Ключавыя кампетэнцыі ў навучальнай праграме вучэбнага прадмета? Так! Трымайце шаблон праграмы

Прапануем шаблон для абнаўлення у рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу  нацыянальных школьных навучальных праграм. Шаблон распрацаваны па выніках аналізу міжнародных рамачных дакументаў АЭСР, ЮНЕСКА, ЕС, у якіх акрэсліваюцца глабальныя тэндэнцыі і стратэгіі развіцця школьнай адукацыі, вывучэння досведу рэфармавання школы ў кампетэнтнасным ключы ў розных краінах свету і Беларусі.

Шаблон кампетэнтнаснай навучальнай праграмы (структура і кароткае апісанне):

Раздзелы

Характарыстыка

Каментарый

Уводзіны

Кароткае апісанне структуры навучальнай  праграмы пэўнага вучэбнага прадмета

Навучальную праграму (далей – Праграма) мэтазгодна пачаць з сказа-абяцання паслядоўна прадставіць  мэту пэўнага  вучэбнага прадмета, кампетэнцыі, якія развіваюцца, сферы дасягненняў і развіццё дасягненняў, змест навучання, ацэнку дасягненняў вучняў.

Месца і роля вучэбнага прадмета ў вучэбным плане

Апісваецца прыналежнасць вучэбнага прадмета да пэўнай адукацыйнай вобласці, паслядоўнасць і пераемнасць вывучэння вучэбнага прадмета ў навучальным плане (этап адукацыі, у якіх класах вывучаецца), колькасць гадзін на тыдзень, характар прадмета (абавязковы ці факультатыўны, прадмет па выбары).

Мэта вучэбнага прадмета

Апісанне мэты і спецыфікі вучэбнага прадмета ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу

Мэтай вучэбнага прадмета з’яўляецца стварэнне ўмоў для фармавання ў вучняў … (фокус на каштоўнасці і базавыя навыкі).

Развіццё ключавых кампетэнцый 

Пералік ключавых кампетэнцый (пачынаючы з  вышэйшай па інтэнсіўнасці фармавання) з іх кароткім апісаннем: сцісла разглядаецца, як змест навучання  развівае пэўныя кампетэнцыі праз рэалізацыю навучальнай праграмы.

Пры рэалізацыі навучальных праграм развіваюцца наступныя ключавыя кампетэнцыі: лічбавая; прадпрымальніцкая; грамадзянская; культурная; міжмоўная; персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здароўя; прыродазнаўчая, матэматычная, тэхнічная і экалагічная; пісьменнасці. 

Усе кампетэнцыі аднолькава важныя і развіваюцца праз выкананне ўсіх навучальных праграм, але інтэнсіўнасць развіцця кожнай кампетэнцыі залежыць ад канкрэтнай навучальнай  праграмы. 

У апісанні кампетэнцый у гэтым разделе Праграмы робіцца акцэнт на спецыфіцы вучэбнага прадмета, ад якой залежыць інтенсіўнасць фармавання кампетэнцый. 

Сферы дасягненняў і вынікі

У раздзеле апісваюцца  сферы дасягненняў навучэнцаў і іх напаўненне.

Кожная сфера дасягненняў пазначаецца літарамі – А, В, С… 

Спалучэнне літары і лічбы (А1, В2, С3) абазначае канкрэтнае дасягненне ў пэўнай сферы. 

Адукацыйныя вынікі, якіх неабходна дасягнуць па навучальнай праграме, вызначаюцца як дасягненні ў развіцці кампетэнцый навучэнцаў (сукупнасць ведаў, навыкаў і каштоўнасцей). Дасягненні звязаны з выбранымі кампетэнцыямі і іх апісаннем, фармулююцца з улікам ўзроставых асаблівасцей развіцця дзіцяці і набытага вопыту.

Для фармулявання і апісання адукацыйных вынікаў неабходна арыентавацца на апісанне развіцця кампетэнцый навучэнца па ступенях адукацыі (гл. Дадаткі ў Рэкамендацыях)

Увага: кампетэнтнасны падыход вымагае вызначэння вынікаў адукацыі не ў тэрмінах засвоенага вучэбнага матэрыялу, а ў тэрмінах здольнасці навучэнцаў  вырашаць пэўныя рэальныя задачы.

Змест навучання

Змест навучання звязаны з адпаведнымі кантэкстамі для развіцця кампетэнцый і апісваецца як дзейнасць, арганізаваная па пэўных абласцях і тэмах.

Тэматычны змест навучання мусіць быць прадстаўлены з улікам актуальнасці для школьнікаў, адпаведнасці акадэмічнай логіцы і метадалогіі адпаведнай навукі ці навук і асаблівасцей узроставых груп навучэнцаў.

Кантэксты: блізкі  – звыклае, штодзённае асяроддзе вучня (напрыклад, школа, дом); вузкі –  умовы і абставіны з'явы, працэсу ўжо разгледжаны; шырокі, новы,    незвычайны кантэкст –  умовы з'явы, працэсу, якія яшчэ не вывучаліся,  абставіны, якія патрабуюць новых рашэнняў.

Увага: адбор зместу адбываецца з улікам кампетэнтнасных прыярытэтаў  вучэбнага прадмета і актуальнасці міжпрадметных тэм. 

Ацэньванне вучэбных дасягненняў вучняў

Прадстаўлены важныя аспекты ацэнкі.

Дасягненні і прагрэс навучэнцаў ацэньваюцца праз фармавальную (фарміруючую) і выніковую ацэнку. Ацэньванне дасягненняў вучняў ажыццяўляецца з выкарыстаннем апісання дасягненняў па пэўных сферах (паводле ўзроўневай шкалы ацэнкі). 

З рэкамендацыямі па абнаўленні навучальных праграм у рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу можна азнаёміцца тут:

https://nastaunik.eu/sites/default/files/page/files/rekamendacyi_pa_kampetentnasnym_abnaulenni_pragram_.pdf