадкіх аб’яднанняў, маладыя журналісты. Не абавязкова быць сябрам грамадскай арганізацыі, але пажадана мець досвед грамадскай дзейнасці.

27.01.2012

«Беларусь не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі», — такі вердыкт вынесла працоўная група Балонскага працэсу. Паседжанне групы, якая прадстаўляе ўсе 47 краін-удзельніц Балонскага пагаднення, прайшло 18–19 студзеня ў Капенгагене. Паводле ацэнкі Працоўнай групы, якую цяпер узначальваюць Данія і Азербайджан, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

26.01.2012

Апошні тэрмін падачы тэкстаў – 1 мая

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае конкурс маладых пісьменнікаў «Экслібрыс».
Гэты год выдаўся багатым на юбілеі класікаў беларускай літаратуры: Паўлюка Багрыма, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Максіма Танка, Янкі Брыля, Міхася Стральцова... Славутым юбілярам і прысвячаюць арганізатары гэты конкурс.
Да ўдзелу прымаюцца празаічныя творы, паэзія, драматургія, літаратурная крытыка, пераклады мастацкіх тэкстаў на беларускую мову, пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову. Узяць удзел у конкурсе могуць пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і перакладчыкі, не старэйшыя за 35 гадоў.

26.01.2012

2 лютага

Запрашаем на прэзентацыю трох музычных дыскаў!
«З Новым годам!» – святочная складанка класічных і новых зімовых вершаў ды песень.
«Шыпшына» – 19 пранікнёных рамансаў на вершы класікаў беларускай літаратуры.
«Пасьпеўкі» – супольная праца Сержука Сокалава-Воюша і Тацяны Грыневіч-Матафонавай.
Імпрэза адбудзецца 2 лютага ў мінскім музеі Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4). Пачатак а 18 гадзіне.
У праграме - сустрэча з выканаўцамі, жывая музыка.
Уваход вольны.

25.01.2012

Звязда

Зараз у СШ №2 г. Ашмяны — чатыры першыя класы, і адзін з іх стаў у сёлетнім навучальным годзе беларускамоўным. Аднак ужо з наступнага года ва ўсіх першых класах пачнецца навучанне выключна «на мове». Такім чынам, установа стане цалкам беларускамоўнай, пакуль адзінай у горадзе.
— Чаму мы пайшлі на гэта? Таму што з’яўляемся рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па развіцці ў вучняў камунікатыўных навыкаў шляхам вывучэння мовы, азнаямлення з культурай і гісторыяй роднага краю, — расказвае дырэктар СШ №2 г. Ашмяны Наталля Галашэўская. — Пацвярджаць новы статус будзем у красавіку. А пакуль у межах праекта наладжваем стасункі з беларускамоўнымі школамі і гімназіямі ў розных абласцях.
Нядаўна наладзіліся стасункі з беларускамоўнай гімназіяй Вільнюса. Спачатку група нашых старшакласнікаў і настаўнікаў наведала літоўскіх сяброў, а ў мінулым месяцы, 23 снежня, яны прыязджалі да нас. Для дзяцей гэта было сапраўднае свята. Вільнюскія школьнікі расказалі пра сябе, праспявалі нам песні на літоўскай мове, а ў якасці сюрпрызу падрыхтавалі песню на беларускай мове «Тры чарапахі». Але ж аказалася, што і нашы дзеці ў падарунак падрыхтавалі менавіта гэтую песню!

Старонкі