Як кампетэнцыі суадносяцца са зместам навучання ў новай навучальнай праграме "Асновы грамадзянскасці" для 9 класа

 

У працэсе падрыхтоўкі да сучаснага абнаўлення ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу  школьнай адукацыі неабходна не толькі вывучаць міжнародныя рамачныя дакументы АЭСР, ЮНЕСКА, ЕС, у якіх акрэсліваюцца глабальныя тэндэнцыі і стратэгіі развіцця адукацыйнай сферы. Вельмі важна правесці параўнальны аналіз і абагульненне досведу рэфармавання школы ў кампетэнтнасным ключы ў розных краінах свету і Беларусі, і ў выніку стварыць нацыянальную рамку ключавых кампетэнцый беларускага вучня. Ключавыя кампетэнцыі (трэба распісаць веды, навыкі і каштоўнасці па кожнай з іх) усталёўваюць набор сістэмных характарыстык для праектавання адукацыйных стандартаў і навучальных праграм, вучэбнай і метадычнай літаратуры, а таксама адпаведных вымяральнікаў узроўняў падрыхтаванасці навучэнцаў. Каб паказаць арыенціры для абнаўлення ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу  нацыянальных школьных навучальных праграм неабходна стварыць адпаведныя рэкамендацыі, шаблон праграмы і, нарэшце, паспрабаваць напісаць новую, кампетэнтнасную праграму.

Сёння прапануем азнаёміцца з такой спробай. Чытайце ўважліва. Думайце, дасылайце заўвагі і прапановы. Неабходна спрабаваць.

 

 

 

НАВУЧАЛЬНАЯ ПРАГРАМА ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА 

“АСНОВЫ ГРАМАДЗЯНСКАСЦІ” (9 КЛАС)

 

УВОДЗІНЫ

Навучальная  праграма “Асновы грамадзянскасці” (далей – Праграма) вызначае мэту вучэбнага прадмета «Асновы грамадзянскасці», ключавыя кампетэнцыі, якія фармуюцца вучэбным прадметам, сферы дасягненняў, змест вучэбнага прадмета, палажэнні ацэнкі дасягненняў вучняў.

Вучэбны прадмет “Асновы грамадзянскасці” належыць да прадметнай вобласці “Грамадазнаўства”, якая  ўключае наступныя вучэбныя прадметы: 

на І ступені (пачатковая адукацыя): “Чалавек і свет”, “Мая радзіма – Беларусь”;

на ІІ  ступені (базавая адукацыя): “Уводзіны ў гісторыю і грамадзянскасць” (5 клас), “Асновы зносін” (6 клас), “Гісторыя Старажытнага часу” (6 клас), “Асновы медыякультуры” (7 клас), “Гісторыя Сярэднявечча” (7 клас), “Асновы фінансаў і прадпрымальніцтва” (8 клас), “Гісторыя Новага часу да к.XVIII ст” (8 клас), “Асновы грамадзянскасці” (9 клас), “Гісторыя Новага часу да к. ХІХ  ст.”;

на ІІІ ступені (агульная сярэдняя адукацыя):

абавязковыя: “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь” (10 клас), “Гісторыя ХХ стагоддзя” (10 клас), “Беларусь у глабальным свеце” (11 клас), “Гісторыя ХХІ стагоддзя” (11 клас).

па выбары: “Псіхалогія”, “Філасофія”, “Этыка, “Правазнаўства”, “Эканоміка і бізнес”, “Сацыялогія”, “Медыя”, “Паліталогія”, “Рэлігіязнаўства”.

Спецыфіка навучання ў прадметнай вобласці "Грамадазнаўства" заключаецца ў вывучэнні развіцця чалавека і грамадства для паўнавартаснай рэалізацыі навучэнцамі ўласных інтарэсаў і правоў, эфектыўнага і канструктыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Грамадзянская адукацыя школьнікаў пачынаецца з першага і  працягваецца да адзінаццатага класа. У пачатковай адукацыі навучанне асновам грамадзянскасці інтэгравана не толькі ў праграму вучэбных прадметаў “Мая радзіма – Беларусь”, “Чалавек і свет”, але і матэматыкі,  мастацтва і інш. і дапамагае вучню пазнаць сябе як асобу і члена розных супольнасцей, зразумець як паводзіць сябе этычна і адказна. У 5–8 класах грамадзянская адукацыя інтэгруецца ў змест розных вучэбных прадметаў, а як самастойны і абавязковы вучэбны прадмет “Асновы грамадзянскасці” выкладаецца ў 9 класе. Змест навучання разлічаны на год (35 гадзін).  

Развіццё грамадзянскасці адбываецца не толькі падчас паслядоўнага вывучэння вучэбных прадметаў вобласці “Грамадазнаўства”, але неаддзельна ад удзелу вучня ў класнай, школьнай, грамадскай дзейнасці, удзелу ў сацыяльна-грамадзянскай, нефармальнай адукацыі і іншых мерапрыемствах, якія развіваюць набор грамадзянскіх ведаў, навыкаў і каштоўнасцей. 

РАЗДЗЕЛ І. МЭТА І ЗАДАЧЫ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА 

Мэтай вучэбнага прадмета “Асновы грамадзянскасці” з'яўляецца развіццё здольнасці навучэнцаў дзейнічаць на аснове этычнай і адказнай грамадзянскай пазіцыі і паўнавартасна ўдзельнічаць у сацыяльным і грамадскім жыцці ў лічбавую эпоху на мясцовым, нацыянальным і глабальным узроўнях. 

Задачы вучэбнага прадмета. Для дасягнення мэты навучэнцы развіваюць: 

  • разуменне правоў і абавязкаў асобы, структуры грамадства і дзяржавы, асноўных дэмакратычных каштоўнасцей: чалавечай годнасці, свабоды, роўнасці, справядлівасці і законнасці, салідарнасці, адданасці сваёй краіне;
  • патрэбу і гатоўнасць мірна, актыўна і адказна ўдзельнічаць у жыцці школы, мясцовай супольнасці і грамадства і імкненне ўнесці свой уклад у прагрэс і ўстойлівае развіццё Беларусі, Еўропы і Свету;
  • усведамленне важнасці дыялогу і суперажывання, павагі да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій і сацыяльных груп;
  • уменні аналізаваць сацыяльныя праблемы і канфлікты, шукаць мірныя рашэнні гэтых канфліктаў і распрацоўваюць творчыя рашэнні сацыяльных праблем;
  • здольнасці крытычна ацэньваць інфармацыю, свабодна і свядома прымаць рашэнні і эфектыўна і канструктыўна дзейнічаць у зменлівай сацыяльнай рэчаіснасці.

РАЗДЗЕЛ II. РАЗВІЦЦЁ КЛЮЧАВЫХ КАМПЕТЭНЦЫЙ

Пры рэалізацыі Праграмы з рознай інтэнсіўнасцю развіваюцца ўсе ключавыя кампетэнцыі: грамадзянская; лічбавая; прадпрымальніцкая; культурная; персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здароўя; пісьменнасці, міжмоўная; прыродазнаўчая, матэматычная, тэхнічная і экалагічная. 

Грамадзянская кампетэнцыя з'яўляецца прыярытэтам і асновай вучэбнага прадмета “Асновы грамадзянскасці” і ў розных аспектах інтэгруецца ў іншыя прадметы. 

Грамадзянская кампетэнцыя развіваецца праз вывучэнне асаблівасцей дэмакратычнага жыцця ў бліжэйшым асяроддзі, звязаных з правамі чалавека, законамі, інстытутамі дзяржаўнага кіравання; даследаванне прыроды дэмакратычнага грамадства і дзяржавы, асноўных прынцыпаў і каштоўнасцей (правы і свабоды чалавека, справядлівасць, роўнасць, актыўны грамадзянскі ўдзел, адказнасць і інш.); удзел навучэнцаў у класным і  школьным самакіраванні, валанцёрскай і іншай грамадскай дзейнасці.

Лічбавая – праз развіццё навыкаў бяспечна і законна выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі; адказнасці за сацыяльную і грамадзянскую дзейнасць у лічбавай прасторы; выкарыстанне партала электроннага ўрада, сайтаў розных устаноў і арганізацый; пошук і аналіз навін і ўплыву СМІ на грамадска-палітычныя працэсы; выкананне  агульнапрызнанага сеткавага этыкету.

Персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здароўя – праз развіццё ўменняў вызначаць эмацыйныя станы і іх прычыны; праяўляць адказную эмацыйную рэакцыю ў розных сацыяльных сітуацыях для канструктыўнага ўзаемадзеяння (у тым ліку для вырашэння канфліктных сітуацый); абмеркаванне і этычную ацэнку  наступстваў грамадзянскіх рашэнняў; аналіз негатыўнага ўплыву на грамадства дыскрымінацыі, стэрэатыпаў і забабонаў; развіццё эмпатыі і павагі да людзей розных нацый, канфесій або сацыяльных груп.

Культурная – праз стварэнне ўмоў для разумення важнасці культуры ў фармаванні чалавечай ідэнтычнасці і светапогляду; крытычную ацэнку стэрэатыпаў аб прадстаўніках розных культур; удзел у ініцыятывах па прасоўванні нацыянальнай культуры; праз абмеркаванне  ўплыву культурнага асяроддзя  на грамадзянскія каштоўнасці.

Прадпрымальніцкая – праз развіццё ўменняў вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у класе, школе, грамадстве; пошук нестандартных рашэнняў існуючых праблем; удзел у практыках школьнага самакіравання і ініцыятыўнага бюджэтавання сацыяльных праектаў; праз рэалізацыю і абарону правоў спажыўца і праз удзел у прыняцці фінансавых рашэнняў. 

Пісьменнасць – праз аналіз сацыяльна-палітычнай інфармацыі, прадстаўленай у розных крыніцах інфармацыі; праз развіццё навыкаў вусных і пісьмовых зносін для дасягнення асабістых і грамадскіх мэт у жыццёвых і навучальных сітуацыях; праз дэбаты і дыскусіі па значных пытаннях сацыяльнага і грамадскага жыцця (правы і абавязкі асобы, парушэнне правоў чалавека, захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, аховы навакольнага асяроддзя); аналіз і крытычную ацэнку міжнародных дакументаў і нацыянальных прававых актаў, канстытуцыі, тэкстаў у СМІ, прысвечаных сацыяльна-грамадзянскай праблематыцы.

Шматмоўная (міжмоўная) – праз знаёмства ​​з культурай іншых краін, развіццё міжнароднай дасведчанасці шляхам аналізу моў, культур, ідэй, рэгіянальных і глабальных праблем; праз развіццё навыкаў міжкультурнай камунікацыі ва ўмовах мірнага дэмакратычнага суіснавання і канструктыўнага супрацоўніцтва; развіццё партнёрскіх адносін з прадстаўнікамі іншых народаў.  

Прыродазнаўчая, матэматычная, тэхнічная і экалагічная – праз аналіз статыстычных даных у схемах, формулах, табліцах, графіках, дыяграмах і іх камбінацыях; праз прыродазнаўчую дзейнасць з вывучэннем дакументаў і тэкстаў пра сацыяльныя аспекты праблем навакольнага асяроддзя, і ўдзел у грамадскай дзейнасці па ахове прыроды і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў.

РАЗДЗЕЛ III. СФЕРЫ ДАСЯГНЕННЯЎ 

У Праграме вылучаюцца тры сферы дасягненняў: А. Грамадзянская ідэнтычнасць (пазнанне сябе і грамадства); В. Жыццё ў супольнасці (удзел і ініцыяцыя змен у грамадстве); С. Узаемадзеянне з дзяржавай (рэалізацыя правоў і выкананне абавязкаў). 

А. Грамадзянская ідэнтычнасць (пазнанне сябе і грамадства):

Навучэнец ведае:  

  • правы чалавека з'яўляюцца ўніверсальнымі, неадчужальнымі і непадзельнымі; 
  • асноўныя дакументы, у якіх выкладзены правы чалавека і правы дзіцяці; 
  • разумее  класіфікацыю  правоў чалавека і іх значэнне; 
  • што такое грамадзянская супольнасць, чаму яе неабходна развіваць і ўмацоўваць; разумее як можна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, школьным самакіраванні; 
  • ведае асаблівасці і значэнне дзейнасці дзіцячых і моладзевых грамадскіх арганізацый у сваім жыццёвым асяроддзі, рэгіёне, краіне; 
  • што перакананні, каштоўнасці і культурныя практыкі перадаюць сэнсы і ўплываюць на пачуццё ідэнтычнасці і прыналежнасці людзей; 
  • усведамляе, як дзейнічаюць стэрэатыпы і перадузятасць і іх уплыў на асобу і грамадства; 
  • праяўляе павагу да асобы незалежна ад яе прыналежнасці і адчувальнасць да культурных нормаў у адносінах з людзьмі з рознага культурнага асяроддзя;
  • ведае прынцыпы  дэмакратычнай улады; свае правы і абавязкі як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; ведае пра канстытуцыю як асноўны закон дзяржавы; 
  • ведае пра паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і іншых службаў бяспекі; 
  • распазнае сітуацыі, калі парушаюцца асабістыя або чужыя правы, абмяжоўваюцца свабоды, і ведае, што можна зрабіць самому і  куды неабходна звяртацца за дапамогай.

В. Жыццё ў супольнасці (удзел і ініцыяцыя змен у грамадстве):

Навучэнец:

  • тлумачыць сувязь паміж годнасцю і правамі чалавека, 
  • абмяркоўвае і прадстаўляе ўласныя аргументы ў выбраных пытаннях грамадскага жыцця;
  • тлумачыць, як дзейнічае прамая і прадстаўнічая дэмакратыя; у чым сутнасць самакіравання;
  •  абгрунтоўвае неабходнасць супрацоўніцтва ў грамадскім жыцці;
  • умее даследаваць мясцовыя праблемы і можа прапанаваць спосабы іх рашэння;
  • умее спалучаць розныя меркаванні і знаходзіць шляхі вырашэння грамадскіх праблем зыходзячы з розных пунктаў гледжання; умее рознымі сродкамі супрацьстаяць цкаванню, гвалту, праявам нецярпімасці як у рэальным, так і віртуальным свеце;
  • тлумачыць  правы і абавязкі навучэнца; прызнае выпадкі парушэння правоў вучняў і работнікаў школы; прадстаўляе шляхі адстойвання правоў, якія былі парушаныя;
  • прадстаўляе дзейнасць органаў самакіравання; тлумачыць, як праводзяцца выбары органаў школьнага самакіравання;
  • аналізуе сітуацыі парушэння правоў чалавека і дае канкрэтныя прыклады таго, як можна абараніць людзей, чые правы былі парушаныя; 
  • удзельнічае ў школьным самакіраванні, грамадзянскай актыўнасці (ініцыявах) ў класе, школе, населеным пункце, рэгіёне, краіне.

С. Узаемадзеянне з дзяржавай (рэалізацыя праў і выкананне абавязкаў): 

Навучэнец:

  • абгрунтавана тлумачыць, навошта чалавеку грамадзянства;
  • паказвае адрозненні правоў і свабод чалавека; 
  • пералічвае правы і свабоды, якія змяшчаюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
  • пералічвае правы дзяцей і аналізуе палажэнні Закону аб правах дзіцяці Рэспублікі Беларусь;
  • можа даказаць, што пагадненні з’яўляюцца асновай для стварэння законаў, тлумачыць вынікі невыканання законаў і прыводзіць прыклады такіх паводзінаў;
  • параўноўвае і ацэньвае змест, абавязкі і наступствы дзейнасці мясцовай улады;
  • упэўнены, што ўсе дзяржаўныя інстытуты павінны паважаць, абараняць выконваць правы чалавека;
  • тлумачыць правілы, па якіх непаўналетнія нясуць адказнасць за ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў;
  • выкарыстоўвае простыя працэдуры і магчымасці, якія прапануюць грамадзянам дзяржаўныя інстытуты ведаючы іх паўнамоцтвы.

 

РАЗДЗЕЛ ІV. ЗМЕСТ НАВУЧАННЯ

Настаўнік, улічваючы ход падрыхтоўкі і  бягучыя дасягненні навучэнцаў, магчымасці і патрэбы навучання, прадугледжвае магчымасць гібкага планавання навучальнага працэсу і вывучэння  прапанаваных тэм у розным парадку. Настаўнік, улічваючы магчымасці навучэнцаў і ўзгадняючы план навучання з іншымі выкладчыкамі, можа па сваім меркаванні дапаўняць змест навучання ўласнымі тэмамі або надаваць час замацаванню разумення матэрыялу, паўтарэнню, паглыбленню і практычнай адпрацоўцы кампетэнцый.

 

Асоба ў грамадстве

  • Ідэнтычнасць: Што такое ідэнтычнасць і як яна фармуецца? Узроўні ідэнтычнасці (персанальны і сацыяльны). Ці (не)можна змяніць ідэнтычнасць?
  • Разнастайнасць грамадства: Агульнае і адрознае паміж людзьмі. Сацыяльныя групы. Як узнікаюць  стэрэатыпы і чаму яны ператвараюцца ў перадузятасць? 
  • Сацыяльная справядлівасць: Мы ўсе роўныя паміж сабой? Навошта трэба пераадольваць розныя формы няроўнасці? 

Правы чалавека

  • Правы чалавека: Аснова розных маральных сістэм – чалавечая годнасць?  Навошта прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека? 
  • Сістэма правоў чалавека: Якія бываюць правы чалавека? Як у дзяцей з’явіліся правы? Якія правы маюць дзеці? Дабрабыт дзіцяці.
  • Парушэнні і абмежаванні правоў: Навошта ведаць свае правы? Як зразумець, што правы парушаюцца? Сітуацыі парушэння правоў чалавека. Дыскрымінацыя.

Дэмакратыя

  • Развіццё дэмакратыі: Чаму і як узнікае дэмакратыя? Каштоўнасці дэмакратыі ў сям'і, школе і грамадстве. Прамая і прадстаўнічая дэмакратыя.
  • Дэмакратычная школа: Адкуль бяруцца школьныя правілы? Як кіруецца школа? Структура і функцыі школы. Школьнае самакіраванне. Правы і абавязкі навучэнцаў, настаўнікаў, адміністрацыі. Шляхі адстойвання правоў
  • Аб’яднанне для рэалізацыі і абароны інтарэсаў: Як і для чаго ствараюцца дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні? Прыклады дзейнасці грамадскіх арганізацый, якія гуртуюць дзяцей і моладзь у Беларусі.

Асоба і дзяржава

  • Паняцце грамадзянства і грамадзяніна: Чым грамадзянства адрозніваецца ад нацыянальнасці? Якія  ўмовы набыцця і страты грамадзянства ў Беларусі і свеце? 
  • Правы і абавязкі грамадзяніна: Якія правы і свабоды чалавека замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? Узаемасувязь канстытуцыйных правоў і абавязкаў. 
  • Непоўнагадовыя і закон: Што абараняе  “Закон аб правах дзіцяці”? Аб’ём дзеяздольнасці непоўнагадовых. Асобы і ўстановы, у якія трэба звяртацца ў сітуацыях парушэння правоў. Паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і іншых службаў бяспекі. 
  • Адказнасць асобы і дзяржавы: Ці адрозніваецца адказнасць дзяцей і дарослых за ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў? Што рабіць, калі прадстаўнікі дзяржавы, службовыя асобы парушаюць правы грамадзян? Асобы і ўстановы, у якія трэба звяртацца ў сітуацыях парушэння правоў.

Галоўным вынікам навучання “Асновам грамадзянскасці” з’яўляецца тое што  навучэнец ўсведамляе і праяўляе сябе  як свядомы прыхільнік дэмакратычных каштоўнасцей  і беларускай дзяржаўнасці; грамадзянін Беларусі, заахвочаны ў справядлівым і раўнапраўным уліку інтарэсаў розных людзей падчас вырашэння сацыяльных праблем, праяўляе настойлівасць у пераадоленні канструктыўным шляхам рознагалоссяў і канфліктаў і гатоўнасць актыўна супрацьстаяць праявам ксенафобіі і дыскрымінацыі. 

 

РАЗДЗЕЛ V. АЦЭНКА ДАСЯГНЕННЯЎ

Пры ацэнцы вынікаў навучання важна ўсталяваць дакладныя крытэрыі ацэнкі, якім адпавядаюць Дасягненні, пералічаныя ў праграме. На падставе дадзеных ацэнкі плануецца далейшы курс навучання, які спрыяе матывацыі і прагрэсу вучня. 

Дасягненні і прагрэс навучэнцаў ацэньваюцца праз фарміруючую і выніковую ацэнку. Пры ацэнцы паспяховасці вучняў мэтазгодна ўлічваць склад класа ў розных аспектах (сацыяльны, нацыянальны, рэлігійны і інш.), разнастайнасць адукацыйных запатрабаванняў і інтарэсаў вучняў, індывідуальныя здольнасці, магчымасці і вопыт.

Пры ацэнцы дасягненняў вучняў па асновах грамадзянскасці больш увагі надаецца самастойнай рабоце, актыўнаму ўдзелу ў грамадзянскіх ініцыятывах, практычнай дзейнасці. 

Фарміруючая ацэнка паспяховасці навучання садзейнічае самаразвіццю навучэнцаў, незалежнасці і матывацыі да дзеяння, умацаванню іх самасвядомасці і ўласнай годнасці. 

Падагульняючая ацэнка праводзіцца ў канцы адукацыйнага перыяду (чвэрці, семестра, трыместра, адукацыйнай праграмы, тэмы). 

Дасягненні вучняў абагульняюцца шляхам ацэнкі прагрэсу, дасягнутага навучэнцам за вызначаны перыяд навучання, з акцэнтам на характарыстыках узроўняў дасягненняў навучэнцаў, апісаных у нормах ацэнкі па вучэбным прадмеце “Асновы грамадзянскасці” (з разбалоўкай па ўзроўнях).