Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
12.06.2013

Апошні тэрмін – 23 чэрвеня

Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праекта «Рэгіён, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў» запрашаюць да ўдзелу ў летніку-трэнінгу «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі», які пройдзе з 1 па 6 ліпеня 2013 г. на базе пад Мінскам.
Мэтай летніка з’яўляецца павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці ўдзельнікаў у сферы распрацоўкі адукацыйных праграм для моладзі, пашырэнне спектру моладзевых праграм і паляпшэнне іх якасці.
Падчас летніка-трэнінгу ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэарэтычнымі і практычнымі аспектамі дызайну адукацыйных праграм, навучацца эфектыўна прымяняць інтэрактыўныя формы і метады навучання, змогуць распрацаваць уласныя адукацыйныя праграмы для далейшай працы са сваімі мэтавымі аўдыторыямі.

12.06.2013

Апошні тэрмін – 10 ліпеня

Каманда сайта adukacyja.info запрашае прыняць удзел у альтэрнатыўным з’ездзе выпускнікоў беларускіх і замежных ВНУ. У жніўні мы сустрэнемся ў маляўнічым месцы на беларускіх азёрах, каб падзяліцца досведам, натхніць адно аднаго і зарадзіцца пазітывам!
Асаблівасцю з’езду з’яўляецца тое, што праграму складаюць самі ўдзельнікі. Кожны рыхтуе свой майстар-клас. Гэта можа быць усё, што заўгодна: воркшоп па балгарскай кухні, курс па афра-бразільскіх танцах, прэзентацыя па адукацыйнай сістэме ў Кітаі, расповед пра гісторыю шакаладнага бізнесу ў Швeйцарыі, занятак па ёзе, арганізацыя культурна- музычнай праграмы на вечар ля вогнішча і ўсё, што вы прапануеце! 
Каманда adukacyja.info арганізоўвае даезд з Мінска да месца правядзення з’езду. Арганізатары забяспечваюць пражыванне і часткова харчаванне.

 

11.06.2013

Сумоўе – 15 чэрвеня

5 заняткаў па 3 гадзіны (эквівалент 15 гадзінам моўнай практыкі): Мінск, вул. Райніса, 6 (р-н пл. Ванеева) з 17 па 21 чэрвеня 2013 г. 
Курс уключае ў сябе 5 розных узроўняў, якія адпавядаюць валоданню навыкамі размоўнай англійскай мовы. Заняткі праходзяць у групах па 10–12 асобаў у 3 змены на дзень.
На курсах працуюць выкладчыкі з краінаў Усходняй Еўропы, СНД, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Навучанне адбываецца паводле найноўшых метадах выкладання замежных моваў.
Па заканчэнні курсу студэнты, якія выканалі патрабаванні па наведванні, атрымліваюць сертыфікат аб сканчэнні курсу размоўнай англійскай мовы. Для асобаў, якія паспяхова прайшлi праграму, прапануецца бясплатны гадавы курс з носьбітамі мовы.

09.06.2013

Міністэрства адукацыі дало Таварыству беларускай школы афіцыйны адказ на прапановы Нацыянальнага бацькоўскага сходу пры ТБШ наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі.
У адказе зазначана, што прапановы «па магчымасці будуць разгледжаны па выніках маніторынгу прыктыкі прымянення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».
Нагадаем, што прапановы наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі былі абмеркаваныя і прынятыя на першым за апошнія паўтара дзесяцігоддзя Нацыянальным бацькоўскім сходзе. Бацькі навучэнцаў, якія вучацца або хочуць вучыцца па-беларуску і з гэтай прычыны маюць праблемы, дамагаюцца рэальнага, а не фармальнага забеспячэння права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях навучання – ад дзіцячага садка да ВНУ.

08.06.2013

Апошні тэрмін – 5 ліпеня 

Польска-Амерыканскі Фонд Свабоды, Фонд «Барусія», Калегіум Усходняй Еўропы ім. Яна Новака-Езяраньскага запрашаюць актыўных студэнтаў з Беларусі, Малдовы, Украіны і пэўных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі паўдзельнічаць у праграме Study Tours to Poland.
У праграме могуць прыняць удзел паспяховыя студэнты ВНУ, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці і адпавядаюць наступным фармальным патрабаванням: узрост 18 – 21 год; грамадзянства азначаных краін; навучанне ў азначаных краінах; дзейны замежны пашпарт; раней не ўдзельнічалі ў праграмах Study Tours to Poland ды Study Visit in Gdynia.
Візіты адбываюцца ў кастрычніку і лістападзе 2013 г. Працягласць візіту – 12 дзён.

06.06.2013

Апошні тэрмін – 1 жніўня 2013 г. 

Да правядзення літаратурнага конкурса «Экслібрыс» далучылася інтэрнэт-крама электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com.
Перамога ў «Экслібрысе» прынясе аўтару не толькі заслужаную славу дзіцячага пісьменніка, але і новую мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note, створаную адмыслова для тых, чыя праца звязаная са словам. Гэты планшэт дазваляе пісаць ад рукі ў лічбавы нататнік пры дапамозе стылуса. Журналіст можа рабіць нататкі падчас інтэрв’ю, пісьменнік – занатоўваць новы аповед або верш, вандроўнік – ствараць падарожны дзённік, студэнт – канспектаваць лекцыі, дызайнер – маляваць і рэдагаваць фатаграфіі.
Нагадаем, што літаратурны конкурс «Экслібрыс» імя Янкі Маўра, абвешчаны ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Беларускім ПЭН-цэнтрам, сёлета прысвечаны дзіцячай літаратуры.

 

06.06.2013

Грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы», сайт «Nastaunik.info» пры падтрымцы іншых адукацыйных арганізацый запрашаюць педагогаў, бібліятэкараў, адукатараў ды іншых зацікаўленых у тэме асобаў да ўдзелу ў семінары-практыкуме «Школа як платформа фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый».
Семінар адбудзецца 22–24 чэрвеня пад Мінскам.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – 17 чэрвеня 2013 г.
Тэматыка семінара будзе сканцэнтравана вакол тэмаў сацыяльнай справядлівасці, каштоўнасці жыцця, пазбягання агрэсіі ды стварэння добразычлівай, спрыяльнай для развіцця і навучання атмасферы.

06.06.2013

У сеціве з’явіўся ў добрай якасці фільм «У тумане», зняты рэжысёрам Сяргеем Лазніцам паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Стужка ўдзельнічала ў асноўнай конкурснай праграме 65-га Канскага кінафестывалю, дзе была ганаравана спецыяльным прызам.

05.06.2013

Апошні тэрмін – 13 чэрвеня

15 чэрвеня ў Мінску пройдзе прэзентацыя доўгатэрміновага трэнінгу «"Via Experientia – 4" – Міжнародная акадэмія навучання праз досвед».
Праграма арыентавана на спецыялістаў, якія працуюць у сферы навучання: спецыялістаў кампаніяў па працы з персаналам, кансультантаў, менеджараў, трэнераў у галіне нефармальнай адукацыі, выкладчыкаў і супрацоўнікаў сістэмы фармальнай адукацыі, сацыяльных работнікаў ды інш.
Удзел у прэзентацыі – бясплатны.

05.06.2013

4 чэрвеня ў Мінску пасля цяжкай хваробы памёр лінгвіст, педагог, журналіст Юрась Бушлякоў. 
29 мая яму споўнілася 40 гадоў.
Як многія мінскія школьнікі 1980-х, ён быў вызвалены ад беларускай мовы, не вывучаў яе да 10 класа. А пасля... закахаўся ў мову і пайшоў вучыцца на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Скончыў яго з чырвоным дыпломам. У 2003 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)». Выкладаў на родным філфаку, у Коласаўскім ліцэі, у Карлавым універсітэце (Прага).

Старонкі