Рэкамендацыі па кампетэнтнасным абнаўленні навучальных праграм

Мэта гэтых рэкамендацый – паказаць арыенціры для абнаўлення у рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу  нацыянальных школьных навучальных праграм. Рэкамендацыі распрацаваны па выніках аналізу міжнародных рамачных дакументаў АЭСР, ЮНЕСКА, ЕС, у якіх акрэсліваюцца глабальныя тэндэнцыі і стратэгіі развіцця школьнай адукацыі, і вывучэння досведу рэфармавання школы ў кампетэнтнасным ключы ў розных краінах свету і Беларусі.

Рамка ключавых кампетэнцый з’яўляецца асновай для абнаўлення навучальных праграм

Ключавыя кампетэнцыі – гэта дынамічная камбінацыя ведаў, навыкаў і каштоўнаснага стаўлення, неабходных асобе для самарэалізацыі, сацыяльнай інклюзіі,  грамадзянскай актыўнасці, паспяховага працаўладкавання  і бесперапыннага навучання ў сучасным глабалізаваным і зменлівым свеце.

Ключавыя кампетэнцыі ўсталёўваюць набор сістэмных характарыстык для праектавання адукацыйных стандартаў і навучальных праграм, падрыхтоўкі вучэбнай і метадычнай літаратуры, а таксама распрацоўкі адпаведных вымяральнікаў дасягненняў навучэнцаў. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі.

Асновай для абнаўлення нацыянальных навучальных праграм у кампетэнтнасным ключы з’яўляецца Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня (далей – Рамка КК). У рамцы КК, зыходзячы з ідэй беларускай нацыянальна-моўнай і еўраатлантычнай цывілізацыйнай ідэнтычнасці, вылучаецца восем ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі грамадзян.

Схема 1. Ключавыя кампетэнцыі беларускага вучня

Важна:

  1. Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці.
  2. Сістэмныя веды з’яўляюцца асновай, фундаментам кожнай кампетэнцыі. 
  3. Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, кантраляваць эмоцыі і праяўляць стрэсаўстойлівасць з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
  4. Развіццё каштоўнасцей – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што яны складаюць ядро ідэнтычнасці асобы і праяўляюцца ў яе выбары і дзеяннях.
  5. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, і асноўныя складнікі  адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.
  6. Адукацыйныя вынікі вызначаюцца як дасягненні ў развіцці кампетэнцый навучэнцаў.
  7. Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям’ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.

Структура і апісанне ключавых кампетэнцый

У рамцы КК утрымліваецца пералік і азначэнні ключавых кампетэнцый, прапануецца апісанне складнікаў (веды, навыкі, каштоўнасці/стаўленне)  па кожнай ключавой кампетэнцыі.

Табліца 1 дае агульнае ўяўленне пра структуру ключавых кампетэнцый беларускага вучня (веды, навыкі, каштоўнасці/стаўленні).

У кожнай ключавой кампетэнцыі, якая мае сваю спецыфіку,  вылучаюцца сферы кампетэнцыі (ад трох да пяці). Напрыклад, для разумення асаблівасцей ключавых кампетэнцый можна параўнаць сферы грамадзянскай, лічбавай і кампетэнцыі пісьменнасці.

Схема 3. Сферы кампетэнцый (грамадзянская, пісьменнасць, лічбавая)

У разгорнутых характарыстыках ключавых кампетэнцый знаходзяць адлюстраванне асноўныя ўзроставыя "прырашчэнні" кампетэнтнасці навучэнцаў (на момант завяршэння пэўнага ўзроставага этапу) згодна з ступенню адукацыі (пачатковая, базавая, сярэдняя). 

Табліцы з апісаннем планаваных вынікаў развіцця ключавых кампетэнцый навучэнцаў па ступенях адукацыі глядзіце  ў наступных дадатках:

Дадатак 1. Пісьменнасць

Дадатак 2. Міжмоўная кампетэнцыя

Дадатак 3. Лічбавая кампетэнцыя

Дадатак 4. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя

Дадатак 5. Культурная кампетэнцыя

Дадатак 6. Грамадзянская кампетэнцыя

Дадатак 7. Персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця кампетэнцыя

Дадатак 8. Прыродазнаўча-матэматычная, тэхніка-тэхналагічная і экалагічная кампетэнцыя

Рамка КК беларускага вучня дапаможа вырашыць наступныя задачы, актуальныя для  сістэмы школьнай адукацыі краіны

  • вырашыць задачу ацэнкі прагрэсу ў фармаванні ключавых кампетэнцый;
  • асэнсаваць вобласці змястоўнага абнаўлення навучальных праграм у кампетэнтнасным ключы;
  • зняць “прадметную раздробленасць” і перагружанасць навучальных праграм,  інтэгруючы сістэмнае фармаванне ключавых кампетэнцый;
  • задзейнічаць розныя дысцыпліны ў навучальных сітуацыях, што матывуе вучняў да засваення ўсёй адукацыйнай праграмы, а не толькі “патрэбных для экзаменаў” вучэбных прадметаў;
  • канструяваць навучальныя сітуацыі, у якіх актывізуюцца ўсе асноўныя кампаненты кампетэнцыі, неабходныя пры рашэнні задач у рэальным жыцці;
  • распрацоўваць заданні на ацэнку не толькі прадметных ведаў і разрозненых навыкаў, але на ацэнку комплексных здольнасцей дзейнічаць у пэўнай сітуацыі і рашаць пастаўленыя задачы.

Важна: Рамка ключавых кампетэнцый вымагае вызначэння вынікаў адукацыі не ў тэрмінах засвоенага вучэбнага матэрыялу, а ў тэрмінах здольнасці выпускнікоў пэўнай ступені адукацыі вырашаць рэальныя задачы.

Значныя пытанні для распрацоўкі навучальных праграм, арыентаваных на развіццё ключавых кампетэнцый

 

Абнаўленне існуючых і стварэнне новых навучальных праграм у кантэксце ключавых кампетэнцый  прадугледжвае: 

  • узмацненне фармавання асобасных каштоўнасцей, сацыяльных і эмацыянальных навыкаў, упэўненасці ў сваіх сілах і настойлівасці, устойлівасці і крэатыўнасці; 
  • акцэнт на выхаванні даверу і павагі да розных меркаванняў, нацыянальнай самасвядомасці, дэмакратычнай грамадзянскасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, культурнай разнастайнасці і ўстойлівага развіцця; 
  • стварэнне умоў для дасягнення кожным вучнем больш высокіх вынікаў шляхам забеспячэння якаснай зваротнай сувязі аб працэсе і выніках навучання; 
  • рэалізацыю міжпрадметнай інтэграцыі па вертыкалі і гарызанталі шляхам вылучэння міжпрадметных прыярытэтаў і тэм для сувязі паміж узроўнямі, адукацыйнымі галінамі і вучэбнымі прадметамі і  правядзення адпаведнай карэкціроўкі зместу навучальных праграм;
  • забеспячэнне гарманічнасці адукацыйных мэт, рэалізацыі зместу і ацэнкі дасягненняў.

Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца праз змест навучання

Змест навучальных праграм, арыентаваных на развіццё ключавых кампетэнцый,  мусіць быць актуальным і значным для вучняў, адкрытым для разнастайнасці іх патрэб і талентаў, цэласным, уцягваючым у вырашэнне рэальных праблем, заахвочваючым самастойнае навучанне і стварэнне ўласных ведаў.  

Пры падрыхтоўцы кампетэнтнасных навучальных праграм выкарыстоўваюцца наступныя крытэрыі якасці зместу адукацыі:

  • каштоўнасная арыентацыя – змест навучання спрыяе развіццю каштоўнасных установак і стаўлення, якія праяўляюцца ў выбары і дзейнасці навучэнцаў у значных кантэкстах;
  • кантэкстуальнасць – змест навучання звязаны з кантэкстамі, якія матывавалі б вучня на актыўны пазнавальны працэс і прымяненне вынікаў навучання, і міжпрадметнымі тэмамі, якія адпавядаюць задачам і спецыфіцы вучэбнага прадмета;
  • дынамічнасць – змест навучання раскрывае пастаяннае змяненне рэчаіснасці і вынікаў яе пазнання (канцэпцыі, тэорыі, ідэі), пашыраючы і паглыбляючы светапогляд і адкрываючы перспектыву будучыні;
  • паслядоўнасць – паслядоўнасць зместу навучання грунтуецца на вучэбных задачах з улікам асаблівасцей узроставых этапаў навучэнцаў, логіцы адпаведных навук, а таксама на ўжо дасягнутых вучнем выніках навучання;
  • цэласнасць – узмацняецца ўзаемасувязь паміж зместам розных вучэбных прадметаў з мэтай садзейнічання фармаванню ў вучня цэласнага светапогляду;
  • гарманічнасць – вучэбныя мэты, задачы, змест навучання, вучэбная дзейнасць і ацэнка вынікаў узгоднены паміж сабой. Забяспечваецца гармонія паміж зместам навучання розных адукацыйных абласцей і прадметаў (па гарызанталі) і паміж рознымі гадамі / ступенямі (вертыкаль).

Важна: Змест адукацыі павінен развіваць ключавыя кампетэнцыі, неабходныя для сучаснага жыцця; быць цікавым, актуальным, дастаткова шырокім і грунтоўным; ствараць выклікі, заахвочваць да дзеяння і вырашэння праблем.

Міжпрадметная інтэграцыя

Пры кампетэнтнаснай актуалізацыі навучальных праграм выдзяляюцца наступныя галіны адукацыі: маральная, лінгвістычная, матэматычная, прыродазнаўчая, сацыяльная, мастацкая, інфармацыйная, тэхналагічная, здароўе і фізічнае выхаванне. Для таго, каб развіваць кампетэнцыі, важна забяспечыць шматлікія сувязі паміж рознымі галінамі адукацыі, вучэбнымі прадметамі і рэальным светам у адукацыйным працэсе. Міжпрадметная інтэграцыя дапамагае вучню скласці цэласнае ўяўленне аб вывучаемых з'явах. Яна не можа замяніць вывучэнне асобных прадметаў, але раскрывае больш шырокі кантэкст прадмета, дапамагае навучэнцам разглядаць пытанні, якія часта выходзяць за межы аднаго прадмета. Навучальныя праграмы ствараюць перадумовы для ажыццяўлення міжпрадметнай інтэграцыі, але галоўнай умовай інтэграцыі з'яўляецца ўзаемадзеянне настаўнікаў.

Падыходы да рэалізацыі міжпрадметнай інтэграцыі:

  • Вялікія ідэі ў розных вучэбных прадметах. Ключавыя канцэпцыі або вялікія ідэі – міждысцыплінарныя канцэпцыі, якія выходзяць за рамкі канкрэтных прадметных галін і звяртаюцца да больш глыбокага разумення – існуюць у кожным прадмеце, але яны могуць быць распазнаны ў розных прадметах як “метаканцэпцыі”. 
  • Тэматычнае навучанне. Імкнучыся пазбегнуць перагружанасці навучальных праграм, некаторыя краіны даюць вучням магчымасць вывучэння пэўных тэм  для даследавання міждысцыплінарных пытанняў, з’яваў, тэм і ўбудоўваюць іх у існуючыя навучальныя праграмы замест стварэння новых прадметаў.
  • Спалучэнне звязаных вучэбных прадметаў ці стварэнне новых прадметаў. Перагрупоўка прадметаў – гэта адна са стратэгій, якія прымяняюцца для прызнання значнасці міждысцыплінарных ведаў пры вырашэнні праблем, звязаных з перагружанасцю навучальных праграм і канкуруючымі прадметамі. Адным з прыкладаў перагрупоўкі з’яўляецца рэарганізацыя пэўных прадметаў у ключавыя галіны навучання.
  • Праектнае навучанне. У аснове пректнага / праблемна-арыентаванага навучання ляжыць  рашэнне рэальнай праблемы з  добра сканструяваным адказам. Такое навучанне  спрыяе міждысцыплінарным даследаванням, бо вучням неабходна аб’ядноўваць веды з розных вучэбных праметаў для працы над праектам.  

Міжпрадметныя / міждысціплінарныя пытанні, тэмы, праекты:

асобасныя мэты  (ідэалы, пошук сэнсу жыцця, самавызначэнне); нацыянальная і культурная ідэнтычнасць і супольнасць (родная мова; этнічная культура, культурная разнастайнасць, гістарычная самасвядомасць; самавызначэнне нацыі, грамадзянская супольнасць); устойлівае развіццё (здаровы лад жыцця; гендэрная роўнасць, роўныя магчымасці; мірныя і інклюзіўныя супольнасці; устойлівыя гарады і паселішчы; цыркулярная эканоміка, працоўныя месцы з дабаўленай вартасцю; перадавыя тэхналогіі і інавацыі; штучны інтэлект; віртуальная рэальнасць; ахова навакольнага асяроддзя; адказнае спажыванне, захаванне прыродных рэсурсаў; прадухіленне змены клімату, устойлівая энергетыка, транспарт; ахова экасістэм, біяразнастайнасць; міжнароднае супрацоўніцтва; салідарнасць).

Пералічаныя тэмы выбраны з улікам актуальных для моладзі праблем: адносіны з самім сабой, пошук сэнсу жыцця, мінулае, сучаснасць і будучыня нацыі і дзяржавы, экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя выклікі глабальнага свету.

Чакайце працяг - шаблон кампетэнтнаснай навучальнай праграмы з каментарыямі.

Спампаваць рэкамендацыі можна тут: