Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
24.06.2013

Апошні тэрмін падачы заявак – 5 ліпеня, 18.00

11 – 16 жніўня 2013 г. у Таліне (Эстонія) адбудзецца навучальны візіт «Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі для адукацыйнага сектара Беларусі».
Арганізатары візіту – Е-Governance Academy і Міжнародная некамерцыйная арганізацыя Пакт.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі адукацыйнага сектара Беларусі: сябры няўрадавых арганізацый, аналітычных цэнтраў і камерцыйных устаноў, якія працуюць у сферы адукацыі, а таксама настаўнікі, выкладчыкі, персанал навучальных устаноў.
У праграму ўваходзіць наведванне сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў Эстоніі, устаноў для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, сустрэчы з няўрадавымі арганізацыямі, якія працуюць у сферы навучання інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, знаёмства са спецыялізаванымі інфармацыйнымі сістэмамі, а таксама візіт у Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі ды ў Нацыянальны цэнтр экзаменаў і кваліфікацыі.

20.06.2013

Алена Палейка

13 чэрвеня ва ўтульным старажытным горадзе Німбурк у гімназіі Каменскага адбыўся фінал чэшскага конкурсу сацыяльных праектаў школьнікаў «Ja, občan», што ў перакладзе на нашую гучыць як «Я, грамадзянін». Беларускім педагогам чэшскі вопыт будзе цікавым, бо з новага навучальнага году ў нашай краіне стартуе конкурс сацыяльных праектаў школьнікаў «Мы – грамадзяне Беларусі».
«Я, грамадзянін» гэтага года ў Чэхіі – восьмы па ліку. Арганізатарамі конкурсу выступаюць некалькі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, а нязменнымі каардынатарамі – настаўнікі- энтузіясты Радак Прахазка ды Марцін Матэйка. Галоўная мэта конкурсу: спрыяць усведамленню школьнікамі пачатку вялікіх учынкаў з малых справаў, неабходнасці ўласнага ўдзелу моладзі ў жыцці сваёй школы, роднай вёскі ці горада, раёна, краіны. Патрыятызм пачынаецца з пасаджанага дрэва ці адрамантаванай лавачкі, дапамогі самотнаму старому суседу ці малым у сваім двары. 

 

18.06.2013

22 чэрвеня

Сустрэча прадстаўнікоў грамадскасці Беларусі і працаўнікоў сферы адукацыі «Вяртанне сучаснай школы да прынцыпаў гуманізацыі» адбудзецца ў 14.00 у рэдакцыі «Брэсцкага кур'ера» па адрасе: вул. 17 верасня, д. 22.
Запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх структур, сродкаў масавай iнфармацыi, структур адукацыі.
Абмяркоўваюцца пытанні: 1. Праблема небяспекі дэгуманізацыі сістэмы адукацыі; 2. Фармаванне чалавекастваральнага фактару ў культуры ведаў дзяцей і моладзі; 3. Забеспячэнне належнай абароны дзяцінства ва ўстановах адукацыі; 4. Ініцыятывы і падрыхтоўка кадраў для працы з гіперактыўнымі дзецьмі. 
 Арганізатары просяць паведаміць загадзя, калі вы жадаеце дапоўніць парадак дня сваімі тэмамі.

17.06.2013

22 чэрвеня

Чакаецца не толькі выступленне паэтаў і музыкаў, але і паказальны бой рыцараў. Уваход на імпрэзу вольны, але ў гасцей могуць спытаць пароль.
Музычна-літаратурны фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, адбудзецца 22 чэрвеня. Пра гэта парталу Край.бай паведаміў краязнаўца з Варнянаў Астравецкага раёна Алесь Юркойць.
Арганізатар імпрэзы – аддзел культуры Астравецкага райвыканкама пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Месца правядзення – возера Кайміна. Каб даехаць да возера, трэба павярнуць з трасы Р-45 (Полацк-Вільня) у вёску Вялікая Страча. Праз 7 км у вёсцы Спонды збочыць на вёску Кайміна Горная, 4 км гравейкі – і вы ля возера.

17.06.2013

Апошні тэрмін – 30 чэрвеня

Польскі Інстытут у Мінску праводзіць 2-гадовыя курсы па вывучэнні польскай мовы ў Мінску, Гомелі, Магілёве. Набор слухачоў на курсы адбываецца адзін раз на год. Курсы бясплатныя, некамерцыйныя. Абавязковай умовай удзелу слухачоў у курсах з’яўляецца набыццё неабходнага падручніка за ўласны кошт.
Навучальны год на курсах доўжыцца з кастрычніка па май. Заняткі праходзяць увечары, па дзве акадэмічныя гадзіны два разы на тыдзень.
Прыняць удзел у конкурсе можа прыняць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 год. Польскае паходжанне не з’яўляецца абавязковай умовай удзелу ў конкурсе.

13.06.2013

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы дала афіцыйны адказ на прапановы Таварыства беларускай школы наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі.
У адказе зазначана, што «прапановы будуць вывучаны, дасканала прааналізаваны дэпутатамі камісіі і па магчымасці ўлічаны ў ходзе работы па падрыхтоўцы праекта Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэсцублікі Беларусь».
Нагадаем, што Таварыства беларускай школы падрыхтавала прапановы з нагоды пашыраных пасяджэнняў і парламенцкіх слуханняў, прысвечаных маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Прапановы былі абмеркаваныя і прынятыя на Нацыянальным бацькоўскім сходзе, які адбыўся ў маі 2013 г.

12.06.2013

Апошні тэрмін – 23 чэрвеня

Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праекта «Рэгіён, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў» запрашаюць да ўдзелу ў летніку-трэнінгу «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі», які пройдзе з 1 па 6 ліпеня 2013 г. на базе пад Мінскам.
Мэтай летніка з’яўляецца павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці ўдзельнікаў у сферы распрацоўкі адукацыйных праграм для моладзі, пашырэнне спектру моладзевых праграм і паляпшэнне іх якасці.
Падчас летніка-трэнінгу ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэарэтычнымі і практычнымі аспектамі дызайну адукацыйных праграм, навучацца эфектыўна прымяняць інтэрактыўныя формы і метады навучання, змогуць распрацаваць уласныя адукацыйныя праграмы для далейшай працы са сваімі мэтавымі аўдыторыямі.

12.06.2013

Апошні тэрмін – 10 ліпеня

Каманда сайта adukacyja.info запрашае прыняць удзел у альтэрнатыўным з’ездзе выпускнікоў беларускіх і замежных ВНУ. У жніўні мы сустрэнемся ў маляўнічым месцы на беларускіх азёрах, каб падзяліцца досведам, натхніць адно аднаго і зарадзіцца пазітывам!
Асаблівасцю з’езду з’яўляецца тое, што праграму складаюць самі ўдзельнікі. Кожны рыхтуе свой майстар-клас. Гэта можа быць усё, што заўгодна: воркшоп па балгарскай кухні, курс па афра-бразільскіх танцах, прэзентацыя па адукацыйнай сістэме ў Кітаі, расповед пра гісторыю шакаладнага бізнесу ў Швeйцарыі, занятак па ёзе, арганізацыя культурна- музычнай праграмы на вечар ля вогнішча і ўсё, што вы прапануеце! 
Каманда adukacyja.info арганізоўвае даезд з Мінска да месца правядзення з’езду. Арганізатары забяспечваюць пражыванне і часткова харчаванне.

 

11.06.2013

Сумоўе – 15 чэрвеня

5 заняткаў па 3 гадзіны (эквівалент 15 гадзінам моўнай практыкі): Мінск, вул. Райніса, 6 (р-н пл. Ванеева) з 17 па 21 чэрвеня 2013 г. 
Курс уключае ў сябе 5 розных узроўняў, якія адпавядаюць валоданню навыкамі размоўнай англійскай мовы. Заняткі праходзяць у групах па 10–12 асобаў у 3 змены на дзень.
На курсах працуюць выкладчыкі з краінаў Усходняй Еўропы, СНД, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Навучанне адбываецца паводле найноўшых метадах выкладання замежных моваў.
Па заканчэнні курсу студэнты, якія выканалі патрабаванні па наведванні, атрымліваюць сертыфікат аб сканчэнні курсу размоўнай англійскай мовы. Для асобаў, якія паспяхова прайшлi праграму, прапануецца бясплатны гадавы курс з носьбітамі мовы.

09.06.2013

Міністэрства адукацыі дало Таварыству беларускай школы афіцыйны адказ на прапановы Нацыянальнага бацькоўскага сходу пры ТБШ наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі.
У адказе зазначана, што прапановы «па магчымасці будуць разгледжаны па выніках маніторынгу прыктыкі прымянення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».
Нагадаем, што прапановы наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі былі абмеркаваныя і прынятыя на першым за апошнія паўтара дзесяцігоддзя Нацыянальным бацькоўскім сходзе. Бацькі навучэнцаў, якія вучацца або хочуць вучыцца па-беларуску і з гэтай прычыны маюць праблемы, дамагаюцца рэальнага, а не фармальнага забеспячэння права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях навучання – ад дзіцячага садка да ВНУ.

Старонкі