Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
25.06.2013

Наша слова

Нядаўна ў СМІ прайшла інфармацыя пра рэгістрацыю на цэнтралізаванае тэставанне. Толькі 33564 ўдзельнікі цэнтралізаванага тэставання абралі беларускую мову, а на рускую мову зарэгістраваліся 83829 чалавек. Беларускую мову такім чынам абралі 28,59%.
Аднак сітуацыя ў рэгіёнах некалькі іншая. Так у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую – 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%.
У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці – безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.

 

24.06.2013

Апошні тэрмін прыёму заявак – 21 ліпеня

«Цэнтр супрацы моладзі» ў Гдыні (Польшча), разам з гдыньскай гарадской радай, з 2012 па 2015 г. ладзіць навучальныя візіты ды стажы для моладзі – студэнтаў ды прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў з Малдовы, Украіны, Беларусі і Расійскай Федэрацыі (Калінінградская вобласць).
Увосень 2013 г. адбудуцца два навучальныя візіты: 14 – 25 кастрычніка; 11 – 22 лістапада.
Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне Беларусі – маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя студэнты ці прадстаўнікі грамадскіх арганізацый ва ўзросце 20 – 30 гадоў. Удзельнікі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з Польшчай, даведацца больш аб адміністрацыйнай і адукацыйнай сістэмах, а таксама аб урадзе, бізнесе, СМІ, дзяржаўных і грамадскіх арганізацыях.

24.06.2013

Апошні тэрмін падачы заявак – 5 ліпеня, 18.00

11 – 16 жніўня 2013 г. у Таліне (Эстонія) адбудзецца навучальны візіт «Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі для адукацыйнага сектара Беларусі».
Арганізатары візіту – Е-Governance Academy і Міжнародная некамерцыйная арганізацыя Пакт.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі адукацыйнага сектара Беларусі: сябры няўрадавых арганізацый, аналітычных цэнтраў і камерцыйных устаноў, якія працуюць у сферы адукацыі, а таксама настаўнікі, выкладчыкі, персанал навучальных устаноў.
У праграму ўваходзіць наведванне сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў Эстоніі, устаноў для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, сустрэчы з няўрадавымі арганізацыямі, якія працуюць у сферы навучання інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, знаёмства са спецыялізаванымі інфармацыйнымі сістэмамі, а таксама візіт у Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі ды ў Нацыянальны цэнтр экзаменаў і кваліфікацыі.

20.06.2013

Алена Палейка

13 чэрвеня ва ўтульным старажытным горадзе Німбурк у гімназіі Каменскага адбыўся фінал чэшскага конкурсу сацыяльных праектаў школьнікаў «Ja, občan», што ў перакладзе на нашую гучыць як «Я, грамадзянін». Беларускім педагогам чэшскі вопыт будзе цікавым, бо з новага навучальнага году ў нашай краіне стартуе конкурс сацыяльных праектаў школьнікаў «Мы – грамадзяне Беларусі».
«Я, грамадзянін» гэтага года ў Чэхіі – восьмы па ліку. Арганізатарамі конкурсу выступаюць некалькі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, а нязменнымі каардынатарамі – настаўнікі- энтузіясты Радак Прахазка ды Марцін Матэйка. Галоўная мэта конкурсу: спрыяць усведамленню школьнікамі пачатку вялікіх учынкаў з малых справаў, неабходнасці ўласнага ўдзелу моладзі ў жыцці сваёй школы, роднай вёскі ці горада, раёна, краіны. Патрыятызм пачынаецца з пасаджанага дрэва ці адрамантаванай лавачкі, дапамогі самотнаму старому суседу ці малым у сваім двары. 

 

18.06.2013

22 чэрвеня

Сустрэча прадстаўнікоў грамадскасці Беларусі і працаўнікоў сферы адукацыі «Вяртанне сучаснай школы да прынцыпаў гуманізацыі» адбудзецца ў 14.00 у рэдакцыі «Брэсцкага кур'ера» па адрасе: вул. 17 верасня, д. 22.
Запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх структур, сродкаў масавай iнфармацыi, структур адукацыі.
Абмяркоўваюцца пытанні: 1. Праблема небяспекі дэгуманізацыі сістэмы адукацыі; 2. Фармаванне чалавекастваральнага фактару ў культуры ведаў дзяцей і моладзі; 3. Забеспячэнне належнай абароны дзяцінства ва ўстановах адукацыі; 4. Ініцыятывы і падрыхтоўка кадраў для працы з гіперактыўнымі дзецьмі. 
 Арганізатары просяць паведаміць загадзя, калі вы жадаеце дапоўніць парадак дня сваімі тэмамі.

17.06.2013

22 чэрвеня

Чакаецца не толькі выступленне паэтаў і музыкаў, але і паказальны бой рыцараў. Уваход на імпрэзу вольны, але ў гасцей могуць спытаць пароль.
Музычна-літаратурны фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, адбудзецца 22 чэрвеня. Пра гэта парталу Край.бай паведаміў краязнаўца з Варнянаў Астравецкага раёна Алесь Юркойць.
Арганізатар імпрэзы – аддзел культуры Астравецкага райвыканкама пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Месца правядзення – возера Кайміна. Каб даехаць да возера, трэба павярнуць з трасы Р-45 (Полацк-Вільня) у вёску Вялікая Страча. Праз 7 км у вёсцы Спонды збочыць на вёску Кайміна Горная, 4 км гравейкі – і вы ля возера.

17.06.2013

Апошні тэрмін – 30 чэрвеня

Польскі Інстытут у Мінску праводзіць 2-гадовыя курсы па вывучэнні польскай мовы ў Мінску, Гомелі, Магілёве. Набор слухачоў на курсы адбываецца адзін раз на год. Курсы бясплатныя, некамерцыйныя. Абавязковай умовай удзелу слухачоў у курсах з’яўляецца набыццё неабходнага падручніка за ўласны кошт.
Навучальны год на курсах доўжыцца з кастрычніка па май. Заняткі праходзяць увечары, па дзве акадэмічныя гадзіны два разы на тыдзень.
Прыняць удзел у конкурсе можа прыняць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 год. Польскае паходжанне не з’яўляецца абавязковай умовай удзелу ў конкурсе.

13.06.2013

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы дала афіцыйны адказ на прапановы Таварыства беларускай школы наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі.
У адказе зазначана, што «прапановы будуць вывучаны, дасканала прааналізаваны дэпутатамі камісіі і па магчымасці ўлічаны ў ходзе работы па падрыхтоўцы праекта Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэсцублікі Беларусь».
Нагадаем, што Таварыства беларускай школы падрыхтавала прапановы з нагоды пашыраных пасяджэнняў і парламенцкіх слуханняў, прысвечаных маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Прапановы былі абмеркаваныя і прынятыя на Нацыянальным бацькоўскім сходзе, які адбыўся ў маі 2013 г.

12.06.2013

Апошні тэрмін – 23 чэрвеня

Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праекта «Рэгіён, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў» запрашаюць да ўдзелу ў летніку-трэнінгу «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі», які пройдзе з 1 па 6 ліпеня 2013 г. на базе пад Мінскам.
Мэтай летніка з’яўляецца павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці ўдзельнікаў у сферы распрацоўкі адукацыйных праграм для моладзі, пашырэнне спектру моладзевых праграм і паляпшэнне іх якасці.
Падчас летніка-трэнінгу ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэарэтычнымі і практычнымі аспектамі дызайну адукацыйных праграм, навучацца эфектыўна прымяняць інтэрактыўныя формы і метады навучання, змогуць распрацаваць уласныя адукацыйныя праграмы для далейшай працы са сваімі мэтавымі аўдыторыямі.

12.06.2013

Апошні тэрмін – 10 ліпеня

Каманда сайта adukacyja.info запрашае прыняць удзел у альтэрнатыўным з’ездзе выпускнікоў беларускіх і замежных ВНУ. У жніўні мы сустрэнемся ў маляўнічым месцы на беларускіх азёрах, каб падзяліцца досведам, натхніць адно аднаго і зарадзіцца пазітывам!
Асаблівасцю з’езду з’яўляецца тое, што праграму складаюць самі ўдзельнікі. Кожны рыхтуе свой майстар-клас. Гэта можа быць усё, што заўгодна: воркшоп па балгарскай кухні, курс па афра-бразільскіх танцах, прэзентацыя па адукацыйнай сістэме ў Кітаі, расповед пра гісторыю шакаладнага бізнесу ў Швeйцарыі, занятак па ёзе, арганізацыя культурна- музычнай праграмы на вечар ля вогнішча і ўсё, што вы прапануеце! 
Каманда adukacyja.info арганізоўвае даезд з Мінска да месца правядзення з’езду. Арганізатары забяспечваюць пражыванне і часткова харчаванне.

 

Старонкі