Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
28.09.2007

Конкурс адукацыйных матэрыялаў “Ноўтбук для актыўнага настаўніка”

Мэта конкурсу
– стварэнне новых адукацыйных і дыдактычных матэрыялаў развіццёвай педагогікі, іх папулярызацыя і стварэнне ўмоў для доступу да іх шырокаму колу педагогаў.

Конкурс " Ноўтбук для актыўнага настаўніка " праводзіцца па пяці намінацыях:
• Метадычнны дапаможнік (Інавацыйныя тэхналогіі і метады навучання ў беларускай школе);
• Сучасны ўрок (Распрацоўкі школьных урокаў);
• Грамадзянская адукацыя (Распрацоўка школьных і пазакласных заняткаў, сцэнары семінараў, конкурсаў, святаў, іншых адукацыйных мерапрыемстваў, парады па стварэнні школьных газет, сайтаў ….);
• Нацыянальная школа (Ідэі і метады выхавання грамадзяніна-патрыёта, развіцця нацыянальнай адукацыі);
• Бацькі і дзеці (Метады работы з бацькамі. Далучэнне бацькоў да працэсу адукацыі, ідэі, як зрабіць школу адкрытай для бацькоў, лакальнай супольнасці, навакольнага жыцця).

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць свае матэрыялы да 18 снежня на адрас info@nastaunik.eu, да якіх далучыць ліст з абгрунтаваннем таго, як удзельнік плануе выкарыстоўваць ноўтбук у сваёй дзейнасці. Падрабязную інфармацыю пра конкурс і патрабаванне да матэрыялаў глядзіце TУТ

28.09.2007

Глыбокае: лёс беларускамоўнага навучання вызначылі
У глыбоцкай школе №3 прайшла канферэнцыя выкладчыкаў, бацькоў і навучэнцаў, якая зацвердзіла змены ў школьным статуце. Змены закранулі перадусім моўны рэжым школы: у дагэтуль цалкам беларускамоўнай школе дазволена ствараць класы з рускай мовай навучання. Два рускамоўныя класы былі створаны па ініцыятыве, некаторых бацькоў-камерсантаў (у народзе – «мясцовых алігархаў") і дзядуляў вучняў – дзяржаўных чыноўнікаў (адзін дзядуля – чыноўнік Гандлёвай палаты, другі – дэпутат у абласным савеце).

28.09.2007

Дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны: «адлічваюць лепшых».
Паводле ГАРТ
Я працую ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце Ф. Скарыны. Выкладаю рэлігіязнаўства. Тое, я хачу выказаць зводзіцца да наступнага тэзісу: такія справы, як адлічэнне Зміцера Жалезнічэнкі, наносяць шкоду універсітэцкай адукаціі. Я лічу, што Зміцера адлічылі менавіта за яго грамадскую дзейнасць. Дарэчы, гэта не першае адлічэнне такога роду. Найбольш вядомыя папярэднія выпадкі — гэта адлічэнне студэнтаў, якія былі выдатнікамі. Сярэдні бал Зміцера Жалезнічэнкі – 9,3 – надзвычай высокі. Я не ведаю, ці ёсць у нас ва універсітэце яшчэ студэнты з такім балам.
Добрыя студэнты (не толькі выдатнікі) – гэта дапамога для выкладчыка. Калі ў аўдыторыі ёсць некалькі пар уважлівых вачэй, лягчэй чытаць лекцыю – да іх і звяртаешся. Бо вельмі часта такіх вачэй няма, і такое ўраджанне, што размаўляеш са сцяной з бетону.
Але калі адлічваюць добрых студэнтаў, застаюцца горшыя. Тым больш, што прадметы, якія называюцца “сацыяльна-гуманітарнымі”, і да якіх належыць маё рэлігіязнаўства, у апошнія часы стала няпроста выкладаць.
Як прыклад прывяду выпадак, пра які мне распавёў адзін з выкладчыкаў паліталогіі. Ён чытаў лекцыю пра сістэму выбараў, і, згодна з падручнікам распавядаў, што выбары павінны быць “свабоднымі, празрыстымі і г.д.”. А студэнты яму кажуць накшталт: “Да што Вы нам кажаце! Усё гэта няпраўда. На кожных выбарах нас прымушаюць ісці і галасаваць датэрмінова”. І што рабіць у такіх выпадках? Абыйсці пытанне? – Няёмка. Пачаць крытыкаваць нашыя выбары? – Могуць быць непрыемнасці. Пайсці дакласці на студэнтаў? – Скотства.
На заканчэнне адзначу наступнае. Сістэма вышэйшай адукацыі павінна рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў з вызначанай маральнай матывацыяй, якая прадугледжвае любоў да радзімы і жаданне працаваць на яе карысць. Гэта тое, што называецца патрыятызмам. Калі ў вышэйшай школе будзе праводзіцца палітыка адлічэння грамадска актыўных студэнтаў, то створыцца сітуацыя накшталт той, калі нейкі вар’ят будзе знішчаць на сваім полі збожжа і расціць пустазелле. Але хто потым будзе гэтае пустазелле есці?
Віктар Адзіночанка, дацэнт кафедры філасофіі ГДУ імя Ф. Скарыны, намінант на прэмію імя Вацлава Ластоўскага 2007 г.

25.09.2007

Глыбокае: лёс беларускамоўнага навучання вызначыць галасаванне
Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода
Сёння ў 16 гадзін ў адзінай у Глыбокім беларускамоўнай школе №3 мае адбыцца канферэнцыя выкладчыкаў, бацькоў і навучэнцаў. У парадку дня – галасаванне па зменах у статуце навучальнай установы. З 1 верасня тут створанаы рускамоўны клас, а гэта пярэчыць статуту.

24.09.2007

Дадайце ў сваю бібліятэку.
Выйшла ў свет кніга Ўладзіміра Арлова “Імёны Свабоды”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагоддзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімір Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасць. Выданне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў. Гэтая кніга павінна быць у асабістай бібліятэцы кожнага беларускага настаўніка.

22.09.2007

Выпадак на занятку па гісторыі


Алесь — звычайны вучань адной з берасцейскіх школаў.


Урок гісторыі. Настаўніца распавядае пра Напалеона, які захапіў усю Францыю і імкнуўся заваяваць увесь свет. Назваўшы яго палітыку дыктатурай, настаўніца запыталася ў класа: «Скажыце, калі ласка, а ў якіх краінах цяпер існуе дыктатура?» Адказваць прыйшлося Алесю: «На жаль цяпер пануе дыктатура ў нашай краіне.» Настаўніца разьюшылася. Прымушала чытаць ідэалагічную кнігу аб «шчаслівай» Беларусі. А калі хлопец адмовіўся, настаўніца выгнала яго з класа, сказаўшы напрыканцы, што да канца школы яна ня хоча бачыць апошняга на сваіх уроках.


Год назад у Алеся ўжо былі канфлікты з новай настаўніцай гісторыі. Нягледзячы на тое, што падручнікі па гісторыі надрукаваныя на роднай мове, настаўніца прымушала вучняў адказваць прадмет па‑расейску. Алесь парушыў «правілы гульні» і адказваў на ўроках гісторыі на роднай мове, за што атрымліваў адзінкі.


А цяпер яму зноў пагражаюць выключэннем са школы.


Школа №Х — невялікая рэспубліка ў вялікай краіне, тут пануе свая невялікая дыктатура, тут жывуць свае невялікія героі і хаўруснікі…

Паводле пошты «Нашай Нівы»

21.09.2007

Школьнікі просяць прэзідэнта абараніць іх ад прымусовага членства ў БРСМ і пазбавіць настаўнікаў пакаранння за гэтае рашэнне вучняў.
Сяргей Бародзіч з 11-га класа сярэдняй школы №33 Магілёва і студэнт 2-га курса Магілёўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Павел Чарвінскі напісалі на гэты конт і генеральнаму пракурору. “Калі б усё было насамрэч на добраахвотнай аснове, то праз пару дзён ад гэтай арганізацыі засталася б адна назва”, – лічыць Чарвінскі.

21.09.2007

Аmity Intern Teacher Program абвяшчае аб магчымасці прайсці практыку студэнтам і прафесіяналам

Стыпендыя ўключае пражыванне ў прымаючай сям'і. Практыканты будуць мець магчымасць працаваць асістэнтамі настаўнікаў у школах, каледжах і універсітэтах ЗША. Удзельнікі павінны будуць праходзіць навучанне па аднаму-двум курсам пад час практыкі. Іншыя ўмовы: удзельнікі павінны быць не маладзей за 20 не старэй за 30, не жанатыя/не замужам і адсутнасць дзяцей. Пад час удзелу павінны скончыць альбо вучыцца ва універсітэце.

20.09.2007

Спабор крэатыўных ідэй для жыхароў Гарадзеншчыны
Паводле выдання «Гарадзенская кроніка»
Для жыхароў Гарадзеншчыны абвешчаны спабор крэатыўных ідэй: ”Хто ты і што ў табе еўрапейскага?” Беларусы стаяць ля парога Еўрапейскага Дому. З аднаго боку, мы выдатна ўсведамляем, што гістарычна мы частка гэтага Дому. І, у той жа час, мы ніяк не адважваемся пераступіць гэты парог. Няхай спабор ідэй ”Хто ты і што ў табе еўрапейскага?” стане нашым супольным крокам насустрач Еўропе.

18.09.2007

Запрашаем да навучання

Беларускі Калегіюм прапануе дадатковае навучанне па спецыялізацыях:

– журналістыка

– найноўшая гісторыя

– філасофія/літаратура


Запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй. У выключных выпадках
прымаюцца студэнты малодшых курсаў. Навучэнцамі БК могуць быць тыя, хто пастаянна альбо на час
навучання пражывае ў Мінску.


Навучальныя праграмы БК арыентаваныя на выкладанне найноўшых фрагментаў сучаснай веды і не дублююць існуючыя праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Старонкі